Беларускі мастак Максім намаляваў у Варшаве амерыканскага бізнесоўца Ілана Маска з паднятаю праваю рукою. Цяпер беларуса падазраюць у пашкоджанні маёмасці і прапагандзе нацызму, піша «Медиазона».
Максіма затрымалі падчас працы над стрыт-артам у Варшаве ў канцы студзеня. Ён намаляваў Ілана Маска з паднятаю праваю рукою. Такі жэст Маск зрабіў падчас інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Максім дадаў подпіс: «Make Poland great for poles again» паводле аналогіі з лозунгам Трампа.
Цяпер Максіма падазраюць у пашкоджанні маёмасці (пункт 1 арт. 288 КК Польшчы) і прапагандзе нацызму (пункт 1 арт. 256 КК Польшчы).
«Адвакатка сказала чакаць наступнага ліста, дзе апавясцяць пра суд, або тэлефанаваць пытацца, на якой стадыі справа», – апавёў мастак.
Пасля арышту Максім ноч прабыў у пастарунку. Кажа, паліцыянт прымушаў яго падпісаць дакумент з абвінавачваннем у прычыненні шкоды маёмасці на 2000 злотых і малюнку чалавека, які «робіць рымскі салют».
«Мяне спрабавалі так падвесці, што я спецыяльна прапагандую гэта, каб кагосьці абразіць. Альбо Ілана Маска, альбо польскую нацыю, альбо памяць дзядоў», – сказаў Максім.
Арсен Рудэнка belsat.eu