Аналітыка

Ультраправыя ў Бундэстагу? Чаму адны баяцца «Альтэрнатывы для Нямеччыны», а другія за яе галасуюць

Акцыя пратэсту супраць «AfD»
Акцыя пратэсту супраць «AfD». Надпіс на англійскай мове: «Надзея і супраціў». Каля Брандэнбургскай брамы ў Берліне, Нямеччына. 25 студзеня 2025 года. Фота: Stefan Müller / Flickr, CC BY-NC 2.0
podpis źródła zdjęcia

Канстытуцыя Нямеччыны забараняе дзейнасць антыдэмакратычных партыяў. Ды мноства немцаў непакоіцца, што адна такая партыя ўжо даўно дзейнічае – і можа дамагчыся ўлады. «Белсат» расказвае, што такое «Альтэрнатыва для Нямеччыны» і чаму супраць яе цяпер масавыя пратэсты.

Аляксандр Фрыдман, Настасся Лузгіна, Сяргей Бесараб. Калаж: Белсат

Чаго чакаць ад 2025 года? Спыталі экспертаў. Частка 2: пра эканоміку, міжнародную палітыку і штучны інтэлект

Аналітыка

Больш за год у Нямеччыне адбываюцца масавыя пратэсты супраць партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» («AfD»). Чарговая акцыя 2 лютага ў Берліне сабрала больш за 150 тысяч удзельнікаў. Днём раней падобныя акцыі прайшлі і ў іншых гарадах Нямеччыны. На акцыях вінавацяць хрысціянскіх дэмакратаў («CDU/CSU») і ейнага лідара, патэнцыйнага федэральнага канцлера Фрыдрыха Мэрца ў тым, што яны гатовыя на супрацу з «AfD», якую пратэстоўцы лічаць неанацысцкай.


Ужо пытанне, ці гэта пратэсты толькі супраць «AfD», ці супраць Мэрца.

Якую «альтэрнатыву» прапануюць немцам


Нацысты ў Нямеччыне пад забаронай пасля Другой сусветнай вайны. Канстытуцыя наўпрост забараняе партыі, дзейнасць ці мэты якіх скіраваныя на «падрыў або скасаванне дэмакратычнага парадку». Забароненыя таксама нацысцкая прапаганда, адмаўленне Галакосту, нацысцкая сімволіка. Да нядаўняга часу нават у відэагульнях пра Другую сусветную вайну, у якіх задачай гульца было забойства нацыстаў, нельга было паказваць свастыку.

Выбарчы бюлетэнь у Аўстрыі. Фота: BILD на русском / Telegram

Ультраправыя перамаглі на выбарах у Аўстрыі, але ствараць урад з імі ніхто не хоча

навіны

Але «AfD» – не нацысты. Толькі падазраваныя ў экстрэмізме на федэральным узроўні і прызнаныя ўльтраправымі экстрэмістамі ў Саксоніі. 


Калі пачытаць праграму партыі, дык першы пункт – за рынкавую эканоміку, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу, другі – за «разварот» міграцыйнай палітыкі ў больш жорсткі бок, трэці – за барацьбу са злачыннасцю і экстрэмізмам, чацвёрты – за мір у Еўропе і дыялог замест вайны, пяты – за свабоду слова… Заклікаў да злачынстваў супраць чалавецтва ці заяваў пра «веліч белай расы» там няма.


Прааналізаваўшы іхную праграму, звязаная з сацыял-дэмакратамі («SPD») сетка «RedaktionsNetzwerk Deutschland» прыходзіць да такой высновы: «AfD» адначасова «нармалізуецца і радыкалізуецца». То значыць, перадвыбарчая кампанія «AfD» нацэленая на заваяванне сімпатыяў выбарнікаў-цэнтрыстаў, тады як выступы на партыйнай канферэнцыі былі ў падтрымку скрайніх фракцыяў і ідэяў. 


Так, «AfD» нібы не супраць «іншых расаў», а за закрыццё межаў для мігрантаў і «рээміграцыю» (то бок, дэпартацыю). Не супраць Еўразвязу і NATO, але за незалежны ад ЗША вайсковы альянс і за права купляць расейскі газ. За зняцце санкцыяў з Расеі «AfD» выступае таму, што Расея – надзейны пастаўнік і гарант даступнага энергазабеспячэння, а зусім не таму, што «AfD» адкрыта супрацоўнічала з «Единой Россией», і не таму, што чальцы партыі таемна атрымлівалі расейскае фінансаванне. 

І на плакаце аднаго з актывістаў «AfD» не нацысцкае вітанне, а тата і мама паказваюць, што дзеці «пад дахам традыцыйнай сям’і». Іншы дэпутат «AfD», якога суд некалі дазволіў называць «фашыстам», нядаўна ўзяў на ўзбраенне нацысцкі лозунг, але ж казаў, што выпадкова. У ліку змоўшчыкаў-«рэйхсбюргераў», арыштаваных у 2022 годзе, былі былыя і дзейныя сябры «AfD», але не толькі яны, а партыя асудзіла змову. 


Сустаршыня партыі Аліс Вайдэль не «адбельвае» нацыстаў, а толькі заклікае пазбавіцца «культу віны» і пачаць «ісці далей». І не закаціла яна вочы, калі з ёй размаўлялі пра Галакост – кажа, гэта апаненты «інструменталізуюць тэму». А пра тое, што ейны дзядуля быў нацыстам і судзіў жыхароў акупаванай Варшавы, яна заяўляла, што не ведала пра такія старонкі сямейнай гісторыі.


Вакол «AfD» падазрона шмат гэткіх «спрэчных момантаў» і «выпадковых супадзенняў». Бальшыня дэпутатаў Бундэстагу згодная, што гэтая партыя – ультраправыя экстрэмісты і пагроза канстытуцыйнаму парадку. Але дэбаты пра «AfD» у Бундэстагу на момант публікацыі не прывялі да ейнай забароны. А пра тое, ці з’яўляецца «AfD» нацысцкай партыяй, ужо напісаныя цэлыя даследаванні і кнігі.


Чаму столькі немцаў галасуе за «AfD»


«AfD» была заснаваная ў 2013 годзе і спачатку пазіцыянавала сябе найперш як партыя еўраскептыкаў і праціўнікаў еўра на тле наступстваў крызісу еўразоны. На выбарах у Еўрапарламент у наступным годзе «AfD» атрымала сем месцаў у Еўрапарламенце з 7,1 % галасоў у Нямеччыне. Ды потым здарылася «арабская вясна», за ёй – міграцыйны крызіс. Нямеччына дала првтулак ўцекачам, а «AfD» «паправела» і пераключылася на антымігранцкую рыторыку. У 2017 годзе «AfD» набрала 12,6 % галасоў на парламенцкіх выбарах і атрымала 94 з 709 месцаў у Бундэстагу. У 2021-м крыху пагоршыла вынік: 10,4 % і 83 месцы.


Але вясной 2024-м на выбарах у Еўрапарламент заняла ажно другое месца. Хай толькі з 15,89 % галасоў і 15 месцамі з 96 магчымых, гэтае другое месца было гучным вынікам на тле скандалаў. Перад тым партыю ў Еўрапарламенце выключылі «AfD» з групы ўльтраправых «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» (ID) за тое, што адзін з кандыдатаў заяўляў, што «не ўсе СС-аўцы былі злачынцамі». Пакуль у Рунэце жартавалі, што партыю «выгналі з Гестапа за жорсткасць», у Нямеччыне «AfD» не губляла папулярнасць. Восенню 2024-га партыя перамагла на мясцовых выбарах у зямлі Цюрынгія з 32,8 % галасоў – упершыню з 1945 года ультраправыя сталі кіраваць на такім узроўні.

На плакаце злева – сустаршыня «AfD» Аліс Вайдэль і лідар «CDU/CSU» Фрыдных Мэрц, над імі надпіс «Не». Справа на плакаце – надпіс «AfD». Берлін, Нямеччына. 2 лютага 2025 года. Фота: Magnus Hagdorn / Flickr, CC BY-SA 2.0
На плакаце злева – сустаршыня «AfD» Аліс Вайдэль і лідар «CDU/CSU» Фрыдных Мэрц, над імі надпіс «Не». Справа на плакаце – надпіс «AfD». Берлін, Нямеччына. 2 лютага 2025 года. Фота: Magnus Hagdorn / Flickr, CC BY-SA 2.0

У апошнія два гады «AfD» у апытаннях атрымлівае ад 14 да 22 % падтрымкі, з лета 2023 года стабільна займае другое месца, абагнаўшы партыі кіроўнай кааліцыі: спачатку «Зялёных» («Bündnis 90 / Die Grünen»), пасля сацыял-дэмакратаў. Мала хто з аналітыкаў лічыць, што за «AfD» галасуюць толькі прыхільнікі неанацызму. Хутчэй, вераць папулістам і распальвальнікам страху.

Belsat

Правыя перамагаюць левых? Ці адбываюцца ў сусветнай палітыцы тэктанічныя змены

навіны

Тлумачэнні розныя – ад палітыка-культурных да гісторыка-геаграфічных, ад раздражнення міграцыйнай палітыкай да каланіяльнай мінуўшчыны ўсходу. 


Ды і ў сацыял-дэмакратаў з «Зялёнымі» свае праблемы: яны ва ўладзе, а эканоміка стагнуе, трэба нарошчваць выдаткі на абарону і сацыяльнае забеспячэнне, а пазычаць грошы не даюць праз «культ чорнага нуля» – з 2009 года ў Канстытуцыі Нямеччыны замацаваная амаль поўная забарона на дэфіцыт бюджэту і павелічэнне запазычанасці. Калі праз эканамічныя спрэчкі ад кааліцыі адкалолася правацэнтрысцкая Свабодная дэмакратычная партыя, канцлеру Оляфу Шольцу абвясцілі вотум недаверу. Як вынік – датэрміновыя парламенцкія выбары 23 лютага 2025 года.


Маск наўрад ці прарве «санітарны кардон»


Немцы асабліва занепакоіліся, калі 25 студзеня на мітынгу «AfD» выступіў набліжаны да прэзідэнта ЗША Доналда Трампа амерыканскі мільярдэр Ілан Маск. Той і раней адкрыта падтрымліваў «AfD». Ды на гэтым разам Маск казаў немцам пра «надта моцны фокус на віне за мінулае» праз пяць дзён пасля таго, як зрабіў жэст, які цяжка (хоць і магчыма) інтэрпрэтаваць інакш як нацысцкае вітанне. Такая камбінацыя вывела на пратэсты мноства немцаў.

Да нядаўняга часу супраць «AfD» стаяў моцны «санітарны кардон»: іншыя адмаўляліся ісці на супрацу з настолькі скандальнай партыяй. Але «кардон» раптам пахіснуўся. Хрысціянскія дэмакраты і «AfD» прагаласавалі разам за рэзалюцыю аб больш жорсткай міграцыйнай палітыцы. Рэзалюцыя не мае абавязковай сілы, а законапраект, які меў бы абавязковую сілу, не набраў дастаткова галасоў: 12 дэпутатаў «CDU/CSU» вырашылі не галасаваць. Хрысціянскія дэмакраты запэўнівалі, што не ішлі на пагадненне з «AfD» – гэта «AfD» вырашыла іх падтрымаць. 


Ды год таму было скандалам нават тое, што хрысціянскія дэмакраты таемна сустракаліся з ультраправымі і абмяркоўвалі планы дэпартацыі. А падазрэнні ў супрацы ў Бундэстагу тым больш абурылі многіх немцаў, у тым ліку былую канцлерку, хрысціянскую дэмкратку Ангелу Мэркель

«Мама сказала, „не“, Фрыдрых!» – плакат на акцыі пратэсту ў Берліне, Нямеччына. 2 лютага 2025 года. Фота: Stefan Müller / Flickr, CC BY-NC 2.0
«Мама сказала, „не“, Фрыдрых!» – плакат на акцыі пратэсту ў Берліне, Нямеччына. 2 лютага 2025 года. Фота: Stefan Müller / Flickr, CC BY-NC 2.0

Імаверна, Мэрц спрабаваў перахапіць павестку ўльтраправых, каб перацягнуць на свой бок іхных выбарнікаў, але нашкодзіў сабе. «Левыя» ўжо заявілі, што ён не можа быць канцлерам, ды і Шольц сказаў, што больш не давярае Мэрцу. 

Два лідары «Вялікай сямёркі», якія цягам 2025 года страцяць пасады: канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо. Таронта, Канада. 23 жніўня 2022 года. Фота: Denzel / Bundesregierung

Трамп стаў прэзідэнтам. Каго выберуць у свеце ў 2025 годзе

Гісторыі

Апытанні паказваюць, што хрысціянскія дэмакраты зоймуць на выбарах першае месца і будуць мець выбар партнёраў па кааліцыі: урад можна сфармаваць і з сацыял-дэмакратамі, і з «Зялёнымі». З «Зялёнымі» пакуль складвалі кааліцыі толькі ў парламентах асобных земляў, а кааліцыя «CDU/CSU» і «SPD» ужо не раз кіравала на федэральным узроўні. 


Не выключаная парадаксальная сітуацыя: калі Мэрц у бліжэйшыя тыдні дапусціць крытычныя памылкі, ён можа і не здабыць пасаду канцлера, нават калі ягоная партыя набярэ найбольш галасоў. Ягоны асабісты рэйтынг ужо не надта высокі (моладзі больш падабаецца дзейны віцэ-канцлер, сустаршыня «Зялёных» Робэрт Хабэк). Але трапленне «AfD» у кіроўную кааліцыю практычна немагчымае. Прынамсі, па выніках гэтых выбараў. І калі сацыёлагі не памыляюцца.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10