У Нямеччыне, імаверна, хутка зменіцца ўлада, да кіравання могуць вярнуцца хрысціянскія дэмакраты. Хто і калі ўзначаліць Нямеччыну, і што імаверныя пераможцы думаюць пра Беларусь і Украіну?
Хто цяпер ва ўладзе?
Нямеччына – дэмакратычная дзяржава, якой не кіруе адзін дыктатар. У такіх дзяржавах звычайная з’ява – кампрамісныя кааліцыі (як цяпер у Польшчы або патэнцыйна ў Літве) і канфлікты між палітычнымі сіламі. Але цяперашняя нямецкая сітуацыя крыху незвычайная: урад як бы ёсць, але кіроўная кааліцыя распалася; кіраўнік дзяржавы (Федэральны канцлер – амаль тое самае, што прэм’ер-міністр у парламенцкіх дзяржавах) захоўвае ўладу, але амаль гарантавана прайграе выбары ў 2025 годзе.
Дзейны ўрад Нямеччыны склаўся па выніках выбараў у Бундэстаг (федэральны парламент) 2021 года. Левацэнтрысцкая Сацыял-дэмакратычная партыя (SPD) атрымала першае месца з 25,7 % галасоў, абагнаўшы на 1,6 адсоткавага пункта кіроўнае на той момант правацэнтрысцкае аб’яднанне Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Нямеччыны і Хрысціянска-сацыяльнага звязу Баварыі (CDU/CSU). Левацэнтрысты і правацэнтрысты не дамовіліся аб новай «вялікай кааліцыі» (якая склалася па выніках выбараў-2017), таму першыя ўзялі ў кааліцыю партыі, якія занялі трэцяе і чацвёртае месца: левацэнтрысцкіх «Зялёных» і правацэнтрысцкую Свабодную дэмакратычную партыю (FDP). Гэтую кааліцыю назвалі «святлафорнай» праз колеры партыяў (чырвоны ў SPD, жоўты ў FDP, зялёны ў «Зялёных»). Вярхоўную пасаду Федэральнага канцлера заняў міністр фінансаў мінулага ўраду, сябра SPD Оляф Шольц.

Партыі кааліцыі мелі рознае бачанне будучыні Нямеччыны – і кааліцыя развалілася. SPD і «Зялёныя» хацелі большых выдаткаў ураду на сацыяльныя і кліматычныя праграмы, тады як FDP выступала за меншыя выдаткі ўраду і змяншэнне падаткаў. Пунктам невяртання стала звальненне Шольцам міністра фінансаў, старшыні FDP Крысціяна Лінднэра. Шольц казаў, што той «занадта часта падрываў давер», калі блакаваў законапраекты. У нямецкай Канстытуцыі запісана, што федэральны ўрад амаль не можа пазычаць грошы (у нямецкай палітыцы ўтварыўся ледзь не культ «чорнага нуля»), і Лінднэр вінаваціў Шольца ў спробах прыпыніць гэтае правіла. Палітыкі не дамовіліся, што рабіць з бюджэтам на наступны год, у якім пакуль «дзіра» на мільёны еўра.
Хоць кажуць, што «ўрад разваліўся», краіна не засталася без кіраўніцтва – толькі з урадам меншасці, якому без FDP давядзецца спадзявацца на падтрымку часткі апазіцыі. Шольц 7 лістапада прызначыў новым міністрам фінансаў свайго паплечніка, статс-сакратара Федэральнай канцылярыі і сябра SPD Ёрга Кукеса. Апазіцыйная CDU/CSU ўжо нават падтрымала першыя (непрынцыповыя) ініцыятывы ўраду меншасці. Але надзеі на тое, што ўрад меншасці зможа эфектыўна прасоўваць прынцыповыя праекты, амаль няма.
Шольц хоча зладзіць у парламенце галасаванне аб даверы свайму ўраду 15 студзеня, але не супраць і галасавання да Калядаў (магчыма, 16 снежня). Калі парламенту не спадабаецца ўрад меншасці (што вельмі імаверна), Нямеччыну чакаюць датэрміновыя выбары. Меркаванай датай гэтых выбараў называюць 23 лютага 2025 года. Ды нават планавыя выбары былі б хутка: 28 верасня 2025-га. І на гэтых выбарах кіроўную кааліцыю можа чакаць разгром.
Хто можа сфармаваць наступны ўрад?
На момант публікацыі Шольц яшчэ збіраецца прэтэндаваць на пост канцлера па выніках наступных выбараў. Але ягоная SPD абмяркоўвае, ці не выставіць кандыдатам у канцлеры міністра абароны Борыса Пісторыюса. Газета «Bild» апісвае сітуацыю як «пажар у доме SPD» і «путч супраць Шольца». Партыі ёсць пра што хвалявацца: урад Шольца стаў самым непапулярным у гісторыі паваеннай Нямеччыны, а нямецкая эканоміка – у стагнацыі.

Шольц пакуль не дапамагае сваёй сітуацыі: нядаўняе тэлефанаванне Уладзіміру Пуціну крытыкавалі і апазіцыянеры, і партнёры па кааліцыі, не кажучы ўжо пра замежных партнёраў Нямеччыны. Як піша беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, Шольц «стане Байдэнам»: будзе, як дзейны прэзідэнт Злучаных Штатаў, кіраваць дзяржавай у чаканні непазбежнай змены ўлады.

Найбольш імаверны кандыдат у канцлеры ад хрысціянскіх дэмакратаў – 69-гадовы старшыня CDU, мільянер Фрыдрых Мэрц (яму ўжо пажадала ўдачы мінулая канцлерка, супартыйка Ангела Мэркель, хоць яе і называюць ягоным «заклятым ворагам»). Але немцам больш падабаецца Пісторыюс: калі б выбіралі толькі між асобамі, а не партыямі, 39 % прагаласавалі б за Пісторыюса, 25 % – за Мэрца.

Чыста матэматычна CDU/CSU магла б сфармаваць урад з партыяй, якая на другім месцы ў апытаннях з 19 % галасоў: скрайне правай папулісцкай «Альтэрнатывай для Нямеччыны» (AfD). Але асноўныя нямецкія партыі выставілі перад AfD тое, што называюць «санітарным кардонам»: прынцыпова не супрацоўнічаюць. Пакуль толькі сама AfD лічыць, што яе могуць узяць у кааліцыю. 113 дэпутатаў Бундэстагу з роўных фракцыяў на мінулым тыдні нават падпісалі заяву ў падтрымку забароны AfD – калі ініцыятыву падтрымаюць, Федэральны канстытуцыйны суд мае пачаць разбіральніцтва, ды забарона яшчэ зусім не гарантаваная. Дзве траціны апытаных нядаўна немцаў назвалі AfD пагрозай дэмакратыі і вяршэнству права, але на пытанне, ці варта забараняць AfD, галасы падзяліліся амаль 50/50. Ды многіх немцаў непакоіць, што калапс кіроўнай кааліцыі дапаможа AfD.
Сістэма парламенцкіх выбараў у Нямеччыне мае асаблівасці, якія робяць вынікі выбараў не зусім прадказальнымі. Выбарнікі маюць два галасы: першы голас – за кандыдата ў сваёй аднамандатнай акрузе (адной з 299), другі голас – за партыйны спіс. Паводле другіх галасоў прапарцыйна размяркоўваюць 598 мандатаў. Прахадны бар’ер для партыі – 5 % у другім галасаванні або перамога прынамсі ў трох акругах у першым галасаванні. Пакуль з апытанняў незразумела, ці змогуць пераадолець гэты бар’ер FDP і «Левыя». Амаль дакладна, што яго пераадолеюць «Зялёныя», а таксама «Альянс Сары Вагенкнэхт» (BSW). Апошняя – заснаваная менш за год таму лева-папулісцкая і еўрасекптычная партыя, шанцы якой трапіць у кіроўную кааліцыю пакуль выглядаюць нізкімі.
Што з таго Беларусі і Украіне?
Шольца называюць «маўклівым канцлерам». Ён зрэдку можа і пакрычаць, як то ў падтрымку Украіны. Але ён рэдка робіць гучныя заявы і часам выглядае нерашучым, у тым ліку ў падтрымцы Украіны – як то ў адмове пастаўляць Украіне нямецкія ракеты «Taurus». Пісторыюс выглядае крыху больш рашучым, але і ён не хоча пастаўляць «Taurus» Украіне. З другога боку, Нямеччына за Шольцам падтрымлівала Украіну і ўзбраеннямі, і фінансамі – хіба не ў такіх аб’ёмах, як хацелася б Украіне, і не так хутка.
Хрысціянскі дэмакрат Мэрц, які пакуль выглядае наймацнейшым кандыдатам на наступнага канцлера, казаў, што гатовы пастаўляць тыя ж «Taurus» Украіне, але пры некалькіх умовах. Спачатку трэба паставіць перад Расеяй 24-гадзінны ўльтыматум аб спыненні агрэсіі; калі абстрэлы Украіны не спыняцца, то ўняць абмежаванне па далёкасці выкарыстання пастаўленай зброі; а калі і гэта не дапаможа, абмеркаваць на еўрапейскім уkerfзроўні пастаўкі «Taurus» Украіне. Мэрц таксама крытыкуе ўкраінскую палітыку Шольца, хоча павелічэння выдаткаў на ўзбраенні і выступае за большую незалежнасць Еўропы ад ЗША ў пытаннях бяспекі. У Кіеве адносна Мэрца і CDU/CSU – стрыманы аптымізм.
Мэрца тры гады таму крытыкавалі за мінулыя сувязі з Беларуссю: ён быў у радзе дырэктараў «Stadler Group» і ў 2014 годзе нават сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, калі кампанія адкрывала даччынае прадпрыемства ў Беларусі. Ён жа запэўніваў, што стаіць на баку беларускай апазіцыі. Больш за тое, у тым жа 2021 годзе Мэрц сам крытыкаваў кіроўную кааліцыю за нерашучую рэакцыю на створаны Лукашэнкам міграцыйны крызіс.

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас нядаўняга візіту ў Берлін сустрэлася ў тым ліку з Фрыдрыхам Мэрцам. Казала яму пра ролю Беларусі ў вайне ва Украіне, падтрымку еўрапейскай перспектывы для Беларусі і дапамогу грамадзянскай супольнасці, заклікала адрозніваць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі. Мэрц запэўніваў, што падтрымлівае змаганне за вольную і дэмакратычную Беларусь, выступае на ўзмацненне ціску на Лукашэнку.
Выглядае на тое, што найбольш імаверныя пераможцы нямецкіх выбараў як мінімум не зменшаць падтрымкі Украіны і Беларусі, а галоўныя праціўнікі гэтай падтрымкі наўрад ці трапяць ва ўрад. Ды перыяд няпэўнасці ў нямецкай палітыцы супадае з перыядам пераходу ўлады ў ЗША да выбранага прэзідэнта Доналда Трампа – а менавіта ад яго чакаюць найважнейшых рашэнняў вакол вайны ва Украіне, ад якіх могуць залежыць і далейшыя дзеянні Еўропы.
Алесь Наваборскі belsat.eu