навіны

У Нямеччыне абвясцілі вотум недаверу канцлеру Шольцу. Чаго чакаць Украіне ад Мэрца – найбольш імавернага наступнага канцлера?

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Нямеччыны Фрыдрых Мэрц на сустрэчы ў Бундэстагу
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Нямеччыны Фрыдрых Мэрц на сустрэчы ў Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 9 снежня 2024 года. Фота: Tobias Koch / Cdu.de
podpis źródła zdjęcia

Імаверна, у канцы лютага ў Нямеччыне пройдуць пазачарговыя парламенцкія выбары, па выніках якіх краіну можа ўзначаліць хрысціянскі дэмакрат Фрыдрых Мэрц. Чаго чакаць ад яго адносна вайны ва Украіне? Тлумачыць Аляксандр Фрыдман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бундэстаг – нямецкі парламент. Берлін, Нямеччына. 16 красавіка 2010 года. Фота: Herman / Flickr, CC BY-SA 2.0

У Нямеччыне развалілася кіроўная кааліцыя, хутка выбары. Хто пераможа – і што з таго Беларусі і Украіне?

Аналітыка

Як і прадказвалі пасля распаду кіроўнай «святлафорнай» кааліцыі, нямецкі парламент (Бундэстаг) абвясціў вотум недаверу кіраўніку дзяржавы – федэральнаму канцлеру Оляфу Шольцу. Cупраць Шольца прагаласавалі 394 дэпутаты, падтрымалі канцлера 207, устрымаліся 116.


Цягам 21 дня федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер мае вырашыць, ці пагаджацца на прапанову Шольца распусціць парламент. Калі вырашыць распускаць, то мае абвясціць новыя выбары цягам 60 дзён. Бальшыня ў Бундэстагу падтрымлівае новыя выбары, а Штайнмаер ужо казаў, што згодны на правядзенне выбараў 23 лютага.


Апытанні прадказваюць перамогу на выбарах аб’яднанню Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Нямеччыны і Хрысціянска-сацыяльнага звязу Баварыі (CDU/CSU). Наўрад ці партыя атрымае абсалютную бальшыню, а якой складзецца новая кааліцыя, прадказаць цяжка. Але найбольш імаверным наступным канцлерам называюць 69-гадовага старшыню CDU, мільянера Фрыдрыха Мэрца.


Як будзе выглядаць палітыка Мэрца адносна вайны ва Украіне?


Ці не найбольш значнае пытанне еўрапейскай палітыкі ў бліжэйшы час – вайна ва Украіне і патэнцыйныя мірныя перамовы. Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату» кажа, што Мэрц можа падтрымліваць Украіну больш рашуча за папярэдніка ў фінансах і зброі: аб’ёмы падтрымкі не зменшацца, а хутчэй, павялічацца. Мэрц можа дзейнічаць з меншай за Шольца аглядкай на Маскву. 


Хрысціянска-дэмакратычны звяз Нямеччыны, які ўзначальвае Мэрц, традыцыйна арыентуецца найбольш на Злучаныя Штаты і з’яўляецца прыхільнікам цеснай супрацы з Амерыкай, адзначае Фрыдман. Мэрц абяцае выбудаваць стасункі з выбраным прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. Да Расеі жа CDU традыцыйна ставіцца больш негатыўна і асцярожна, чым сацыял-дэмакраты, да якіх адносіцца Шольц. Таму, паводле Фрыдмана, Мэрц – не той чалавек, якога Расея хацела б бачыць за стырном Нямеччыны.


Сярод іншага Мэрц дапускаў пастаўкі Украіне ракетаў «Taurus», а 9 студзеня сустракаўся ў Бундэстагу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і казаў, што ягоная фракцыя хоча даць Збройным сілам Украіны магчымасць біць па вайсковых базах у Расеі, не прымушаць «ваяваць з адной рукой за спінай». Зяленскі на той сустрэчы падтрымаў ідэю Мэрца стварыць кантактную групу з удзелам Нямеччыны, Францыі, Злучанага Каралеўства і Польшчы з мэтай аднаўлення справядлівага і трывалага міру ва Украіне – і прэзідэнт Украіны прапанаваў дадаць у групу Данію.


Іншая справа – украінскія ўцекачы ў Нямеччыне, кажа Фрыдман. Тут Мэрц ёсць прыхільнікам больш жорсткага курсу. Пытанні доўгатэрміновага знаходжання ўкраінцаў у Нямеччыне і сацыяльнай дапамогі ім могуць вырашыцца не ў лепшы бок. 


Мэрц «далёка не першы дзень у палітыцы» і зусім не малады палітык, адзначае Фрыдман. У пачатку стагоддзя ён меў важную ролю ў CDU, але калі прыйшла «эпоха Ангелы Мэркель», Мэрц адышоў ад партыйнай працы і пайшоў у бізнес: стасункі з Мэркель не склаліся. Мэрц вярнуўся ў палітыку толькі тады, калі Мэркель сышла з палітыкі, і хай не з першай спробы, але ўзрачаліў CDU. Гэта цікавая асаблівасць Мэрца: ён ніколі не займаў кіроўных пасадаў у дзяржаўным кіраванні, не быў міністрам ці дыпламатам, хоць мае вялікі палітычны досвед. 


Што да колішняга непаразумення з Мэркель, яна ўжо пажадала Мэрцу ўдачы ў кандыдатуры на пасаду канцлера.


Ігар Сінякевіч, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10