2024 год быў надзвычай насычаны выбарамі. На 2025 год запланавана менш выбараў, ды некаторыя будуць даволі значнымі. Вынікі некаторых даволі прадказальныя, нават калі на іх сапраўды лічаць галасы.
Першыя выбары ў 2025 годзе ўжо прайшлі. 12 студзеня на Каморах правялі першы тур парламенцкіх выбараў (другі тур – 16 лютага, але краіна аўтарытарная, а выбары байкатуе частка апазіцыі). У той жа дзень прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Харватыі, упэўненую перамогу атрымаў дзейны прэзідэнт Зоран Міланавіч. Апошнія на гэты момант выбары былі ў парламент Вануату 16 студзеня (вынікаў давядзецца пачакаць: бюлетэні звозяць у адно месца з розных астравоў, а краіна нядаўна перажыла моцны землятрус).
Толькі змяніўся прэзідэнт Злучаных Штатаў: хоць Доналда Трампа выбралі наступным прэзідэнтам яшчэ 5 лістапада 2024 года, інаўгурацыя прайшла 20 студзеня 2025-га.
У Беларусі на 26 студзеня запланаваныя прэзідэнцкія выбары. Еўрапейскі парламент ужо падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Кангрэс Злучаных Штатаў і шэраг краінаў заклікалі не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі, і некаторыя краіны ўжо паабяцалі, што не прызнаюць. Эксперты хіба гадаюць, колькі галасоў «намалююць» Аляксандру Лукашэнку: 80 % ці аж 90 %. Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна.
Якія выбары сёлета могуць быць цікавымі
Сюрпрызы могуць быць на любых выбарах: хоць у парламент мікраскапічнага Ліхтэнштэйну, хоць у Палату прадстаўнікоў аўтарытарнага Таджыкістану (выбары ў якую, як і ў беларускую цёзку, ні разу не былі прызнаныя заходнімі назіральнікамі адпаведнымі міжнародным стандартам). Вынікі апытанняў і вынікі выбараў нярэдка не супадаюць. А можа нават, у другой палове 2025 года раптам пройдуць пазачарговыя парламенцкія выбары ў Францыі. Або раптам – у Іспаніі.
Але не станем пералічваць усе запланаваныя і магчымыя выбары ў свеце і спынімся на тых, якія найбольш імаверна будуць цікавымі.
9 лютага пройдуць парламенцкія і мясцовыя выбары ў Косаве. Паводле апытанняў, каля паловы галасоў зноў дастанецца сацыял-дэмакратычнай партыі «Самавызначэнне!», прэм’ер Альбін Курці мае захаваць уладу. Але некаторыя назіральнікі прагназуюць «брудную» кампанію, а пад выбары не выключанае абвастрэнне спрэчак між Косава і Сербіяй.
9 лютага таксама пройдуць парламенцкія выбары ў Эквадоры і першы тур прэзідэнцкіх выбараў (другі тур прэзідэнцкіх, калі спатрэбіцца, плануюць на 13 красавіка). З апытанняў не відавочна, ці захавае ўладу прэзідэнт Даньель Набоа, які летась абвясціў вайну наркакартэлям і вёў яе з парушэннямі правоў сваіх грамадзянаў.
15 лютага запланаваныя датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ў Абхазіі – самаабвешчанай прарасейскай «рэспубліцы» на тэрыторыі Грузіі. Выбары могуць быць напружанымі: мінулы кіраўнік Абхазіі пайшоў у адстаўку пасля пратэстаў супраць пагаднення з Расеяй (але не супраць Расеі, як падкрэслівалі ўдзельнікі). Хто пераможа, незразумела, але кажуць, што Масква нібы падтрымлівае галоўнага праціўніка дзейнага выканаўцы абавязкаў «прэзідэнта».

23 лютага – федэральныя выбары ў Нямеччыне. У канцы 2024 года там распалася кіроўная кааліцыя, канцлеру Оляфу Шольцу выказалі вотум недаверу. У апытаннях цяпер лідуюць апазіцыйныя хрысціянскія дэмакраты, найбольш імаверны наступны канцлер – старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Фрыдрых Мэрц. Праўда, ягоная партыя наўрад ці набярэ абсалютную бальшыню. Хутчэй за ўсё, давядзецца будаваць з кімсьці кааліцыю. Другое месца, паводле апытанняў, можа заняць ультраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны», але асноўныя нямецкія партыі выставілі перад ёй тое, што называюць «санітарным кардонам»: прынцыпова не супрацоўнічаюць.
Да 6 красавіка ў Грэнландыі – аўтаномнай тэрыторыі Даніі – маюць прайсці выбары ў мясцовы парламент, якія могуць спалучыць з рэферэндумам аб незалежнасці. На тле выказванняў Трампа пра жаданне далучыць да ЗША найбуйнейшы востраў планеты вынікі галасавання ў Грэнландыі непрадказальныя.
4 траўня мае адбыцца паўторны першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі. Вынікі папярэдняй спробы ануляваў Канстытуцыйны суд: лідарам стаў ультраправы кандыдат Кэлін Джарджэску, якога, паводле Рады нацыянальнай бяспекі, прывялі да перамогі «агрэсіўныя гібрыдныя дзеянні Расеі». Калі спатрэбіцца другі тур, яго плануюць на 18 траўня. Праўда, вынікі паўторнага першага туру могуць аказацца такімі самымі, што ў першы раз.
11 траўня Албанія мае выбраць парламент. Цяпер бальшыню мае Сацыялістычная партыя. Калі верыць апытанням, яна можа перамагчы на будучых выбарах з нават лепшым вынікам. Лідар партыі і прэм’ер-міністр Эдзі Рама ў апытаннях паступова губляе ўхваленне і набірае антырэйтынг, але моцных канкурэнтаў яму на момант публікацыі не відаць.
12 траўня на Філіпінах запланаваныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Сенат. У цэнтры філіпінскай палітыкі – разлад між кланамі прэзідэнта Фэрдынанда Маркаса-малодшага (сына і цёзкі колішняга дыктатара) і былога прэзідэнта Радрыга Дутэртэ (супраць якога вядзе расследаванне Міжнародны крымінальны суд). Філіпінцы ж настолькі расчараваныя ў палітыках, што могуць аддаць амаль палову месцаў у сенаце тэлезоркам. Але Філіпіны – найперш прэзідэнцкая рэспубліка, а наступныя прэзідэнцкія выбары там запланаваныя аж на 2028 год.
Да 17 траўня Аўстралія мае правесці выбары ў Палату прадстаўнікоў і Сенат. Пакуль з апытанняў выглядае, што Лейбарысцкая партыя мае страціць бальшыню. Ды яшчэ не факт, што краіну ўзначаліць «аўстралійскі Трамп», лідар апазіцыйнай Ліберальнай партыі Пітэр Датан: ён мае горшыя рэйтынгі за дзейнага прэм’ера Энтані Элбаніза, рэгулярна робіць спрэчныя і скандальныя заявы.

18 траўня ў Польшчы запланаваны першы тур прэзідэнцкіх выбараў, які наўрад ці выявіць пераможцу. Другі тур можа прайсці 1 чэрвеня. Прэзідэнт дакладна зменіцца: Анджэй Дуда не можа балатавацца на трэці тэрмін. З апытанняў выглядае, што найбольшыя шанцы на перамогу мае мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі – супартыец дзейнага прэм’ера. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Тшаскоўскі саступіў Дуду 2 адсоткавыя пункты, цяпер лідуе ў апытаннях і ў гіпатэтычным другім туры заўважна абганяе бліжэйшага канкурэнта.
Да 11 ліпеня Малдова мае правесці парламенцкія выбары. Апытанні паказваюць перамогу дзейнай улады, правацэнтрысцкай партыі «Дзеянне і салідарнасць» прэзідэнткі Маі Санду. Ды падобна, яна можа страціць абсалютную бальшыню: магчыма, давядзецца фармаваць кааліцыю, а калі не атрымаецца, прарасейскія сілы могуць запатрабаваць перавыбары. А прарасейскіх сілаў у Малдове нямала: летась на рэферэндуме аб курсе на далучэнне да Еўразвязу «супраць» прагаласавалі 49,65 %, «за» – толькі на 0,7 адсоткавага пункта больш.
Да 27 ліпеня Японія мае правесці выбары паловы верхняй палаты парламенту. Хоць гэта гучыць не надта значна, гэтыя выбары могуць пахіснуць дамінаванне Ліберальна-дэмакратычнай партыі і прынесці нявызначанасць у японскую палітыку.
17 жніўня Балівія плануе правесці прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Выглядае, што Люіс Арсэ можа не атрымаць другі прэзідэнцкі тэрмін: за ім эканамічная сітуацыя пагоршылася, яго падазраюць у пастановачнай спробе дзяржаўнага перавароту ў мінулым годзе, і сярод тых, хто высоўвае такія абвінавачванні, ягоны супартыец і папярэднік, зрынуты прэзідэнт Эва Маралес (якому забаранілі балатавацца на трэці тэрмін). Цалкам магчымая перамога апазіцыі, ды пакуль далёка не ўсе партыі абвясцілі сваіх кандыдатаў.

8 верасня пройдуць парламенцкія выбары ў Нарвегіі. У апытаннях нядаўна вырвалася на першае месца права-папулісцкая «Партыя прагрэсу»: на мінулых выбарах яна атрымала 11,6 % галасоў, цяпер за яе выказваецца 25 % апытаных. З улікам непапулярнасці дзейнага левацэнтрысцкага ўраду, не выключана, што «Партыя прагрэсу» зноў трапіць ва ўрад з Кансерватыўнай партыяй, толькі на чале кааліцыі. Лідарка «Партыі прагрэсу» Сюльві Лістгёўг можа стаць прэм’еркай – і лідарка кансерватараў не супраць.
26–27 верасня – найбольш імаверныя даты парламенцкіх выбараў у Чэхіі. Апытанні паказваюць, што дзейная кааліцыя на чале з лідарам Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, прэм’ерам Пэтрам Фіялам, наўрад ці ўтрымае ўладу. На першым месцы, але не з абсалютнай бальшынёй, права-папулісцкая партыя «ANO 2011» экс-прэм’ера Андрэя Бабіша. Апошні два гады таму выйшаў у другі тур прэзідэнцкіх выбараў, ды прайграў, а цяпер можа вярнуцца на пасаду прэм’ера, якая ў чэшскай сістэме мае большае значэнне за пасаду прэзідэнта.
Некалі ў верасні Самалі збіраецца правесці першыя наўпроставыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. «Рэпетыцыяй» маюць стаць наўпроставыя мясцовыя выбары ў чэрвені. Але сітуацыя ў Самалі абсалютна непрадказальная: дзяржава займае першае месца ў «Рэйтынгу крохкасці». Само правядзенне хаця б адносна свабодных выбараў ужо будзе вялікім дасягненнем.

20 кастрычніка, а мо і не раней, Канада правядзе парламенцкія выбары. Дзейны прэм’ер Жустэн Трудо ўжо абвясціў, што пойдзе ў адстаўку. У апытаннях апазіцыйная Кансерватыўная партыя ўжо паўтара года мае значны адрыў. Бальшыня канадцаў хацела б датэрміновыя выбары. Калі не зробіцца нейкага цуду, наступным прэм’ерам Канады мае стаць «канадскі Трамп» – лідар кансерватараў П’ер Пуальеўр.
26 кастрычніка запланаваныя выбары прамежкавыя парламенцкія выбары ў Аргентыне: выбіраць маюць палову ніжняй палаты і траціну верхняй. Гэта будуць першыя парламенцкія выбары за прэзідэнтам Хавіерам Мілеем. Гэты радыкальны рэфарматар наракаў на цяжкасці з прасоўваннем сваіх ідэяў праз супраціў парламенту. Апытанні паказваюць, што ягоная партыя «Свабода наступае» можа ўзмацніць свае пазіцыі, але вельмі сумнеўна, што яна атрымае абсалютную бальшыню.
16 лістапада маюць прайсці парламенцкія выбары і першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Чылі – другі тур можа быць прызначаны на 14 снежня. Пакуль выглядае, што найбольш шанцаў заняць прэзідэнцкае крэсла мае лідарка апазіцыйнага правага Незалежнага дэмакратычнага звязу Эвэлін Матэй.
Бліжэй да канца 2025 года або ў пачатку 2026-га Бангладэш мае выбраць парламент. Апытанні цяпер прадказваюць разгромную паразу «Народнай лігі» і перамогу Партыі нацыяналістаў на тле леташніх крывавых пратэстаў, якія прывялі да эміграцыі лідаркі «Народнай лігі» Шэйх Гасіна ў Індыю. Гэта, канешне, калі не пачнецца якая-небудзь вайна.
У канцы 2025 года ў Венесуэле маюць правесці парламенцкія выбары. Выглядае, што выбары будуць такімі ж несвабоднымі, як мінулыя прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле ці мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі. Дыктатар Нікаляс Мадура абяцае ўзнагароду ў 100 тысяч долараў за інфармацыю пра Эдмунда Гансалеса – ягонага канкурэнта на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, якога доўгі шэраг краінаў прызнае пераможцам. А ЗША тым часам паднялі ўзнагароду за Мадура з 15 да 25 млн долараў.
Некалі ў 2025 годзе Кыргызстан мае правесці парламенцкія выбары, але пакуль невядомая не толькі дата, але і выбарчая сістэма, якой збіраюцца скарыстацца.
Акрамя таго, у верасні 2025 года маюць адбыцца выбары чальцоў Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў: на пазіцыю ад Еўропы прэтэндуюць Латвія і Чарнагорыя. І пачнецца падрыхтоўка да выбараў Генеральнага сакратара ААН, якія маюць прайсці ў 2026-м.
Алесь Наваборскі belsat.eu