Цяпер у свеце надзвычай высокая колькасць узброеных канфліктаў: трываюць не толькі вайна ва Украіне і араба-ізраільскі канфлікт, але і крывавыя грамадзянскія войны ў М’янме і Судане, і барацьба з тэрарыстамі ў паўночна-заходняй Афрыцы… Дзе яшчэ сёлета могуць распачацца войны?
Інстытут даследавання міру з Осла аналізаваў колькасць узброеных канфліктаў пасля Другой сусветнай вайны і прыйшоў да высновы: на 2023 год колькасць канфліктаў была рэкорднай, а колькасць ахвяраў войнаў – найвышэйшая з часоў сканчэння Халоднай вайны. А амерыканская няўрадавая арганізацыя збору звестак пра войны ACLED падлічыла, што ў 2024 годзе гвалту стала толькі больш. Паводле гэтых падлікаў, 1 з 7 людзей на Зямлі сутыкаўся з узброеным канфліктам.
Што далей? Дакладна гэтага не ведае ніхто, але даследчыкі даюць розныя прагнозы аб найбольш імаверных войнах і канфліктах.
Зручную разбіўку паводле імавернасці і патэнцыйнага глабальнага (прынамсі, з гледзішча Злучаных Штатаў) уплыву войнаў у 2025 годзе зрабіла амерыканская недзяржаўная Рада па міжнародных стасунках (Council on Foreign Relations). Яны разбілі канфлікты на тры ўзроўні. Першы ўзровень – калі ў падзеяў высокая імавернасць або высокі глабальны ўплыў.
Высокая імавернасць вайны, высокі глабальны ўплыў
Украіна–Расея. Гэтая вайна распачалася яшчэ ў 2014 годзе, поўнамаштабнае ўварванне Расеі пачалося амаль тры гады таму. У 2025 годзе магчымыя мірныя перамовы, але даследчыкі засцерагаюць: «Значныя ваенныя дасягненні Расеі ва Украіне, у тым ліку шырокае разбурэнне крытычна важнай інфраструктуры і памяншэнне замежнай дапамогі Кіеву, могуць прывесці да спынення агню, выгаднага Маскве». А міру ў выніку гэтага не чакаюць.
Ізраіль–Палестына. Працяг вайны Ізраілю з тэрарыстамі «ХАМАС», мае паглыбіць гуманітарны крызіс у Сектары Газа, а канфлікт Ізраілю з палестынцамі на Заходнім беразе ракі ракі Іярдан можа толькі разрасціся праз сітуацыю ў Газе, пабудову ізраільскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях і праз парушэнні правоў палестынцаў.
Ізраіль–Іран. Імаверная эскалацыя канфлікту між імі, у тым ліку атакі на энергетычныя і ядравыя аб’екты, што можа прывесці да шырэйшай дэстабілізацыі Блізкага Усходу і большага ўцягнення Злучаных Штатаў у гэты канфлікт. Раней Іран вёў барацьбу супраць Ізраілю праз проксі-сілы, ды ў 2024-м краіны абменьваліся наўпроставымі ракетнымі ўдарамі, ды й проксі Ірану значна пацярпелі ў 2024 годзе.
ЗША–Мексіка. Размяшчэнне амерыканскіх сілавікоў на паўднёвай мяжы ЗША можа выклікаць гуманітарны крызіс сярод мігрантаў і павялічыць напружанасць з Мексікай. Пра вайну непасрэдна між ЗША і Мексікай не вядзецца, але ў самой Мексіцы барацьба з наркакартэлямі ўсё больш нагадвае вайну – а выбраны прэзідэнт ЗША, падобна, не выключае магчымасці барацьбы з гэтымі картэлямі на тэрыторыі Мексікі са згоды ці без згоды мексіканскіх уладаў.
Высокая імавернасць, сярэдні глабальны ўплыў
Гаіці. Імаверна, міжнародныя намаганні стрымаць гвалт бандытаў не будуць паспяховымі, што паглыбіць гуманітарны крызіс і паскорыць калапс гаіцянскай дзяржавы.
Ліван. Імаверны паскораны калапс ліванскай дзяржавы на тле канфлікту між Ізраілем і групоўкай «Хізбула» на поўдні Лівану, які пагоршыць канфесійны канфлікт ва ўсім Ліване і прывядзе да росту колькасці ўцекачоў.
Правакацыі Расеі. Імаверна, Расея будзе чыніць вайсковыя правакацыі і аперацыі ўплыву ва Усходняй Еўропе, асабліва ў Малдове і Грузіі, каб распаліць народныя хваляванні і рэгіянальную палітычную нестабільнасць.
Сярэдняя імавернасць, высокі глабальны ўплыў
Кітай–Тайвань. Магчыма, рост вайсковага і эканамічнага ціску камуністычнага Кітаю на Кітайскую Рэспубліку прывядзе да сур’ёзнага крызісу з уцягненнем ЗША і іншых краінаў рэгіёну.
Кітай–Філіпіны. Агрэсіўныя дзеянні Кітаю ў Паўднёва-Кітайскім моры (на якое камуністычны Кітай прэтэндуе, бо ў 1947 годзе георгаф намаляваў рыскі на мапе), асабліва супраць Філіпінаў, могуць прывесці да ўзброенай канфрантацыі з уцягненнем ЗША і саюзнікаў.
Кібератакі на ЗША. Дзяржаўныя ці недзяржаўныя актары могуць учыніць разбуральную кібератаку на крытычную інфраструктуру ў Штатах.
Палітычны гвалт у ЗША. Падвышаны палітычны антаганізм у Штатах пасля перавыбрання прэзідэнтам Доналда Трампа можа прывесці да актаў хатняга тэрарызму або іншага палітычнага гвалту.
І гэта далёка не ўсё
Вышэй – толькі першы ўзровень канфліктаў у прагнозе Рады па міжнародных стасунках. У прагнозе ёсць яшчэ два ўзроўні. Вось другі.
Высокая імавернасць, нізкі глабальны ўплыў. Разрастанне грамадзянскай вайны ў Судане ў рэгіянальную нестабільнасць. Пагаршэнне гуманітарнага крызісу ў выніку грамадзянскай вайны ў Самалі. Пагаршэнне гуманітарнай сітуацыі ў Афганістане і новыя хвалі ўцекачоў праз рэпрэсіўныя дзеянні талібаў і сутыкненні розных узброеных груповак.
Сярэдняя імавернасць, сярэдні глабальны ўплыў. Большае ўцягненне ЗША, Злучанага Каралеўства і іншых краінаў у змаганне з хусітамі ў Чырвоным моры і Адэнскай затоцы. Эскалацыя канфлікту Пакістану з талібамі (якіх Пакістан раней падтрымліваў, але цяпер Пакістан ваюе з «Пакістанскім Талібанам» і афганскай «Арміяй вызвалення Бэлуджыстану») і народныя хваляванні ў самім Пакістане. Аднаўленне памежнага канфлікту між Пакістанам і Індыяй. Эскалалцыя гвалту між Турэччынай і групоўкамі курдаў у Сірыі, Іраку і самой Турэччыне.
Нізкая імавернасць, высокі глабальны ўплыў. Узброены канфлікт між Паўночнай і Паўднёвай Карэяй з уцягненнем ЗША і іншых рэгіянальных сілаў.
І нават гэта яшчэ не ўсё
Сярэдняя імавернасць, нізкі глабальны ўплыў. Рэгіянальная нестабільнасць у рэгіёне Сахэль (асабліва ў Буркіна-Фасо, Малі і Нігеры). Пашырэнне крызісу ў Нігерыі. Пагаршэнне канфлікту на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Перарастанне крызісу ў Бангладэш у беспарадкі і палітычны гвалт. Падвышэнне рэгіянальнай напружанасці праз грамадзянскую вайну ў М’янме. Узмацненне напружання ў Мазамбіку і рэгіянальны канфлікт у Кабу-Дэлгаду. Дэстабілізацыя ўраду і пагаршэнне гуманітарнага крызісу ў Эфіопіі. Магчымы канфлікт Эфіопіі з суседнімі дзяржавамі за доступ да Чырвонага мора. Пагаршэнне ўзброенага канфлікту між групоўкамі ў Лівіі.
Нізкая імавернасць, сярэдні глабальны ўплыў. Узброенае супрацьстаянне праз этнічны канфлікт на Балканах, асабліва між Сербіяй і Косава. Гэтае супрацьстаянне можа вымагаць міжнароднага ўмяшальніцтва.
Малаімаверныя канфлікты з нізкім глабальным уплывам нават не пералічвалі.
І гэта ўсё – канфлікты, якія прадказваюць. А войны могуць пачацца, разгарэцца ці суцішыцца непрадказальна: як пачалася новая хваля араба-ізраільскага канфлікту ў выніку нападу «ХАМАС» на Ізраіль у 2023 годзе, ці як раптам – пасля 13 з лішнім гадоў грамадзянскай вайны – абрынуўся рэжым Башара Асада ў Сірыі.
А Трамп не нападзе на Канаду, Панаму і Грэнландыю?
Ёсць і мноства іншых прадказанняў войнаў і канфліктаў ад розных экспертаў.
Напрыклад, амерыканская няўрадавая арганізацыя «Міжнародная крызісная група» (International Crisis Group) называе такі топ-10 краінаў, за якімі ў якіх варта сачыць у 2025 годзе:
- Сірыя,
- Судан,
- Украіна (і пагроза еўпапейскай бяспецы ад Расеі),
- Палестына,
- Іран супраць Ізраілю,
- Гаіці,
- Мексіка (а менавіта, магчымая вайна ЗША супраць наркакартэляў і крызіс на мяжы),
- М’янма,
- Паўночная Карэя супраць Паўднёвай,
- Кітай супраць ЗША.
Згаданая вышэй арганізацыя ACLED публікуе такі топ:
- Ізраіль–Палестына і Ізраіль–Ліван,
- Іран і ягоныя проксі,
- М’янма,
- Мексіка,
- Рэгіён Сахэль і заходняе ўзбярэжжа Афрыкі,
- Судан,
- Украіна,
- Калумбія,
- Пакістан,
- Рэгіён Вялікіх афрыканскіх азёраў: Руанда, ДР Конга, Уганда, Бурундзі.
Калумбія ў гэтым спісе займае асаблівае месца. Хоць там не чакаюць ажно спынення канфлікту ўраду з узброенымі групоўкамі і бандамі, аналітыкі лічаць, што мірныя перамовы ў рэгіёне Нарынья могуць стаць «лакмусавай паперкай», якая пакажа, ці могуць спыніцца мірным шляхам астатнія канфлікты ў Калумбіі.
Фонд Аб’яднаных нацыяў тым часам звяртае ўвагу на пяць глабальных выклікаў для чалавецтва ў 2025 годзе:
- Мір і бяспека. Спыненне войнаў і ўзброеных канфліктаў у Газе, Судане, Украіне, Сірыі, М’янме, Емэне і іншых краінах.
- Інвестыцыі ва ўстойлівую будучыню. 4-я міжнародная канферэнцыя па фінансаванні для развіцця (FfD4), запланаванае на лета, можа прынесці вырашальныя змены ў сістэму міжнароднага фінансавання, размеркавання багацця і ўлады.
- Змена клімату. Тут надзея на Канферэнцыю ААН аб змене клімату, запланаваную на восень, і на перамовы ў межах Міжнароднай марской арганізацыі. Разам з тым, у Фондзе чакаюць выхаду нейкай краіны з Парыжскага кліматычнага пагаднення – імаверна, намякаюць на ЗША.
- Гендарная роўнасць. Перспектывы змрочныя: Фонд бачыць выклікі па ўсім свеце і «адкат» дасягненняў мінулых гадоў. Надзея на павольны прагрэс і настойлівасць людзей, якія змагаюцца за гендарную роўнасць гадамі і дзесяцігоддзямі.
- Рэформа ААН. Арганізацыі аб’яднаных нацыяў сёлета споўніцца 80 гадоў – за столькі часу свет моцна змяніўся. Можа, «калі твая каманда прайграе, вінаваціш стадыён». А можа, «стадыён» міжнароднай палітыкі сапраўды патрабуе рэформаў. І гэтыя рэформы могуць палягаць у імплементацыі ўхваленага летась «Пакту дзеля будучыні».
Адметна, што аналітыкі не разглядаюць сур’ёзна пагрозы Доналда Трампа Грэнландыі, Канадзе і Панаме. Хоць такія выказванні ў пэўным сэнсе нармалізуюць пазіцыі Уладзіміра Пуціна, ад Злучаных Штатаў не чакаюць узброенай агрэсіі супраць Канады, Грэнландыі ці Панамы (картэлі ў Мексіцы – іншая справа). Гэтыя выказванні, як ні дзіва, могуць быць скіраваныя супраць Кітаю.
Ды калі што, Іран ужо прапанаваў Грэнландыі, Канадзе і Панаме сваю падтрымку ў змаганні з ЗША, а канадскія комікі ўжо рыхтуюцца бараніць Айчыну.
Алесь Наваборскі belsat.eu