Кангрэс ЗША ў заяве, зробленай разам з яшчэ шасцю краінамі, заклікае адмовіць Лукашэнку ў легітымнасці. У тэксце заявы сцвярджаецца, што сапраўдная лідарка для беларусаў – Святлана Ціханоўская.
«Адхіліць фіктыўныя выбары Аляксандра Лукашэнкі і адмовіць яму ў легітымнасці, якой ён дамагаецца», – заклікалі ў супольнай заяве старшыня камітэту ў міжнародных справах Сенату Кангрэсу ЗША Бэн Кардын і кіраўнікі камітэтаў замежных і еўрапейскіх справаў парламентаў Італіі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі.
Тэкст дакументу размешчаны на сайце камітэту міжнародных справаў Сенату Кангрэсу ЗША.
Заява прысвечаная найперш асуджэнню расейскай агрэсіі ва Украіне і спрыянню гэтай агрэсіі з боку Ірану, Паўночнай Карэі і Кітаю. У дакуменце адзначаецца, што «барацьба Украіны – гэта таксама барацьба дэмакратычных сілаў Беларусі і народу Грузіі, і гэтыя мужныя краіны-партнёры выразна заявілі пра сваё імкненне да дэмакратыі і павагі да правоў чалавека».
81-гадовы Кардын завяршае сенатарскую кадэнцыю ў студзені 2025 года. Сёлета ў верасні ён унёс на разгляд узначаленага ім камітэту законапраект, які, сярод іншага, прадугледжвае магчымасць прызнання Злучанымі Штатамі пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў.
У законапраекце, у прыватнасці, сцвярджаецца, што беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская «стала відавочнай пераможцай прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе», Аляксандр Лукашэнка «жорстка расправіўся з тысячамі мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў рэжымам Лукашэнкі, ён адвольна затрымаў больш за 35 тысяч асобаў і ўчыніў шматлікія катаванні»; «рэжым Лукашэнкі несправядліва пазбавіў свабоды больш за 1,5 тысячы асобаў, у тым ліку апазіцыйных лідараў», «падтрымліваў і судзейнічаў незаконнай вайне РФ супраць Украіны, у тым ліку дазваляючы запускаць балістычныя ракеты і наносіць наступальныя ўдары па Украіне з тэрыторыі Беларусі дзеля ўварвання ва Украіну і забойства ўкраінскіх грамадзянаў».
Нагадаем, выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года і будуць праходзіць пад поўным кантролем уладаў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная belsat.eu