Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы апублікавала папярэднія вынікі рэферэндуму пасля апрацоўкі 100% пратаколаў. Паводле іх, 50,46% прагаласаваўшых падтрымалі папраўкі ў Канстытуцыю Малдовы аб незваротнасці курсу на далучэнне да ЕС.
На рэферэндуме жыхарам Малдовы было прапанавана адказаць на пытанне: «вы падтрымліваеце ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю з мэтай далучэння Рэспублікі Малдова да Еўрапейскага Звязу?». Ужо вядома, што большасць прагаласаваўшых адказалі на гэтае пытанне станоўча. Што гэта значыць?
Цяпер прэамбулу Канстытуцыі Малдовы дапоўняць словамі «пацвярджаючы еўрапейскую ідэнтычнасць народа Рэспублікі Малдова і незваротнасць еўрапейскага курсу, абвяшчаючы інтэграцыю ў Еўрапейскі Звяз стратэгічнай мэтай».
Асноўны закон таксама будзе дапоўнены новым раздзелам, у якім будзе сказана, што далучэнне Малдавіі да ўстаноўчых дагавораў ЕЗ будзе ўсталёўвацца законам парламенту. І гэтыя дамовы і прававыя акты «будуць мець прыярытэт перад палажэннямі ўнутранага заканадаўства, якія супярэчаць ім».
Першапачаткова разрыў паміж двума лагерамі быў мінімальным, крыху больш за 50 адсоткаў выбаршчыкаў выказваліся супраць курсу Малдовы на ўступленне ў ЕЗ, і крыху менш за палову прагаласавалі ў ягоную падтрымку. Аднак па меры падліку галасоў у Кішынёве і за мяжой першапачатковы адрыў праціўнікаў еўраінтэграцыі ўсё ж скараціўся.
Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен 21 кастрычніка вітала вынікі галасавання ў Малдове за прасоўванне краіны да сяброўства ў ЕЗ.
«Перад тварам гібрыднай тактыкі Расеі Малдова паказвае, што яна незалежная, моцная і хоча еўрапейскай будучыні», – напісала фон дэр Ляен на медыяплатформе X.
Нагадаем, рэферэндуму Малдове прайшоў адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі, на якіх за галасы выбаршчыкаў змагаліся два фаварыты – дзеючы праеўрапейскі прэзідэнт краіны Мая Санду і яе апанент Аляксандр Стаяногла, якога падтрымлівае найбуйнейшая прарасейская апазіцыйная Партыяй сацыялістаў. Ні адзін з кандыдатаў не набраў больш за 50% галасоў выбаршчыкаў. Гэта азначае, што яны сустрэнуцца ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў, які адбудзецца 3 лістапада.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная belsat.eu