навіны

«Экстрэмісты» ад адукацыі і шматдзетная маці-«тэрарыстка» . Рэпрэсіі ў Беларусі

Настаўніца вучыць дзяцей онлайн. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Mohamed Hassan / Pxhere.com, CC0
Настаўніца вучыць дзяцей онлайн. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Mohamed Hassan / Pxhere.com, CC0
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі працягваюць рэпрэсаваць людзей за тое, што яны нязгодныя з іх палітыкай – гвалтам, фальсіфікацыямі і падтрыманнем вайны. «Белсат» сабраў апошнія вядомыя факты пераследу.

Справу палітзняволенага Максіма Урбановіча, малодшага брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Урбановіча, пачнуць разглядаць 27 чэрвеня ў судзе Заводскага раёну Менску. Яго абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак»). У справе яшчэ некалькі артыкулаў, але якія менавіта, пакуль невядома. 2 красавіка ў кватэру, што арандаваў Максім, уварваліся сілавікі. Пасля ператрусу яго адвезлі ў КДБ.

Шматдзетную маці Ганну Папай, якая працавала ў банку і вяла блог у «TikTok», асудзілі паводле палітычнай справы і прызналі тэрарысткай. Яе затрымалі ў кастрычніку 2024 года. Ёй прысудзілі 2,5 года пазбаўлення волі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Пасля прысуду Папай дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Праект «Petitions.bу» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле МУС, дачыненне да праекту мае Уладзімір Кавалкін. Згодна з практыкаю, што склалася ў Беларусі, існуе рэальная рызыка, што падпісанты петыцыяў на «Petitions.by» могуць апынуцца пад пагрозаю пераследу паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» дадалі праект «Adu.plасе» – паводле КДБ, дачыненне да яго маюць Дар'я Рублеўская, Кацярына Буніна, Ганна Комлач і Вера Моніна.

Акрамя таго, КДБ абнавіў спіс датычных да «экстрэмісцкага фармавання» «Честные люди» – у яго дадалі Алену Жылачкіну (Жываглод), Зарыну Сарокіну (Жываглод), Цімафея Малахоўскага, Алега Давыдчыка.

Віцебскі палітзняволены арт-менеджар Уладзімір Булаўскі зʼехаў з Беларусі і цяпер у бяспецы. Яму прызначылі два гады зняволення паводле арт. 342-2 КК («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Ён іх цалкам адбыў і выйшаў на волю ў лістападзе 2024 года. Цяпер Булаўскі легалізуецца ў Польшчы.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10