Сейм Літвы 19 чэрвеня ўхваліў прапанову, што прадугледжвае магчымасць ужывання Літвою нацыянальных эканамічных санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. Пра гэта паведамляе LRT.
Падрыхтаваныя Міністэрствам замежных справаў змены ў Закон «Аб абмежавальных захадах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны» прадугледжваюць магчымасць для ўраду складаць спісы асобаў і кампаніяў, якія падпадаюць пад санкцыі, замарожваць іх актывы або ўжываць сектаральныя абмежаванні.
Актывы грамадзянаў або кампаніяў Расеі і Беларусі будуць замарожаныя, калі тыя падрываюць тэрытарыяльную цэласць Украіны, падтрымліваюць вайну і рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, акрамя сродкаў, неабходных для набыцця прадуктаў харчавання, лекаў і іншых неабходных тавараў або паслуг.
Ужыванне сектаральных санкцыяў скіраванае на забарону імпарту тэхналогіяў, паслуг і праграмнага забеспячэння з Расеі і Беларусі і надання паслуг, звязаных з пастаўкай або вытворчасцю гэтых тавараў, а таксама экспарту тэхналогіяў і праграмнага забеспячэння, якія могуць быць выкарыстаныя ў расейскіх ці беларускіх узброеных сілах.
Санкцыі не будуць ужывацца, калі паслугі неабходныя ў фармацэўтычных, медычных або гуманітарных мэтах.
МЗС прапануе прадугледзець дадатковыя сектаральныя санкцыі, калі выявіцца, што адпаведны сектар расейскай ці беларускай эканомікі можа быць выкарыстаны для падтрымання ваеннай агрэсіі супраць Украіны, удасканалення вайсковай і тэхналагічнай базы, павелічэння прамысловага патэнцыялу, падрыву бяспекі і незалежнасці Літвы, у тым ліку для маніпулявання інфармацыяй.
Нагадаем, што нядаўна міністр транспарту і камунікацыі Літвы Эўгеніюс Сабуціс аб’яднаў ініцыятыву 13 еўрапейскіх дзяржаваў і выступіў з заклікам да Еўракамісіі прыняць тэрміновыя супольныя захады супраць перашкодаў у працы глабальных навігацыйных спадарожнікавых сістэмаў (GNSS), якія, цвердзіць ён, паходзяць з Расеі і Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu