Канстытуцыйны суд Румыніі пастанавіў ануляваць вынікі першага туру выбараў прэзідэнта, у якім перамог кандыдат Кэлін Джарджэску, які рабіў прарасейскія і антызаходнія заявы.
Суд растлумачыў адмену вынікаў усяго выбарчагу працэсу мэтаю «забяспнчыць справядлівасць і законнасць». Дату новых выбараў вызначыць румынскі ўрад. Рашэнне канчатковае.
Раней Канстытуцыйны суд пацвердзіў вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі, адхіліўшы скаргу сябра Еўрапейскага парламенту Крыстыяна Тэрхэша, які таксама балатаваўся на гэтых выбарах і заяўляў пра фальсіфікацыю галасоў за праеўрапейскую кандыдатку Элену Ласконі.
Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Румыніі – дзявятыя пасля 1989 года.
Паколькі Канстытуцыя краіны дазваляе прэзідэнту быць пераабраным толькі адзін раз, дзейны прэзідэнт Клаўс Ёганіс, упершыню абраны ў 2014 годзе, а затым пераабраны ў 2019-м, не мае права больш браць удзел у выбарах.
У першым туры ўзялі ўдзел 13 кандыдатаў. У кастрычніку Вярхоўны Суд Румыніі выключыў прарасейскага лідара ўльтраправай партыі «SOS Румынія» Дыяну Шашаакэ са спісу кандыдатаў. Пазней сваю кандыдатуру адклікаў лідар партыі «Сіла правых» Людовік Орбан.
Лідэрам першага туру галасавання стаў незалежны кандыдат Кэлін Джарджэску, якога крытыкавалі за прарасейскія і антызаходнія заявы.
Другі тур выбараў мусіў прайсці 8 снежня. На ім за пасаду прэзідэнта меліся спаборнічаць Джарджэску і лідарка праеўрапейскай ліберальнай партыі «Звяз ратавання Румыніі» Элена Ласконі.
Рада нацыянальнай абароны Румыні (CSAT) 4 снежня рассакрэціла дакументы, паводле якіх, краіна была мішэнню «агрэсіўных гібрыдных дзеянняў Расеі», што прывялі да шокавай перамогі Кэліна Джарджэску ў першым туры. Гэта прывяло да масавых пратэстаў у краіне.
У Бухарэсце прайшоў праеўрапейскі марш, у якім узялі ўдзел не менш за тры тысячы чалавек. Паводле арганізатараў акцыі, Румынія перажывае вызначальны момант пасля таго, як рэвалюцыя 1989 года адкрыла шлях да свабоды і дэмакратыі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu