Аналітыка

«Нармалізуе пазіцыю Пуціна». Навошта Трамп захацеў анексаваць Грэнландыю?

img
Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі ў рэзідэнцыі Мар-а-Лага. Флорыда, ЗША. 7 студзеня 2025 года. Фота: Scott Olson/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп назваў Грэнландыю неабходнай для «эканамічнай бяспекі ЗША» і не выключыў, што амерыканцы возьмуць востраў сілаю. Абраны прэзідэнт Злучаных Штатаў таксама паклаў вока на Канаду і Панамскі канал. Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі у размове з «Белсатам» параўнаў Трампа з Пуціным, які таксама перасоўвае межы дзяржаваў.

Доналд Трамп выстаўляў прэтэнзіі на Грэнландыю яшчэ падчас першага тэрміну на пасадзе прэзідэнта ЗША. Тады ён прапаноўваў купіць востраў, аднак Данія, у склад якой уваходзіць Грэнландыя, адмовілася.


Цяпер ён фактычна пачаў пагражаць, прычым не толькі Даніі, але і Панаме. Тамтэйшы Панамскі канал, як і Грэнландыю, Трамп назваў неабходнымі «для эканамічнай бяспекі ЗША». 


На пытанне журналіста на прэс-канферэнцыі ў Флорыдзе 7 студзеня, ці выключае абраны прэзідэнт ужыванне ваеннай сілы або эканамічнага ціску дзеля захопу вострава і каналу, той адказаў: «Не, я не магу вас запэўніць ні ў адным з гэтых двух пытанняў».


На той жа прэсавай канферэнцыі Трамп прапанаваў перайменаваць Мексіканскую затоку у Амерыканскую, а 6 студзеня ў сваёй сацсетцы «Truth Social» напісаў, што шмат хто ў Канадзе хоча стаць 51-м штатам ЗША:


«Калі б Канада аб'ядналася з ЗША, то не было б аніякіх гандлёвых тарыфаў, падаткі істотна знізіліся б, і яны б былі цалкам абаронены ад пагрозы з боку расейскіх і кітайскіх караблёў, што стала іх атачаюць. Разам – якая б гэта была б вялікая нацыя!»


Потым ён апублікаваў мапу з Канадай, залучанай у склад ЗША.

Выступ Доналда Трампа перад журналістамі ў ягонай рэзідэнцыі Мар-а-Лага. Фота: скрыншот з відэа CBS News / X
Трамп хоча перайменаваць Мексіканскую затоку, далучыць Грэнландыю і нападае на Байдэна навіны

«Я думаю, што зараз надышоў час непрадказальнасці, што закранае і амерыканцаў, і вонкавы свет – партнёраў і апанентаў Злучаных Штатаў. Думаю, што гэтая непрадказальнасць стане нормай для міжнароднай палітыкі, для бяспекі», – сказаў «Белсату» кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі, каментуючы рэзанансныя ідэі Трампа.


Абраны прэзідэнт ЗША загаварыў пра тое, што робіць Уладзімір Пуцін: пра перасоўванне межаў дзяржаваў. 


«Адзін з фундаментальных прынцыпаў міжнароднага права – аб непарушнасці дзяржаўных межаў – зараз пад такой атакай, і ад каго? Ад Злучаных Штатаў, якія зрабілі вельмі шмат для таго, каб пабудаваць менавіта гэтую сістэму міжнародных стасункаў, дзе недатыкальнасць межаў з'яўляецца абсалютным прынцыпам. Такія аргументы і такія нападкі Трампа на адрас Даніі ці Канады ў пэўным сэнсе нармалізуюць пазіцыю Пуціна. Ён таксама мяняе межы, і Трамп хоча мяняць межы. Чаму тады на Пуціна трэба глядзець нейкімі іншымі вачыма, чым на тое, што хоча рабіць Трамп?»


Разам з тым Кавалеўскі звярнуў увагу, што Трамп яшчэ афіцыйна не стаў прэзідэнтам, і пакуль гэта заявы «прыватнай асобы»:


«Гэта апошнія тыдні перад яго інаўгурацыяй, калі ён можа выказваць сваё асабістае меркаванне, не баючыся таго, што будуць нейкія палітычныя наступствы. Трэба будзе паглядзець, якім будзе зварот Трампа падчас інаўгурацыі, якія будуць яго пасылы і што ён будзе казаць пра ўнутраную сітуацыю ў Злучаных Штатах і пра адносіны са сваімі саюзнікамі».

Графіці ў Нью-Ёрку каля гатэлю «Trump International». 23 снежня 2024 года. Фота: Robert Nickelsberg/Getty Images
Графіці ў Нью-Ёрку каля гатэлю «Trump International». 23 снежня 2024 года. Фота: Robert Nickelsberg/Getty Images

Аднак жа рэакцыя краінаў, што трапілі на драпежніцкія вочы наступнага прэзідэнта ЗША, не прымусіла сябе доўга чакаць. Жустэн Трудо, які анансаваў адстаўку, але яшчэ застаецца прэм'ер-міністрам Канады, назваў нулявымі шанцы далучэння краіны да Злучаных Штатаў. Палітык ужыў выраз «шанец, як у сняжынкі ў пекле». 


Тут, дарэчы, свае пяць капеек уставіў бізнесовец Ілан Маск, які ў наступнай адміністрацыі ачоліць дэпартамент эфектыўнасці ўраду. Будучы чыноўнік напісаў, звяртаючыся да Трудо: «Дзяўчынка, ты больш не губернатар Канады. Тваё меркаванне больш нічога не значыць».


Прэзідэнтка Мексікі Клаўдыя Шэйнбаум у адказ на ідэю перайменаваць Мексіканскую затоку прапанавала вярнуць гістарычную назву частцы цяперашняй тэрыторыі ЗША – «Мексіканская Амерыка». Палітык заявіла пра гэта на фоне мапы 1607 года. «Гучыць прыгожа, праўда?» – з іроніяй сказала Шэйнбаум.

Панамскі канал, што злучае Ціхі акіян з Карыбскім морам і Атлантычным акіянам, застанецца пад суверэнітэтам Панамы, запэўнілі ў МЗС краіны. Там адзначылі, што гэтае пытанне нават не вымагае абмеркавання:


«Каналам кіруюць толькі панамцы, і так яно і застанецца».


Да 1999 года канал кантралявалі амерыканцы, інфраструктуру перадалі пад кіраванне Панамы паводле дамовы, падпісанай яшчэ ў 1977 годзе тагачасным прэзідэнтам ЗША Джымі Картэрам.


Данія прадказальна адхіліла прэтэнзіі Трампа на Грэнландыю.


«Грэнландыя належыць грэнландскаму народу», – заявіла прэм'ер-міністарка Мэтэ Фрэдэрыксэн, падкрэсліўшы, што ЗША застаюцца бліжэйшым хаўруснікам каралеўства.


Прэм'ер-міністр Грэнландыі Мутэ Эгедэ, прыхільнік незалежнасці вострава ад Даніі, запэўніў, што «Грэнландыя не прадаецца і не будзе прадавацца ў будучыні»:


«Грэнландыя належыць народу Грэнландыі. Нашая будучыня і змаганне за незалежнасць – гэта нашая справа».


Кароль Даніі на фоне дамагання Трампа загадаў змяніць герб каралеўства. Цяпер там сімвалы Грэнландыі і Фарэрскіх астравоў – мядзведзь і баран – буйнейшыя і больш заўважныя.

Новы варыянт герба Даніі – справа. Крыніца: kongehuset.dk
Новы варыянт герба Даніі – справа. Крыніца: kongehuset.dk

Грэнландыя займае стратэгічна важнае месца на шляху паміж Еўропай і ЗША, адзначае CNN. З сярэдзіны мінулага стагоддзя там знаходзіцца амерыканская вайсковая база з сістэмаю папярэджання аб ракетным нападзе. Гэта самы паўночны фарпост узброеных сілаў ЗША. Той рэгіён лічыцца галоўнай лініяй абароны на моры ў выпадку гарачага канфлікту паміж Расеяй і Еўропай.


Акрамя таго, цікавасць Трампа да вострава можа тлумачыцца тым, што там шмат усяго карыснага ў нетрах. Здабыванне выкапняў спрашчаецца праз сталае раставанне лёду. Рэдказямельныя металы, на якія багаты рэгіён, маюць выключнае значэнне для высокатэхналагічных вытворчасцяў.


Захопніцкія планы наступнага прэзідэнта ЗША могуць быць і ягоным жаданнем увайсці ў гісторыю палітыкам, пры якім пашырыцца тэрыторыя краіны. Апошні раз гэта адбылося ў 1947 годзе, калі ў склад Злучаных Штатаў увайшлі невялікія востравы ў Ціхім акіяне пасля паразы Японіі ў Другой сусветнай вайне. Аднак такая «дробязь» Трампа, падобна, не цікавіць. Імаверна, яму хочацца здзейсніць такую ж маштабную ўгоду, як купля Аляскі ў Расейскай імперыі і істотнай часткі тэрыторыі – у напалеонаўскай Францыі.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10