Вярхоўны суд Венесуэлы 22 жніўня ратыфікаваў перамогу прэзідэнта Нікаляса Мадуры на прэзідэнцкіх выбарах 28 ліпеня. Пра гэта паведамляе Reuters.
Вярхоўны суд разгледзеў матэрыялы выбарчага органа і прызнаў, што дзейны кіраўнік краіны перамог на выбарах, заявіла старшыня суда Карыслія Радрыгес, дадаўшы, што рашэнне не падлягае абскарджанню.
Вярхоўны суд не мае канстытуцыйнага права выконваць якія-небудзь выбарчыя функцыі, што робіць ягонае рашэнне несапраўдным, заявіла апазіцыя.
«Суверэнітэт належыць народу і невымоўны. Органы дзяржавы зыходзяць з народнага суверэнітэту і падпарадкоўваюцца яму», — напісаў альтэрнатыўны кандыдат Эдмунда Гансалес у сацсетках.
Копія рашэння суда будзе перададзеная генеральнаму пракурору, сказала Радрыгес, каб яе можна было ўключыць у крымінальныя расследаванні, якія праводзяцца ў дачыненні да парушэнняў, звязаных з публікацыяй «меркавана ілжывых» вынікаў выбараў у інтэрнэце.
Выбарчы орган заявіў у ноч выбараў, што Нікаляс Мадура набраў каля 51 % галасоў. Апазіцыя ж заявіла, што ўпэўненую перамогу свайго кандыдата Гансалеса, які набраў прынамсі 67 %.
У краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія сутыкнуліся з не менш масавымі рэпрэсіямі. Па звестак Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з моманту выбараў на антыўрадавых дэманстрацыях было забіта не менш як 23 пратэстоўцы і каля 2400 арыштавана. Мадура называе дэманстрантаў экстрэмістамі і фашыстамі.
І Гансалеса, і лідарку апазіцыі Марыю Карыну Мачаду вінавацяць у некалькіх злачынстваў, уключаючы падбухторванне вайскоўцаў да здзяйснення злачынстваў, бо яны заклікалі сілы бяспекі падтрымаць абвешчаныя апазіцыяй вынікі выбараў. У краіне праводзяцца арышты нязгодных, узмацняюцца правілы ў дачыненні грамадскіх арганізацыяў і звальняюць дзяржаўных служачых, падазраваных у праапазіцыйных поглядах.
У той час як заходнія краіны асудзілі рэпрэсіі і рыхтуюць санкцыі, Расея і Кітай павіншавалі Мадуру з перамогай. Сваё віншаванне яму скіраваў і самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года. На гэтай пасадзе ён стаў пераемнікам Уга Чавэса, які ўзначаліў краіну ў 1999 годзе.
Якуб Хруст, «Белсат»