Давераная асоба Канапацкай абяцала, што кандыдатка будзе змагацца за вызваленне палітвязняў і дэмакратычныя перамены. З праграмы Канапацкай бачна, што гэта не ў прыярытэтах.
Кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах-2025 Ганна Канапацкая апублікавала ў ноч на 1 студзеня сваю перадвыбарчую праграму.
Канапацкая – былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі (2016–2019). У 2019 годзе заявіла пра выхад з АГП і была выключаная. На выбарах 2020-га крытыкавала найперш Святлану Ціханоўскую. Пасля 2020-га пра Канапацкую амаль не было чуваць у публічнай прасторы. У 2021-м брала ўдзел у VI Усебеларускім народным сходзе і назвала яго «сходам пераможцаў». У выбарчай кампаніі 2025 года Канапацкую спрабавалі паказаць «альтэрнатыўнай кандыдаткай» і апазіцыяй да Аляксандра Лукашэнкі. Ды ў праграме Канапацкай Лукашэнка зусім не згадваецца, а крытыка сітуацыі ў Беларусі даволі мяккая.
Найперш у праграме Канапацкая піша пра выбар між «змяншэннем колькасці насельніцтва, дэградацыя працоўных і вытворчых рэсурсаў, самаізаляцыяй у коле ворагаў» з аднаго боку і «адзінствам і згодай, развіццём і прагрэсам, калектыўнымі высілкамі ўсіх пластоў грамадства, скіраваных на захаванне нашай нацыянальнай самаідэнтычнасці» з другога. Яна заклікае прыкласці намаганні, каб захаваць тое, што «можам згубіць ужо ў бліжэйшы час».
Канапацкая заклікае «абараніць Айчыну ад любых замахаў», але не тлумачыць, ад каго менавіта паходзяць замахі. Заклікае «не забывацца пра свае карані» і знайсці месца сярод гісторыка-культурных каштоўнасцяў для «атрыбутаў гістарычнай памяці ўсіх без выключэння перыядаў», але, зноў жа, без тлумачэнняў. Піша аб перакананасці ў неабходнасці выканання дзяржавай «палітычных і прававых нормаў, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека», але не згадвае, ці парушаюцца гэтыя нормы.
У праграме названыя 13 першачарговых крокаў, апісаных агульнымі словамі. Першы – «далейшае развіццё і напаўненне практычным зместам мерапрыемстваў па ўзмацненню сацыяльнага забеспячэння мацярынства і дзяцінства», другі – «рэалізацыя праграмаў па стымуляванні нараджэння дзяцей, стварэнні і ўмацаванню маладых сем’яў, прадастаўленні дадатковых сацыяльных гарантыяў»…
Толькі трынаццаты – «змягчэнне [слова «змякчэнне» напісанае з памылкай. – «Белсат»] пакарання з максімальна магчымым прымяненнем амністыі і памілавання ў адносінах да асобаў, якія прыцягнутыя да адказнасці за падзеі папярэдняга электаральнага цыклу, і прыняццё захадаў па іх хутчэйшай сацыяльнай і працоўнай адаптацыі ўнутры краіны».
Словаў «палітвязні», «рэпрэсіі» ці «гвалт» у праграме не сустракаецца. Затое сустракаецца слова «люстрацыя»: Канапацкая абяцае забараніць пазасудовую люстрацыю, дыскваліфікацыю ці забарону на прафесійную дзейнасць. Таксама яна абяцае забяспечыць спецыяльныя гарантыі былому кіраўніку дзяржавы, прадстаўнікам вышэйшай дзяржаўнай наменклатуры і чальцам іх сем’яў.
Канапацкая выступае за «за бяскроўны, цывілізаваны, дэмакратычны пераход улады ў нашай краіне». Яна прапануе абмежаваць прэзідэнцтва двума чатырохгадовымі тэрмінамі, правесці рэферэндум аб ператварэнні Беларусі ў парламенцкую рэспубліку.
Яна выступае за нармалізацыю стасункаў з «усімі нашымі партнёрамі», але лічыць, што Беларусь «сёння ў Еўрапейскім Звязе не чакаюць», а ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі «відавочна не патрэбнае ні нам, беларусам, ні расіянам, ні еўрапейцам». Канапацкая заклікае не «не чакаць таго моманту, калі расійска-еўрапейскае эканамічнае аб’яднанне абыдзе Беларусь па контуры яе знешніх межаў».
***
Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Сярод кандыдатаў – Аляксандр Лукашэнка і тыя, хто яго падтрымлівае або прынамсі не выступае супраць яго. Рэальную апазіцыю да выбараў не дапусцілі. Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна.
Эксперты прагназуюць вынік Лукашэнкі ў дыяпазоне 80–90 % галасоў. І не сумняюцца, што гэты вынік проста «намалююць» без падліку галасоў. «BELPOL» ужо расказаў у дэталях, якія механізмы ўжываюцца ў фальсіфікацыі гэтых выбараў. Еўрапейскі парламент ужо падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Кангрэс Злучаных Штатаў і шэраг краінаў заклікалі не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі.
Алесь Наваборскі belsat.eu