Цяпер яны знаходзяцца ў Беларусі, дзе ім аказваюць медычную дапамогу.
«270 расейскіх вайскоўцаў, а таксама 120 грамадзянскіх, у тым ліку захопленых ВСУ мірных жыхароў Курскай вобласці, вярнуліся ў Расею ў рамках абмену», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Паводле звестак Расеі, Кіеву таксама перадалі 270 ваеннапалонных і 120 грамадзянскіх.
Абмен пацвердзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Рэалізаваная першая частка дамоўленасці аб абмене 1000 на 1000. Гэтая дамоўленасць была дасягнута на сустрэчы ў Турцыі, і важна рэалізаваць яе поўнасцю. Сёння – 390 чалавек. Субота і нядзеля – чакаем працягу абмену », – заявіў Зяленскі.
Нагадаем, на абмен палоннымі бакі дамовіліся 16 траўня падчас перамоваў у Стамбуле. 22 траўня Расея і Украіна абмяняліся спісамі імёнаў. Ці ёсць у спісах беларусы, невядома.
Абмены палоннымі між Расеяй і Украінай адбываліся не раз, але былі менш масавыя. З пачатку поўнамаштабнай вайны і да гэтага абмену ва Украіну з расейскага палону вярнулі 4552 вайскоўцы і цывільныя, але найбольшым быў абмен, у якім дамоў вярнуліся 277 асобаў. За ўвесь 2024 год Расея вярнула толькі 535 вайскоўцаў.
Абмен у фармаце «1000 на 1000» можа расцягнуцца на некалькі дзён, пісала раней расейскае «РБК» са спасылкаю на дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Шамсаіла Сараліева. Гэта тлумачылі вялікаю колькасцю асобаў, якіх хочуць абмяняць. У Крамлі запэўнівалі, што «ніхто не зацікаўлены зацягваць працэс».
Тэса Анэйда belsat.eu