Адзінаму адкрытаму праціўніку Лукашэнкі адмовілі, ініцыятыўныя групы зарэгістравалі для 7 «кандыдатаў у кандыдаты». Што пра іх вядома?
Абноўлена. Пасля 1 лістапада ЦВК не будзе прымаць заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. 4 лістапада на паседжанні ЦВК зарэгістравалі апошнюю частку ініцыятыўных групаў.
Чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі
Аляксандр Лукашэнка – дзейны кіраўнік Беларусі. 70-гадовы Лукашэнка ўжо трыццаць гадоў ва ўладзе, ідзе на сёмы тэрмін. Мінулыя пяць выбараў, на якіх яго абвяшчалі пераможцам, не прызнавалі свабоднымі і справядлівымі заходнія і незалежныя беларускія назіральнікі, а таксама шэраг міжнародных арганізацыяў і нацыянальных урадаў. У 2020 годзе Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары ў першым туры Святлане Ціханоўскай, што даказала платформа «Голас» (PDF) і працяглыя шматтысячныя пратэсты па ўсёй краіне.
Цікавы факт. Выбарчую кампанію сёлета праводзілі так паспешна, што за два дні да яе завяршэння Лукашэнка быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта. Але пазней зарэгістравалі яшчэ шэраг ініцыятыўных групаў «кандыдатаў у кандыдаты».

Алег Гайдукевіч – лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (з 2019 года). Ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч (лідар ЛДПБ да 2019-га) удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў. Алег Гайдукевіч рэгістраваў ініцыятыўную групу ў 2020 годзе, але зняўся з выбараў на карысць Лукашэнкі, заявіўшы, што ён «не прастытутка». Значэнне гэтай заявы трактавалі па-рознаму. У 2024 годзе ён заявіў, што ідзе на выбары, каб праціўнікаў Лукашэнкі «ванітавала ад кожнага кандыдата».
Цікавы факт. Увосень 2023 года ў Telegram-канале Алега Гайдукевіча апублікавалі фота мужчынскага полавага органу, а журналісты «Нашай нівы» пазналі, што той орган трымала рука Алега Гайдукевіча, аднак яго не пакаралі за распаўсюд парнаграфіі паводле арт. 343 КК РБ.

Аляксандр Хіжняк – старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, дырэктар унітарнага прадпрыемства «Белніiпградабудаўнiцтва». На выбарах 2020 года быў у выбарчай камісіі ў Фрунзенскім раёне Менску.
Цікавы факт. Пасля выбараў 2020 года ягоная партыя была адной з дзесяці, якія падпісалі адкрыты ліст супраць гвалту. Ды ліст падпісваў не Хіжняк, а тагачасны намеснік старшыні партыі Эдуард Нарышкін.

Вольга Чамаданава – галоўны ідэолаг Менску і старшыня менскай арганізацыі «Беларускага саюзу жанчынаў». Дванаццаць гадоў узначальвала інспекцыю ў справах непаўналетніх у Менску. У 2018 годзе стала прэс-сакратаркай Міністэрства ўнутраных справаў – папярэдняга прэс-сакратара звольнілі пасля скандалу з першым у Беларусі «пакаянным відэа». Сама яна пакінула пасаду ў 2021 годзе на тле апублікаваных «Кіберпартызанамі» размоваў, як сцвярджаецца, намесніка начальніка менскай міліцыі і намесніка начальніка міліцыі Менскай вобласці, у якім Чамаданаву крылі бруднай лаянкай.
Цікавы факт. Пасля таго зліву дуэт «Галубыя какарды» прысвяціў Чамаданавай песню (асцярожна, з тымі самымі мацюкамі).

Ганна Канапацкая – былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (2016–2019). У 2019 годзе заявіла аб выхадзе з АГП і была выключаная. Была кандыдаткай ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, крытыкавала найперш Ціханоўскую. Пасля 2020 года пра Канапацкую амаль не было чуваць у публічнай прасторы. У 2021 годзе яна брала ўдзел у VI Усебеларускім народным сходзе і назвала яго «сходам пераможцаў». Цяпер намякае на тое, што Ціханоўскую могуць забіць, як забілі Аляксея Навальнага, са смерці якога яна кпіць. Ейнай рэгістрацыі не перашкодзіла тое, што яна, паводле звестак «Нашай нівы», мела дазвол на жыхарства ў Нямеччыне.
Цікавы факт. У пачатку паседжання ЦВК па рэгістрацыі ініцыятыўных групаў запусцілі дзяржаўны гімн – і Канапацкая была ці не адзінай, хто не толькі падняўся, але і спяваў.

Сяргей Бобрыкаў – старшыня Рэспубліканскага савету Беларускага саюзу афіцэраў. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў (2016–2019), былы кіраўнік Вайсковай акадэміі і колішні намеснік начальніка Галоўнага штабу сухапутных войскаў Беларусі. Бобрыкава можна назваць даволі апалітычным: ён амаль не выказваўся ў час дэпутацтва (хіба ў 2019 годзе заклікаў зменшыць колькасць адтэрміновак ад арміі, а таксама выказваў неразуменне наконт прысутнасці амерыканскіх танкаў у Літве) і не казаў нічога пра палітыку агулам або Лукашэнку ў прыватнасці ў леташнім 25-хвілінным інтэрв’ю «ВоенТВ».
Цікавы факт. Бобрыкава можна лічыць «гендарным канкурэнтам Чамаданавай»: у 2022 годзе на пралукашэнкаўскім «форуме патрыятычных сілаў» ён казаў, што ў Беларусі ёсць не толькі Саюз жанчын, але і «Саюз мужчынаў» – то бок ягоны Саюз афіцэраў. Абяцаў, што афіцэры «ніколі не здрадзяць» наведнікам форуму, будуць бараніць іх «да апошняй кроплі крыві».

Сяргей Сыранкоў – першы сакратар Цэнтральнага камітэту праўладнай Камуністычнай партыі. Дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Раней – начальнік аддзелу адукацыі Краснапольскага райвыканкаму. Кампартыя заяўляе, што Сыранкоў ідзе на выбары не супраць Лукашэнкі, а «разам з Лукашэнкам». З тлумачэнняў партыі не зразумела, чаму ж яна выстаўляе свайго кандыдата: пішуць пра абстрактныя «ўмацаванне пазіцыяў КПБ у грамадстве» і «замацаванне ў свядомасці грамадства ўрокаў 2020 года».
Цікавы факт. Разам з Сыранковым у ЦВК пайшлі праўладныя палітолагі Аляксей Дзермант і Пётр Пятроўскі.

Каму адмовілі
Юрась Губарэвіч – лідар руху «За свабоду». Падаваў заяву, нягледзячы на тое, што падтрымлівае актыўны байкот. Губарэвіч тлумачыў, што хоць ён цяпер у эміграцыі і пад крымінальным палітычным пераследам, ён не бачыць фармальных падставаў адмовіць яму, але ўпэўнены, што ягоную групу не зарэгіструюць. Такім чынам ён хацеў прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі і на справе даказаць, што закон у краіне не працуе.
Цікавы факт. Яму адмовілі, бо ён падаў заяву праз электронную пошту, а такая форма падачы заявы «не прадугледжаная выбарчым заканадаўствам». Праўда, заканадаўства (у прыватнасці, арт. 61 Выбарчага кодэксу) не прадугледжвае ніякай канкрэтнай формы падачы – толькі спіс таго, што трэба падаць. Магчыма, таму Цэнтральная выбарчая камісія прапанавала яшчэ адну версію: «Можна казаць аб несур’ёзнасці намераў».

Аляксандр Драздоў – невядомы, якому адмовілі, бо ён не падаў спісу чальцоў ініцыятыўнай групы. Не публікавалі ні ягонага фота, ні якіх-небудзь дэталяў пра яго. Вядома толькі, што ягонае імя па бацьку па-расейску пачынаецца на А., таму гэта дакладна не былы палітвязень з Берасця Аляксандр Алегавіч Драздоў, чыё імя па бацьку па-расейску пачыналася б на О.
Цікавы факт. У сацсетках знайшлося нямала людзей з імем Аляксандр Драздоў, але не знайшлося ніводнага, які б пісаў, што хоча быць кандыдатам у прэзідэнты.
Дзіяна Кавалёва – прадпрымальніца з Магілёва. Гэта ўсё, што пра яе вядома. Пад апісанне падпадае Дзіяна Аляксандраўна Кавалёва, якая ў 2010 годзе была зарэгістраваная як індывідуальная прадпрымальніца з відам дзейнасці «Прадстаўленне жытла на выходныя дні і іншыя перыяды кароткатэрміновага пражывання». Статус ІП забралі летам 2021 года праз невядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці. Пошук людзей паводле фота выдае здымак, на якім падобная жанчына ў 2023 годзе сядзіць на кірмашы вакансіяў у МДУ імя Куляшова, прадстаўляе кампанію «Шыкон19», што прадае сродкі для прыбірання. Ёй адмовілі ў рэгістрацыі, бо пасля праверкі спісу чальцоў ініцыятыўнай групы «адсеялі» 39 чалавек, засталося 75, а трэба было мінімум 100.
Цікавы факт. У сацсетках знайшлося нямала людзей з імем Дзіяна Кавалёва, але не знайшлося ніводнай, якая б пісала, што хоча быць кандыдаткай у прэзідэнты.

Віктар Кулеш – невядомы, які падаў заяўку 1 лістапада. Пошук па фота ў інтэрнэце, а таксама пошук па імі не даў вынікаў. Імя Віктар Кулеш мае выкладчык БДУ і БДПУ, ды ён па бацьку Фёдаравіч, а «кандыдат у кандыдаты» – Андрэевіч. Такое ж імя і прозвішча мае былы палітвязень, які выйшаў на волю 20 чэрвеня 2023 года, правёўшы паўтара года з няволі за «Абразу прадстаўніка ўлады», але ён па бацьку Станіслававіч. Ды і яму, імаверна, не дала б высоўваць сваю кандыдатуру судзімасць. У сацсетках знайшлося яшчэ нямала беларусаў з такім імем, але яны ўсе непадобныя да чалавека з фота ЦВК. Яму адмовілі ў рэгістрацыі, бо ён зусім не падаў спіс чальцоў ініцыятыўнай групы.
Цікавы факт. ЦВК паведамляў, што прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў скончыцца 1 лістапада, але не называў дакладны час. Звычайны час працы ЦВК – да 18:00. Паведамленне пра Кулеша з’явілася за 4 хвіліны да гэтага часу.

Лукашэнка не лічыць намінальных канкурэнтаў пагрозай
Калі з’явіліся «кандыдаты ў кандыдаты», Лукашэнка пракаментаваў: «Я думаю, яны проста хочуць дзейнага прэзідэнта забяспечыць». Пагрозы ад іх ён не пабачыў. Адзначыў, што яго «хочуць атачыць жанчынамі», «атачыць фланкамі» (імаверна, меўся на ўвазе абарончы бок крэпасці, а не тыповае адзенне маракоў) дзеля бяспекі, а пра Чамаданаву сказаў, што «супраць жаночага прэзідэнта жанчыны паставілі сваю альтэрнатыву». Гайдукевіча назваў «самым аракулам і вестуном палітыкі прэзідэнта». Згадаў, што Партыя працы і справядлівасці выставіла свайго кандыдата, пра рэшту сказаў: «І іншыя».
Што далей
З 7 лістапада да 6 снежня ўключна мае ісці збор подпісаў, з 22 да 31 снежня ўключна маюць рэгістраваць кандыдатаў або адмаўляць ім у рэгістрацыі. На перадвыбарчую агітацыю адвялі 1–25 студзеня. З 21 студзеня мае ісці датэрміновае галасаванне, 26 студзеня – асноўны дзень галасавання. Не пазней за 5 лютага маюць абвесціць вынікі галасавання, пры неабходнасці – не пазней за 9 лютага зладзіць другі тур (апошні раз другі тур на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі быў у 1994 годзе).
Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна. Еўрапарламент ужо заявіў, што выбары ў Беларусі не могуць лічыцца справядлівымі і свабоднымі.
Алесь Наваборскі belsat.eu