навіны

Канапацкую падтрымаў камуніст Вазняк. Былую давераную асобу Канапацкай завочна асудзілі на 6 гадоў

Сяргей Вазняк падчас збору подпісаў
Сяргей Вазняк падчас збору подпісаў. Дата і месца невядомыя. Фота: Сергей Возняк / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Былы сябра ПКБ і «Справядлівага свету» назваў Канапацкую «адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай Лукашэнку». У той жа дзень Ежы Грыгенчу, давераную асобу Канапацкай на выбарах-2020, асудзілі на 6 гадоў калоніі завочна.

Вольга Чамаданава. Крыніца: instagram.com / chemodanova15
Ад удзелу ў выбарах адмовілася Вольга Чамаданава навіны

Беларускі левы актывіст Сяргей Вазняк абвясціў у Facebook пра падтрыманне Ганны Канапацкай у якасці кандыдаткі на прэзідэнцтва на выбарах 2025 года. Ён расказаў, што 10 лістапада ездзіў з камандаю Канапацкай у Гомель збіраць подпісы.

,,

«Відавочна, што ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам яна будзе адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай Лукашэнку, – напісаў Вазняк. – Для мяне гэта дастатковая матывацыя, каб падтрымаць такога чалавека».


«Таксама я спытаў Ганну аб яе стаўленні да праблемы палітвязняў. Адказ мяне цалкам задаволіў: у выпадку рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты яна будзе казаць, што людзі, якія сёння сядзяць у турмах праз падзеі 2020 года, не павінны былі падвяргацца крымінальнаму пераследу, іхнае месца на волі. Таксама дзяржава павінна ствараць умовы для вяртання ў краіну без усялякіх папярэдніх умоваў вымушаных эмігрантаў. Яны павінны жыць і працаваць у Беларусі, развіваць яе эканоміку, плаціць тут падаткі, рабіць сацыяльныя адлічэнні. Тады, напрыклад, адпадзе неабходнасць у размовах аб новым падвышэнні пенсійнага ўзросту. Таксама добрая тэза для перадвыбарнай праграмы будучага кандыдата».


Вазняк з 1982 года быў сябрам Камуністычнай партыі СССР, з 1992-га – Партыі камуністаў Беларусі, якая пазней перайменавалася ў «Справядлівы свет» і засталася ў апазіцыі да Аляксандра Лукашэнкі. У 1992–1997 Вазняк быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ (кіраўніком постсавецкага камсамолу, аднаго з продкаў БРСМ), застаўся ганаровым старшынём ЛКСМБ. Таксама працаваў на кіроўных пасадах у газетах «Во славу Родины», «Мы и время», «Товарищ». У 2010 годзе працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, пасля Плошчы-2010 быў арыштаваны, асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.


Пасля ліквідацыі «Справядлівага свету» ў снежні 2023 года Вазняк разам з лідарам партыі Сяргеем Калякіным абвясцілі аб стварэнні арганізацыйнага камітэту «новай левай дэмакратычнай партыі». Неўзабаве па смерці Калякіна ў жніўні 2024 года Вазняк абвясціў аб завяршэнні працы «тэарэтыкаў-марксістаў» над праектам праграмы гэтай партыі.


Ганна Канапацкая – былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (2016–2019). У 2019 годзе заявіла пра выхад з АГП і была выключаная. На выбарах 2020 года крытыкавала найперш Ціханоўскую. Пасля 2020 года пра Канапацкую амаль не было чуваць у публічнай прасторы. У 2021 годзе яна брала ўдзел у VI Усебеларускім народным сходзе і назвала яго «сходам пераможцаў». У пачатку паседжання ЦВК, прысвечанага рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, запусцілі дзяржаўны гімн – і Канапацкая была ці не адзінай, хто не толькі падняўся, але і спяваў. Лукашэнка па-ранейшаму кажа, што «жанчына не можа кіраваць Беларуссю», хоць у 2020 годзе прайграў жанчыне прэзідэнцкія выбары ў першым туры.


Пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Канапацкая напісала на Facebook, што «тысячы» ейных прыхільнікаў «гатовыя ўзяць удзел у зборы подпісаў». Яна заклікала: «Але, калі ласка, без залішняй самадзейнасці, у гэты раз усё яшчэ больш строга». Яна паабяцала неўзабаве даць кантакты юрыстаў, якія «дапамогуць правільна і бяспечна адпрацаваць у кампаніі 2025 года».


Канапацкая не выдаляла з сацсетак здымкаў з нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікай. На старонках прэтэндэнткі на прэзідэнтства ў інтэрнэце ёсць і Пагоня, і лагатыпы беларускіх медыяў, якія рэжым Лукашэнкі назваў «экстрэмісцкімі». Канапацкая растлумачыла, што робіць так, бо «закон не мае зваротнай сілы», хоць у Беларусі якраз мае: людзей судзяць і кідаюць за краты за публікацыі таго, што на момант публікацыі не было «экстрэмісцкім».

Ежы Грыгенча на акцыі ў 510-ую гадавіну бітвы пад Воршаю. Беласток, Польшча. 8 верасня 2024 года. Фота: Ежик Григенча / Facebook
Ежы Грыгенча на акцыі ў 510-ую гадавіну бітвы пад Воршаю. Беласток, Польшча. 8 верасня 2024 года. Фота: Ежик Григенча / Facebook

У дзень анонсу ад Вазняка, 21 лістапада, Гарадзенскі абласны суд завочна вынес прысуд актывісту Ежы Грыгенчу, які быў у 2020 годзе даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Канапацкай. Грыгенчу прысудзілі шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 40 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў). Яго прызналі вінаватым паводле чатырох палітычных крымінальных артыкулаў. Сам Грыгенча застаецца за межамі Беларусі пасля адміністратыўных пакаранняў за акцыі пратэсту 2020 года.


Адзіны «кандыдат у кандыдаты», які выступаў адназначна супраць Лукашэнкі, не быў дапушчаны да збору подпісаў: лідару руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, спаслаўшыся спачатку на тое, што падача заявы праз пошту (Губарэвіч застаецца за мяжой) нібы не прадугледжаная заканадаўствам, а затым на тое, што «можна казаць пра несур’ёзнасць намераў». Рэшта «кандыдатаў у кандыдаты» або не выказваецца супраць Лукашэнкі, або адкрыта падтрымлівае яго.


Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць выбары 2025 года – актыўна ці пасіўна. Еўрапарламент ужо заявіў, што выбары ў Беларусі не могуць лічыцца справядлівымі і свабоднымі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10