Наймацнейшымі санкцыямі супраць уладаў Аляксандра Лукашэнкі ёсць узмацненне вайсковага падтрымання Украіны і іншае аслабленне Расеі. Такую думку ў размове з карэспандэнтам «Белсату» выказаў дэлегат Каардынацыйнай рады, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
Як заявіў юрыст НАУ, санкцыйная палітыка павінна мець выразныя мэты. Паводле яго, у заклікаў да санкцыяў не павінна быць мэты проста зрабіць Аляксандру Лукашэнку больш балюча, а тым больш атрымаць папулярнасць. Таксама, падкрэсліў Міхаіл Кірылюк, трэба разумець, што не можа быць санкцыяў, якія адначасова будуць уплываць на рэжым і не пагаршаць эканамічнага стану народу.
«Для мяне асабіста ёсць дзве галоўныя мэты ў санкцыйнай палітыцы: вызваленне палітвязняў як прамежкавая мэта і агулам вызваленне краіны ад расейскага і лукашэнкаўскага кантролю як глабальная мэта», – сказаў юрыст.
Што перашкаджае дасягнуць мэты
Каб зразумець, якія захады могуць гэтага дасягнуць, суразмоўца заклікаў шукаць каранёвую прычыну таго, што перашкаджае гэта зрабіць. Фактарам, які дапамагае Лукашэнку трымацца ва ўладзе, Кірылюк лічыць вайсковае, палітычнае і эканамічнае падтрыманне з боку Расеі.
Ён прызнаў, што беларускія палітыкі не вызначаюць санкцыйнай палітыкі, але падкрэсліў: яны робяць прапановы, на падставе якіх санкцыйная палітыка часткова карэктуецца. Таму, на думку юрыста, «беларускім палітыкам варта шукаць тое, што будзе аслабляць гэтае падтрыманне Расеі».
На думку дэлегата КР, з Расеяй нельга дамовіцца ці пераканаць яе адвярнуць увагу ад Беларусі, бо яна «вельмі зацікаўленая ў кантраляванні рэжымаў на сваім перыметры» і гатовая ў гэта ўкладацца нават на шкоду ўласнаму дабрабыту, бо праз Беларусь РФ мае стратэгічны доступ да межаў з Літвой, Польшчай і Украінай.
,,«Таму застаецца толькі ўплываць на Расею такім чынам, каб у іх не было моцы і жадання факусавацца на вонкавай палітыцы на беларускім напрамку», – сказаў юрыст.
У якасці першага кроку для аслаблення Расеі Кірылюк назваў «нават не санкцыйную захаду, а павелічэнне і паскарэнне паставак зброі ва Украіну».
«На гэта трэба звяртаць увагу, гэта трэба выкарыстоўваць. Нават калі паддаецца, што беларускія палітыкі быццам бы не маюць маральнага права ўлазіць ў гэтае пытанне. Я мяркую, што яны маюць гэтае права і абавязак, бо гэтае пытанне ўплывае на лёс беларусаў у Беларусі. Лёс беларусаў у Беларусі можа быць значна лепшым, калі нашай краіны не будуць выкарыстоўваць для расейскай вайны», – сказаў ён.

Другім крокам юрыст назваў заклікі да ўвядзення новых перашкодаў для продажу расейскай нафты і газу, ажно да поўнага эмбарга або да прымусовага паніжэння кошту расейскіх энерганосьбітаў, якія ёсць адной з галоўных крыніцаў папаўнення расейскага бюджэту.
«Голас беларускіх палітыкаў таксама можа быць істотным у гэтым напрамку, бо, магчыма, калі палітыкі, якія прымаюць рашэнні, пачуюць сінхронную пазіцыю Беларусі і Украіны, то для іх будзе прасцей прымаць гэтае рашэнне», – мяркуе Кірылюк.
Трэцім пунктам, паводле яго, мае быць ліквідацыя прабелаў, што дазваляюць Расеі абыходзіць санкцыі праз Беларусь.
«Я лічу, што санкцыі на расейскую эканоміку могуць уплываць на сітуацыю з беларускай палітыкай мацней, чым санкцыі на беларускую эканоміку, бо эканамічная ступень падтрымання Расеяй значна большая за эфект ад санкцыяў Еўразвязу і ЗША», – заявіў юрыст.
Па-чацвёртае, мусяць быць сектаральныя санкцыі, а не персанальныя, бо гэта зменшыць магчымасці для абыходу санкцыяў праз змену намінальных уладальнікаў, дадаў Кірылюк. Сярод іншага, на ягоную думку, у дачыненні банкаўскіх сістэмаў Расеі і Беларусі маюць быць уведзеныя санкцыі, якія б ускладнялі разлікі, асабліва за тавары падвойнага прызначэння ці камплектавальныя для іх. У выніку гэта мае запаволіць здольнасць Расеі весці вайну, сказаў ён.
Шмат каму гэта не спадабаецца
Кірылюк прызнае, што гэтыя захады могуць быць непапулярнымі сярод часткі беларускай аўдыторыі, якая шукае «простых развязанняў складаных праблемаў». Гэта таксама, на думку дэлегата КР, цяжка будзе абгрунтаваць заходнім палітыкам, бо гэтыя захады будуць негатыўна ўплываць таксама на эканоміку тых краінаў, якія іх уводзяць.
У выніку, сказаў юрыст, заходнія палітыкі часам шукаюць санкцыі менш эфектыўныя, але больш папулярныя, якія могуць быць пазітыўна ўспрынятыя выбарнікамі, бо нясуць менш стратаў для іх уласнай эканомікі, у тым ліку візавыя абмежаванні для беларусаў ці перашкоды для ўезду ў ЕЗ на аўтах з беларускімі нумарамі. Але, на погляд суразмоўцы, гэта проста папулісцкі падыход, які імітуе дзейнасць і не спрычыняецца да аслаблення ўладаў у Расеі і Беларусі.

«Такія санкцыі, пра якія я кажу, цяжка ўвесці, і калі да іх заклікаць публічна, ты будзеш падвергнуты медыйнай крытыцы ад сваіх выбарнікаў, гэта можа пацягнуць страты для эканомікі, але гэта не значыць, што да іх не трэба заклікаць і іх немагчыма імплементаваць. У існай рэальнасці любая эканамічная санкцыя значна таннейшая за рэальныя вайсковыя дзеянні», – сказаў Кірылюк.
Паводле юрыста, спыненнем санкцыяў не толькі не ўдасца спыніць вайну ва Украіне, але наадварот, будуць створаныя ўмовы для далейшага распаўзання вайны ў Еўропе.
А як наконт санкцыяў супраць беларускіх бізнесоўцаў?
У цэлым, мяркуе дэлегат КР, пералічаныя вышэй захады могуць даць для Беларусі нашмат больш пазітыўнага эфекту, чым заклікі да персанальных санкцыяў у дачыненні любых бізнесоўцаў у Беларусі. На ягоную думку, любы бізнесовец у Беларусі, нават самы буйны, уплывае на ўстойлівасць улады Лукашэнкі менш, чым падтрыманне з боку Расеі.
Паводле Кірылюка, санкцыі супраць уласна беларускіх кампаніяў мелі б большы сэнс тады, калі б Беларусь не была ў хаўрусе з Расеяй і калі б апошняя больш фіксавалася на ўласных праблемах, не звяртаючы ўвагі на тое, хто кіруе Беларуссю. Тады ўлада Лукашэнкі была б больш няўстойліваю, чым нават калі цяпер абкласці санкцыямі ўсіх бізнесоўцаў і ўсе прадпрыемствы ў Беларусі, заявіў суразмоўца.
,,«Калі Расея глядзіць на Беларусь як на плацдарм для патэнцыйнага нападу на Украіну, на Польшчу, на Літву, то гэта тая рэч, куды яны інвестуюць паводле прынцыпу першага прыярытэту, а на ўсё астатняе можа не хапаць», – сказаў ён.
У такой сітуацыі санкцыямі супраць бізнесу можна максімум зрабіць Лукашэнку непрыемнасць, «але гэта не прывядзе да зрухаў, якія могуць паставіць пад пагрозу яго ўладу».
Дыскусія пра санкцыі ў дачыненні ўладаў Беларусі і звязанага з ёю бізнесу ўзмацнілася пасля таго, як сталася вядома, што беларускі «рыбны кароль», набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Машэнскі жыве і працуе ў Польшчы. Паводле расследавання, Машэнскі ўжо тры гады здымае кватэру ў Варшаве: тут жыве ягоная сям’я, а ён сам прыязджае ў польскую сталіцу на выходныя. Астатні ж час ён праводзіць у Беларусі, дзе мае бізнес: кіруе кампаніямі «Савушкін прадукт» ды «Санта Брэмар».
Яшчэ ў 2010 годзе Машэнскі выступаў як давераная асоба Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У наступным годзе ўзначаліў Федэрацыю акадэмічнай грэблі і фінансаваў яе дзейнасць, у 2013-м атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Айчыны ІІІ ступені. Нягледзячы на ўсё гэта, ён пазбег лёсу набліжаных да ўлады бізнесоўцаў: у адрозненне ад Аляксандра Шакуціна і Сяргея Цяцерына, Машэнскага санкцыі не закранулі.
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсліў, што Машэнскага некалькі разоў прапаноўвалі ўнесці ў санкцыйныя спісы, але Вугоршчына і, магчыма, іншыя краіны пазней выключалі ягонае прозвішча з фінальнага дакументу. Менавіта таму бізнесовец дагэтуль не трапіў пад санкцыі.
Макар Мыш belsat.eu