навіны

«Гэта або крывадушнасць, або недагляд з польскага боку». Чаму набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец жыве ў Польшчы?

Бізнесовец Аляксандр Машэнскі. Фота: probusiness.io
Бізнесовец Аляксандр Машэнскі. Фота: probusiness.io
podpis źródła zdjęcia

«Чалавек Лукашэнкі», алігарх з Беларусі Аляксандр Машэнскі, жыве на дзве краіны: у працоўныя дні – у Беларусі, у выходныя – у Польшчы. Гэта ў той час, калі шараговыя беларусы з цяжкасцямі атрымліваюць візы. Чаму дэмакратычная Польшча дае дазвол на свабоднае перасоўванне ды перабыванне на сваёй тэрыторыі набліжанаму да Лукашэнкі алігарху? Пагаварылі пра гэта з журналістам-расследавальнікам з «Бюро медыя» Алесем Ярашэвічам.

Беларускі «рыбны кароль», бізнесовец, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Машэнскі жыве і працуе ў Варшаве. Гэтую інфармацыю выкрыў журналіст Бэртальд Кітэль у рэпартажы на канале «TVN24»:

,,

«З аднаго боку, Польшча вельмі актыўна дапамагае беларусам, якія змагаюцца за дэмакратыю, і выступае супраць самога дыктатара. З іншага – дазваляе тут жыць чалавеку з вельмі блізкага атачэння Лукашэнкі. Гэта або крывадушнасць, або недагляд з польскага боку».


Паводле расследавання, Машэнскі ўжо тры гады здымае кватэру ў Варшаве: тут жыве ягоная сям'я, а ён сам прыязджае ў польскую сталіцу на выходныя. Астатні ж час ён праводзіць у Беларусі, дзе мае бізнес – кіруе кампаніямі «Савушкін прадукт» ды «Санта Брэмар».

На думку Алеся Ярашэвіча, абароты гэтых кампаніяў перавышаюць мільярд долараў:

«Адзін з сапраўды такіх паспяховых бізнесоўцаў. Лукашэнка некалькі разоў наведваў ягоныя прадпрыемствы, быў у яго з візітам. Гэта адзіны бізнесовец, якога не чапалі ў Беларусі».

Акрамя таго, Аляксандр Машэнскі – ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі. Ягоны паплечнік, генеральны дырэктар кампаніі «Санта Брэмар» Сяргей Нядбайлаў, ёсць ганаровым консулам Вугоршчыны ў Берасці.

Бізнесовец Аляксандр Машэнскі. Фота: probusiness.io
Бізнесовец Аляксандр Машэнскі. Фота: probusiness.io

Акурат Ісландыя і Вугоршчына заступіліся за Машэнскага ў пытанні санкцыйных абмежаванняў Еўразвязу.

,,

«Тут усё проста, бо Машэнскі набывае рыбу ў Ісландыі і Нарвегіі. Таму, калі б на яго наклалі санкцыі, то ісландскія лаўцы рыбы не маглі б перапраўляць прадукцыю ў Беларусь і страцілі б вялізныя грошы», – тлумачыць Алесь Ярашэвіч.


Таксама Бэртальд Кітэль у сваім рэпартажы ўзгадвае, што ў 2012 годзе беларускія ўлады другі раз арыштавалі Анджэя Пачобута. Гэта была рэакцыя на тое, што імя Машэнскага з'явілася ў санкцыйным спісе. Таму… 

«Еўрапейскія ўлады не хацелі эскалацыі канфлікту і прыбралі імя бізнесоўца. Польшча таксама складае свае ўласныя санкцыйныя спісы – і там імя Машэнскага ўвогуле не было. І гэта для мяне невытлумачальна».

Яшчэ ў 2010 годзе Машэнскі выступаў як давераная асоба Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. Годам пазней узначаліў Федэрацыю акадэмічнай грэблі і фінансаваў яе дзейнасць, у 2013-м атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Айчыны трэцяй ступені. Нягледзячы на ўсё гэта, ён пазбег лёсу набліжаных да ўлады бізнесоўцаў: у адрозненне ад Аляксандра Шакуціна і Сяргея Цяцерына, Машэнскага санкцыі не закранулі.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:

Аліна Скрабунова, «Белсат»


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10