навіны

TVN: Блізкі да Лукашэнкі бізнесмен Машэнскі жыве і працуе ў Варшаве

Аляксандр Машэнскі. Фота: TUT.by
Аляксандр Машэнскі. Фота: TUT.by
podpis źródła zdjęcia

Па польскім тэлебачанні паказалі рэпартаж, прысвечаны беларускаму бізнесоўцу Аляксандру Машэнскаму, якога лічаць блізкім да Аляксандра Лукашэнкі.

«Два абліччы беларускага алігарха» – пад такой назвай з’явіўся рэпартаж на адным з найбуйнейшых тэлеканалаў Польшчы TVN.

«Беларускі алігарх Аляксандар Машэнскі фінансуе рознага кшталту інвэстыцыі, якія прыдумляе Аляксандар Лукашэнка, а ў чацьвер збірае рэчы, сядае ў мэрсэдэс і прыязджае ў Варшаву, дзе жыве еўрапейскім жыццём. Тут і кавярні, і рэстараны, і на выхадныя з сям'ёй куды-небудзь можна злётаць на самалёце. Еўрапейскае жыццё», – кажа аўтар сюжэту.

У матэрыяле гаворыцца, што польскія ўлады дазволілі Аляксандру Машэнскаму жыць і працаваць у Варшаве, дзе ён арандуе кватэру і кіруе бізнесам – буйнымі рыбаперапрацоўчымі і малочнымі заводамі.

Паводле аўтара рэпартажу, Машэнскі баіцца трапіць у санкцыйныя спісы, а беларускі рэжым «больш за дзесяць гадоў выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб ён не трапіў у іх».

Аляксандра Машэнскага, гаворыцца ў сюжэце, некалькі разоў у розныя гады спрабавалі ўключыць у чарнавыя санкцыйныя спісы. Але найперш за яго заступаліся ісландскія палітыкі, бо эканоміка Ісландыі дэ-факта залежыць ад бізнесу Машэнскага, а вугорцы ў 2022 годзе дык увогуле наклалі вета на санкцыйны спіс.

Паводле словаў журналіста, беларускія ўлады разам з Аляксандрам Лукашэнкам «вельмі рашуча настроеныя выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ў іх ёсць», бо Аляксандр Машэнскі можа мець ключавое для іх значэнне, таму што мае доступ да банкаўскай сістэмы Еўразвязу.

«Цяжка сказаць, чым ён [Аляксандр Машэнскі. – Заўв. рэд. «Белсат»] займаецца тут, у Варшаве», – адзначае журналіст.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10