Гісторыя бізнесоўца Машэнскага чарговы раз пацвярджае, што ў стасунках Лукашэнкі з Захадам ёсць вялізная закрытая шэрая прастора.
На мінулым тыдні адзін з найбуйнейшых польскіх тэлеканалаў – TVN – паказаў рэпартаж пра беларускага бізнесоўца Аляксандра Машэнскага. З матэрыялу вынікае, што «рыбны алігарх» ужо тры гады як жыве і працуе ў Варшаве, свабодна падарожнічаючы паміж Польшчай і Беларуссю. Больш за тое, аўтар матэрыялу сцвярджае, што Машэнскі карыстаецца аўтамабілем з чырвонымі консульскімі спецнумарамі. Дзякуючы гэтаму яму не давядзецца стаяць на мяжы ў вялізных чэргах. Адкуль жа такія прывілеі для чалавека, якога звязваюць з найбліжэйшым атачэннем Аляксандра Лукашэнкі?
Што Машэнскі робіць у Варшаве?
Машэнскага няма ў санкцыйных спісах, і TVN прыгадвае гісторыю, апісаную ісландскімі журналістамі, якія даводзяць, што менавіта іхныя палітыкі ў свой час пераканалі ЕЗ (Ісландыя не ўваходзіць у Еўразвяз) не ўводзіць абмежаванняў у дачыненні свайго ганаровага консула ў Беларусі.
З пункту гледжання бізнесу тут усё зразумела і проста.
,,Карпарацыі Машэнскага купляюць там рыбу на мільярды долараў, і санкцыі супраць беларускага бізнесоўца моцна ўдарылі б па ісландскай эканоміцы. Не зразумелая аднак пазіцыя і матывацыя еўрапейскіх чыноўнікаў. У чым сэнс такіх выключэнняў? Лабізм, карупцыя, цынізм ці ёсць нейкія іншыя, схаваныя ад вачэй шырокіх народных масаў, інтэнцыі?
Паспрабую паразважаць пра гэтыя інтэнцыі, абстрагуючыся ад выпадку Машэнскага, падрабязнасцяў пра дзейнасць якога на тэрыторыі Польшчы я зусім не ведаю.
Дыпламатыя і санкцыі не працуюць. Як вызваляць палітвязняў?
Уявім, што на тэрыторыі ЕЗ, а ў прыватнасці ў Польшчы жыве алігарх X, які асабіста ведае беларускага дыктатара і вядзе буйны бізнес у Беларусі. Ці ёсць у гэтым пэўны сэнс? Есць. Бо ў варунках, калі палітычных кантактаў амаль няма, а ў большасці амбасадаў краінаў ЕЗ засталіся «chargé d'affaires», ёсць патрэба неафіцыйнай камунікацыі. Бо афіцыйная выклікае крытыку не толькі апанентаў у дэмакратычных краінах, але і крытыку беларускай дэмакратычнай супольнасці на чале са Святланай Ціханоўскай, якая на працягу апошніх гадоў збудавала свой пэўны аўтарытэт на Захадзе.
І тут патрэбныя людзі, якія маюць прамы доступ да «цела» і могуць, абмінаючы кардоны агентаў Крамля ў Менску, данесці нейкую інфармацыю да Лукашэнкі. Той жа Раман Абрамовіч бярэ ўдзел у таемных перамовах (пасярэднічае таксама Катар) наконт вяртання ўкраінскіх дзяцей з Расеі.
,,Можна дапусціць, што заходнім краінам, у тым ліку і Польшчы, быў патрэбны гэткі «беларускі Абрамовіч». Але, на жаль, у выпадку Беларусі ніводны вядомы палітычны вязень не выйшаў на волю. Ужо чацвёрты год запар пакутуе ў турме Анджэй Пачобут, пра якога выказаўся амаль кожны польскі палітык, напісала кожная польская газета і паказала кожнае тэлебачанне.
І што з гэтага? Чаму прысутнасць алігарха X на тэрыторыі Польшчы не паспрыяла вызваленню дзеяча польскай меншасці і журналіста? Чаму гэтай сітуацыяй не скарысталася беларуская дэмакратычная апазіцыя, каб націснуць праз польскіх палітыкаў, еўрапейскіх чыноўнікаў на алігарха X? Пытанні без адказу.
Зарабляць у Лукашэнкі, жыць у Еўропе
Ужо пасля разгону пратэстаў у 2010 годзе я асабіста бачыў дзяцей кіраўнікоў буйных беларускіх прадпрыемстваў у некалькіх варшаўскіх ВНУ. Дасюль Польшча выдала больш за 200 тысяч картаў паляка, пераважную большасць атрымалі грамадзяне РБ.
Натуральна, што былі сярод «беларускіх палякаў» таксама чыноўнікі і бізнесоўцы, чаго асабіста ніколі не хаваў Лукашэнка. З таго часу шмат хто мог атрымаць польскія пашпарты, па-іншаму запісаць прозвішча.
Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо лукашэнкаўскія чыноўнікі і бізнесоўцы танцавалі і падпявалі ў дырыжаваным дыктатарам хоры, а наступнага дня выязджалі і вывозілі сваіх родных за заходнюю мяжу. Як найдалей ад «гэтага балота», у будучыню якога ніколі не верылі.