навіны

Франак Вячорка: Ёсць больш важныя спонсары рэжыму, чым Машэнскі

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Польскі тэлеканал «TVN24» паказаў сюжэт, паводле якога выходзіць, што «рыбны кароль» Аляксандр Машэнскі, якога неаднойчы спрабавалі ўнесці ў санкцыйныя спісы ЕЗ, жыве і працуе ў Варшаве. Як так атрымліваецца, што набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец, бесперашкодна жыве на дзве краіны? Пра гэта «Белсат» спытаў у галоўнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі. 

Франак Вячорка падкрэсліў, што яму невядома дакладна, якія ў Машэнскага ёсць дамовы з Польшчай і якімі дакументамі ён карыстаецца дзеля таго, каб прыязджаць у Варшаву. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што Офіс Святланы Ціханоўскай абавязкова пацікавіцца гэтым пытаннем у польскага ўраду.

Дарадца Ціханоўскай падкрэсліў, што Аляксандра Машэнскага некалькі разоў прапаноўвалі ўнесці ў санкцыйныя спісы, але Вугоршчына і, магчыма, іншыя краіны пазней выключалі ягонае прозвішча з фінальнага дакументу. Менавіта таму дагэтуль Машэнскі не трапіў пад санкцыі.

На заўвагу аб тым, што ёсць дакладная інфармацыя аб тым, што Машэнскага з санкцыйных спісаў выкрэслівае Ісландыя, у якой бізнесмен закупае рыбу для сваіх прадпрыемстваў, Франак Вячорка адказаў, што Ісландыя не з’яўляецца сябрам Еўразвязу, таму не можа ўплываць на еўрапейскія санкцыйныя спісы.

,,

«Наколькі мне вядома, гэта была ініцыятыва выключна Вугоршчыны. Ну а тое, што ў Машэнскага бізнес з Ісландыяй – гэта доўгая гісторыя, і, здаецца, гэта не сакрэт: ён сапраўды закупае прадукцыю, і мы ўздымалі гэтае пытанне. Вядома, доля рынку не такая вялікая і істотная ў параўнанні з іншымі, але факт ёсць факт», – адзначыў Вячорка. 


Бізнесовец Аляксандр Машэнскі. Фота: probusiness.io

«Гэта або крывадушнасць, або недагляд з польскага боку». Чаму набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец жыве ў Польшчы?

навіны

Больш дыскусіяў выклікае пытанне наконт статусу ганаровага консула Ісландыі ў Рэспубліцы Беларусь, які мае Аляксандр Машэнскі – ці павінен яго мець чалавек, які працягвае працу ў Беларусі, адзначыў суразмоўца.

Вячорка таксама падкрэсліў, што ісландскі бок вывучае гэтае пытанне, спрабуючы таксама высветліць, па-першае, ці падтрымлівае Аляксандр Машэнскі вайну Расеі ва Украіне, а па-другое – наколькі ён падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі будуць такія доказы і сведчанні, то ісландцы гатовыя пераглядзець супрацу з Машэнскім у любой форме», – адзначыў дарадца Ціханоўскай.

У той жа час на заўвагу аб тым, што Машэнскі плаціць падаткі ў краіне, у якой мноста людзей пасля пратэстаў 2020 года знаходзяцца ў турмах і што гэта таксама можна трактаваць як падтрыманне рэжыму Лукашэнкі наўпрост, Франак Вячорка адказаў, што ўсё залежыць ад таго, як глядзець на гэтае пытанне.

,,

«Насамрэч ёсць больш вялікія і важныя спонсары рэжыму і ўдзельнікі схематозаў па абыходзе санкцыяў, чым Машэнскі. То бок калі сапраўды параўноўваць яго з іншымі мэтамі [бізнесменамі, набліжанымі да Лукашэнкі. – Заўв. рэд. «Белсата»], якія сапраўды павінны быць у санкцыйных спісах, не павінны ездзіць [у заходнія краіны. – Заўв. рэд. «Белсата»] і, наадварот, павінны патрапіць пад суд, то я б у першую чаргу факусаваўся на іншых», – адзначыў Вячорка.


Дарадца Ціханоўскай таксама адзначыў, што ставіўся б скептычна да чутак аб тым, што Машэнскі праводзіць за мяжой сустрэчы з беларускімі актывістамі і грамадскімі арганізацыямі. Бо гэта можа быць рызыкоўна для самога Машэнскага ўнутры краіны, калі ўлічваць, што ён ездзіць у Беларусь.

Калі б Машэнскі абраў дэмакратычны шлях і прапанаваў нейкія сродкі для беларускіх дэмакратычных арганізацыяў, то, на думку Вячоркі, гэта было б не вельмі маральна, бо Машэнскі працуе ў Беларусі і, безумоўна, мае кантакты з рэжымам.

«Але сам пераход людзей на дэмакратычны бок трэба вітаць. І калі людзі падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў публічнай прасторы ці ў сакрэце, непублічна – гэта трэба толькі вітаць. Таму што ў нас, напрыклад, сярод чыноўнікаў, наменклатуры шмат кантактаў, і гэтыя людзі ў розны спосаб дапамагаюць нам, у тым ліку складаць санкцыйныя спісы», – сказаў Франак Вячорка.

Сяргей Падсасонны / Раман Шавель, belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10