Аналітыка

Лукашэнка хоча быць сапраўдным прэзідэнтам. Улады зрабілі высновы з падзеяў 2020 года

Прыхільнікі самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі
Прыхільнікі самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі трымаюць плакаты з надпісам: «Наш прэзідэнт, наша краіна!», «Беларусы самі вырашаюць свой лёс!», падчас мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 16 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News (edited)
podpis źródła zdjęcia

Парламент сабраўся на восеньскую сесію, падчас якой мусяць прызначыць дату прэзідэнцкіх выбараў. Не чакаючы адмашкі, улады ўжо пачалі актыўную перадвыбарчую кампанію. Каб не паўтарыць памылак 2020 года і забяспечыць сапраўднае падтрыманне – тлумачаць эксперты прычыны мабілізацыі дзяржаўных прапагандыстаў. Але ці магчыма гэта?

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка кажа пра чатыры імаверныя даты выбараў. Паводле інфармацыі «BELPOL», улады збіраюцца правесці іх 23 лютага 2025 года.

Шэраг фактаў сапраўды сведчыць на карысць версіі пра дату выбараў 23 лютага: напрыклад, разнарадкі ў школах на правядзенне ідэалагічных мерапрыемстваў; праўладны канцэрт, запланаваны на 24 лютага; імавернае скліканне УНС, якое заўсёды адбываецца напярэдадні важных дзяржаўных падзеяў. Пра рыхтаванне да выбараў сведчаць і іншыя крокі ўлады. Сабралі асноўныя.

Гандаль палітвязнямі

Не трэба было быць вялікім празорліўцам у 2020 годзе, каб прадказаць, што праз нейкі час Аляксандр Лукашэнка пачне гандляваць жыццямі арыштаваных за палітыку людзей, каб атрымаць для сябе прэферэнцыі – легітымнасць як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Ён ужо неаднойчы рабіў такое. Праўда, маштабы і стаўкі ў такім гандлі гэтым разам куды вышэйшыя.

Выглядае, што гэты час настаў. Пачынаючы з ліпеня на волю выпускаюць групы палітвязняў паводле памілавання, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам. Апошняя такая група з 37 чалавек выйшла на волю 16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, абвешчанага ўладамі ў 2021 годзе. Такім чынам, з ліпеня агулам вызвалілі ўжо 115 чалавек, а калі яшчэ ўлічваць украінцаў, якіх выпусцілі ў межах расейска-ўкраінскага абмену, то 120 асобаў.

На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, адна з прычынаў такіх дзеянняў – гэта менавіта выбары, што адбудуцца налета.

,,

«Вядома, яму [Лукашэнку. – Заўв. belsat.eu] хацелася б, але гэта зусім нерэалістычная задача, каб Захад нейкім чынам прызнаў гэтыя выбары», – кажа Цыганкоў і дадае, што ў ролі легітымнага кіраўніка Лукашэнка хацеў бы ўзяць удзел у мірных перамовах, якія могуць адбыцца паміж Расеяй і Украінай. І гэта другая мэта, якую ён мае, выпускаючы палітвязняў.


Пры гэтым рэжым не вельмі хвалюе, што толькі за лета 2024 года паводле крымінальных артыкулаў за краты кінулі больш за 480 чалавек, з якіх 172 прызнаныя палітвязнямі. Выпуск палітычных зняволеных, кажа Віталь Цыганкоў, гэта паліттэхналагічны ход, які трапіць ува ўсе медыі як у Беларусі, так і за мяжой, а тое, што рэпрэсіі працягваюцца, – дык гэта ўжо зрабілася руцінай, якая, на жаль, нікога не здзіўляе.

«Бацька добры»

Спрабуючы намаляваць новую карціну нармальнасці, прапаганда неаднойчы казала пра тое, што вызваленне палітвязняў – гэта «добрая воля» літасцівага Аляксандра Лукашэнкі. Такі ягоны вобраз па меры набліжэння да 2025 года пачаў усё часцей узнікаць у прапагандысцкіх медыях.

«Бацька – добры. І нават тых людзей, якія ішлі да Палацу Незалежнасці з плакатамі «Сыходзь», ён лічыць беларусамі, смуткуе пра іхную жыццёвую памылку і дае другі шанец», –
заявіў у эфіры сваёй праграмы Грыгорый Азаронак.

Своеасаблівым падмацаваннем гэтай тэзы можна лічыць тое, што сярод апошніх хваляў памілаваных значная колькасць людзей была асуджаная менавіта паводле арт. 368 («Знявага Лукашэнкі») ці арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку») Крымінальнага кодэксу РБ.

Аляксандр Лукашэнка наведвае выбарчы ўчастак падчас прэзідэнцкіх выбараў у Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Pool / Reuters / Forum
Аляксандр Лукашэнка наведвае выбарчы ўчастак падчас прэзідэнцкіх выбараў у Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Pool / Reuters / Forum

«Здымайце санкцыі»

Але за дабрынёй і літасцівасцю стаіць хіба нешта большае, чым выдае прапаганда. Паміж радкоў ледзь выразна чытаецца настойлівае патрабаванне: «Здымайце санкцыі». Гэта можна пабачыць на прыкладзе яшчэ адной фігуры – Рамана Пратасевіча.

Як бачым, адзін з галоўных ворагаў Лукашэнкі, дзеля якога ў 2021 годзе спатрэбілася садзіць цэлы самалёт «Boeing», раптоўна зажыў сабе паўнавартасным жыццём: ён уладкаваўся на працу электразваршчыкам на Менскім заводзе імя Казлова, пазбавіўся цяжару велічэзнага штрафу (24,5 мільёна рублёў), а пасля дык увогуле паехаў на адпачынак у Дубай «глядзець на шпілі».

Гэта выглядае як яшчэ адна замалёўка трансфармацыі рэжыму, створаная крэатыўным аддзелам беларускай прапаганды: маўляў, глядзіце, той самы Пратасевіч, за якога вы ўвялі сур’ёзныя санкцыі супраць Беларусі, гуляе сабе на свабодзе, а вы ўсё ніяк не хочаце зняць з нас накладзеныя абмежаванні.

«Часткай псіхалагічнай гульні» назваў вандроўку Пратасевіча ў Эміраты гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Акрамя таго, на Рамана Пратасевіча ўсклалі яшчэ адну функцыю: агучванне імёнаў палітвязняў, якія выходзяць на волю пасля памілавання. Своеасаблівая гульня рэжыму, калі пра вызваленне палітвязняў гаворыць той, хто таксама не так даўно лічыўся палітвязнем, але цяпер ёсць «законапаслухмяным грамадзянінам» РБ. Гэткі «зваршчык» расколатага грамадства. На думку экспертаў, гаворка ідзе пра перахопліванне важнага пытання пра палітвязняў, якому надаюць асаблівую ўвагу на Захадзе і якае для дэмакратычных сілаў у выгнанні мае найбольшы прыярытэт.

,,

«Я думаю, што гэта частка інфармацыйнай вайны, якую вядзе рэжым, бо трэба разумець, што гэтая тэма [тэма палітвязняў. – Заўв. belsat.eu] вельмі важная для ўсіх беларусаў і для грамадзянскай супольнасці, таму перахапіць гэтую павестку для рэжыму вельмі важна. І ён хоча з таго ж Пратасевіча зрабіць прапагандысцкага сэлэбрыці, які можа набраць нейкія пункты, каб потым гэта можна было выкарыстоўваць», – кажа ў інтэрв’ю «Белсату» праваабаронца Dissidentby.com Марыя Касінерава.


Пашырэнне кола міжнародных назіральнікаў

Пра тое, што на выбарах 2025 года плануецца «пашырэнне кола міжнародных назіральнікаў», 16 верасня заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. Маўляў, гэта плануюць зрабіць за кошт запрашэння цэнтральных выбарчых органаў тых краінаў, з якімі Беларусь узаемадзейнічае ў рамках Міжнароднай асацыяцыі выбарчых органаў.

На думку каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, рэжым цяпер зацікаўлены ў тым, каб запрасіць як мага больш розных прадстаўнікоў, гатовых заплюшчыць вочы на рэчаіснасць і прызнаць любыя вынікі «выбараў», якія адбудуцца ў Беларусі.

«Тут, напэўна, пойдуць у хаду індывідуальныя прадстаўнікі заходніх краінаў, прадстаўнікі ўльтралевых і ўльтраправых партыяў, лаяльных да Крамля, або прадстаўнікі афіцыйных уладаў тых краінаў, якія спрабуюць дыверсіфікаваць сваю палітыку на ўсход. Мы бачым, што гэта могуць быць у першую чаргу Сербія, Вугоршчына і, магчыма, Славакія», – адзначае для «Белсату» Вадзім Мажэйка.

Стварэнне інфармацыйнага каналу

Разумеючы, што інфармацыйны парадак дня трэба трымаць у тонусе, асабліва напярэдадні выбараў, улады паклапаціліся пра стварэнне чарговага навіннага тэлеканалу, які мусіць весці трансляцыю 24 гадзіны на содні.

«Абавязкова зрабіце [тэлеканал. – Заўв. belsat.eu], каб гэта быў сапраўдны беларускі канал. Без усялякай хлусні», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, тым самым дэманструючы, што на іншых каналах такая хлусня нібыта ўсё ж такі ёсць.

І вось 17 верасня, у так званы Дзень народнага адзінства, канал, «падобнага да якога паводле ўзроўню і задумы ў нацыянальнай медыяпрасторы не было», пачаў сваю працу. Журналісты паглядзелі яго сетку, напоўненую спрэс прапагандысцкімі праграмамі, і зразумелі, што пакуль там без навацыяў – яго зляпілі з таго, што было.

Як кажа ў размове з «Белсатам» доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, у дзяржаўную прапаганду цягам чатырох гадоў інвеставалі вялікую колькасць рэсурсаў (і арганізацыйных, і фінансавых), і ўлады, відавочна, чакаюць, «што ў межах наступнай выбарчай кампаніі гэта прынясе свае плады».

Сам жа Лукашэнка падчас выступу на сходзе з нагоды Дня народнага адзінства адзначыў, што гэты канал – «годны адказ "беглым" і іхным заходнім куратарам», якія напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў зноў спрабуюць «узбаламуціць грамадства». Тым самым ён фактычна пацвердзіў, што канал наўмысна запускаўся да так званай прэзідэнцкай кампаніі.

Пачатак вяшчання «Першага інфармацыйнага» каналу. Менск, Беларусь. 17 верасня 2024 года. Фота: sb.by
Пачатак вяшчання «Першага інфармацыйнага» каналу. Менск, Беларусь. 17 верасня 2024 года. Фота: sb.by

Канферэнцыя ў справе міграцыі

У перадвыбарчую логіку, каб паказаць нармалізацыю жыцця ў Беларусі, кладзецца і змена каманды ў атачэнні Лукашэнкі: нагадаем, што ўпершыню за чатыры гады на ключавыя пасады былі прызначаныя не сілавікі, як гэта адбывалася дагэтуль, а маладыя амбіцыйныя палітыкі – такія, як новы кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч, якіх, дарэчы, звязваюць з папярэднімі раўндамі нармалізацыі адносінаў з Захадам. На пасаду кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі быў прызначаны былы пасол РБ у Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Крутой.

Неўзабаве мы нават убачылі такія-сякія крокі, абвешчаныя гэтай камандай. Так, Максім Рыжанкоў анансаваў правядзенне міжнароднай канферэнцыі ў справе супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі і паведаміў, што на яе будуць запрошаныя міністры краінаў Еўразвязу. На думку аўтараў гэтай ідэі, такі крок павінны прадэманстраваць жаданне Беларусі развязваць канфліктныя пытанні з Захадам.

Такім чынам, як зазначае ў размове з «Белсатам» аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч, улады, падобна, зрабілі высновы з электаральнай кампаніі 2020 года, калі рыхтаванне да выбараў пусцілі на самацёк, а Лукашэнка напярэдадні выбараў сустракаўся не з працоўнымі калектывамі, а з чыноўніцтвам і сілавымі структурамі.

«Цяпер ён спрабуе выправіць тыя памылкі і не паўтараць іх, мабілізоўвае дзяржаўны апарат, каб пачаць кампанію загадзя і мець рэальную падтрымку, а не толькі фіктыўную, як гэта звычайна бывае падчас прэзідэнцкіх выбараў [у Беларусі. – Заўв. belsat.eu]», – адзначае Валер Карбалевіч.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10