навіны

Эксперт: «Адпачынак Пратасевіча ў Эміратах – частка псіхалагічнай гульні КДБ»

Раман Пратасевіч у музеі будучыні ў Дубаі, ОАЭ. 10 верасня 2024 года. Фота: SPRAVA / Telegram
Раман Пратасевіч у музеі будучыні ў Дубаі, ОАЭ. 10 верасня 2024 года. Фота: SPRAVA / Telegram
podpis źródła zdjęcia

9 верасня былы галоўны рэдактар Telegram-канала NEXTA Раман Пратасевіч паведаміў, што паляцеў на адпачынак у Дубаі з жонкай, і што больш, па рашэнні суда, яму не трэба выплочваць велічэзны штраф у памеры 24,5 млн рублёў. Што яму трэба было зрабіць, каб рэжым спачатку памілаваў, а потым яшчэ і адмяніў штраф, выпусціўшы за мяжу, высвятляем з экспертам.

Падчас стрыму «Мінск - Масква» з Эміратаў Раман Пратасевіч паведаміў, што падаў апеляцыю і суд адмяніў для яго штраф, і такім чынам у яго больш няма абмежаванняў на выезд.

«Я падаў апеляцыю, і мне скасавалі гэты штраф. Усё сумленна, усё законна. Гэта была афіцыйная працэдура. Была апеляцыя, былі асобныя судовыя пасяджэнні. Я прывёў, як аказалася, дастатковую колькасць аргументаў для таго, каб гэты велізарны, я б нават сказаў астранамічны, штраф адмянілі», – сказаў Пратасевіч.

Ён жа адзначыў, што ў тым ліку даводзіў да суду, што не павінен несці адказнасць у адзіночку, калі Сцяпан Пуціла [блогер, стваральнік праектаў NEXTA] і Ян Рудзік [блогер, на дадзены момант баец палку Каліноўскага] знаходзяцца за мяжой.

«Ляцець менавіта ў Эміраты – рашэнне не Пратасевіча»


Паводле рашэння суда Пратасевічу трэба было выплаціць 24,5 млн рублёў (каля 7 млн долараў). Але, як стала вядома 9 верасня, гэты штраф суд для яго адмяніў.

Дык што такого трэба было зрабіць, каб рэжым спачатку памілаваў, а потым адмяніў нават велічэзны штраф, што дазволіла Пратасевічу зляцець нават за мяжу?

Раман Пратасевіч у самаёце. Фота: SPRAVA / Telegram
Раман Пратасевіч у самаёце. Фота: SPRAVA / Telegram

«Пачнем з таго, што Пратасевіч вельмі добра, і нават крэатыўна, адыграў сваю ролі і выканаў дамоўленасці з рэжымам, – каментуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Ён зрабіў усе, як ім было патрэбна. Без сумневаў, псіхалагічны ціск на яго адбываецца і зараз. Што тычыцца гэтага штрафу, то ад самага пачатку было зразумела, што Пратасевіч будзе не ў стане яго выплаціць».

Пры гэтым, на думку эксперта, нават той факт, што зараз Пратасевіч стаў выязным, не гаворыць пра тое, што ў яго ёсць спакуса не вярнуцца ў Беларусь.

«Ён цалкам кішэнны. Лукашэнкаўская Беларусь зараз – тое месца, дзе гэты хлопец адчувае сябе найбольш утульна і ўпэўнена. Калі Пратасевіч з’явіцца на Захадзе, да яго будзе шмат даволі сур’езных пытанняў. Дарэчы, больш чым упэўнены, што рашэнне паехаць у Эміраты – гэта таксама не яго рашэнне. Ён не вольны сам вырашаць, паедзе кудысьці ці не. Пратасевіч даволі шмат чаго ведае і можа расказаць. Таму яго вельмі шчыльна кантралююць. І ён кожны раз праходзіць так званыя тэсты, каб пацвердзіць сваю лаяльнасць. У яго вельмі хісткі шлях. Адзін крок не туды – і пачнуцца вялікія праблемы. Што тычыцца непасрэдна абранага напрамку, то тут, мажліва, Пратасевіч і сам абраў Дубаі. Але рашэнне, паляціць ці не, прымае дакладна не ён. Зразумела, гэта ж усё павінен быў хтосьці яшчэ і аплаціць», – мяркуе Фрыдман.

У сваім інтэрв’ю прапагандыстам Раман Пратасевіч паведаміў, што ўжо тры месяцы працуе на заводзе газазваршчыкам на менскім заводзе. Таксама даў зразумець, што заробак у яго не дрэнны. Мы пашукалі вакансіі на гэтым жа заводзе. У сярэднім стаўка электрагазазваршчыка ацэньваецца ў 2,5 тыс. беларускіх рублёў на месяц. Гэта меней за тысячу долараў. Улічваючы, што толькі ў адзін бок білет да Эміратаў каштуе 300 долараў (600 ў два бакі), а самы танны трохзоркавы гатэль на тыдзень – 400 долараў, то ўжо нават на гэтыя расходы месячнага заробку электрагазазваршчыка не хапіла б. Больш за тое, Пратасевіч паведаміў, што дагэтуль выплаціў яшчэ амаль тысячу долараў штрафу падатковай.

,,

«Пратасевіч зараз той чалавек, які абмяркоўвае кожны крок са сваімі куратарамі ў КДБ. Інакш немагчыма, – гаворыць Аляксандр Фрыдман. – Яго вандроўка ў Эміраты – гэта частка псіхалагічнай гульні і ціску на тых беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Маўляў, «вось вы там засталіся, вам там складана, а Пратасевіч вандруе. Вы думалі, што мы яго накіруем турму, а не».


Акрамя таго, есць жа гэтая гісторыя з польскім ордэрам на арышт людзей, якія ўдзельнічалі ў захопе Пратасевіча. Усё гэта – яшчэ і ход у гэтым кірунку, прапагандысцкая аперацыя: глядзіце, гэтых людзей хочуць арыштаваць, а сам чалавек, дзеля якога ўсё круцілася, на свабодзе, вандруе, усё добра ў яго.

На думку суразмоўцы, паездка ў Эміраты – дадатковы тэст і для самога Пратасевіча. 

,,

«Мяркую, яго там суправаджалі. Эміраты – месца, у якім шмат турыстаў. Сам Пратасевіч – персанаж вельмі вядомы. Яго твар пабачыў амаль увесь свет. Акрамя таго, у Эміратах хапае выхадцаў з Беларусі, Расеі, Украіны. Памятаеце гісторыю з Юліяй Цімашэнка ў 2022? Калі яе там пабачылі ў Дубаі ўкраінскія турысты, як яна там на пляжы адпачывае. Яны зрабілі відэа, і гэта вельмі моцна ўдарыла па палітычнай кар’еры Цімашэнкі. Калі ўявіць, што Пратасевіч мог свабодна гуляць па Дубаі, у сацсетках было б ужо шмат відэа з ім, бо людзі б яго пазналі і знялі. А тут – нічога акрамя таго, што паказаў сам Пратасевіч». 


На думку Фрыдмана, збегчы за мяжу ў Пратасевіча зараз спакусы няма.

«Чалавек, які ў эфіры з прапагандыстамі Гладкай і Прыдыбайлам абмяркоўвае кошты бялізны Святланы Ціханоўскай, відавочна, бачыць сваю будучыню ў Беларусі, а не на Захадзе. Ніжэй падаць ужо няма куды. Мой уласны погляд – Пратасевіч хоча стаць дзяржаўным прапагандыстам, як Юрый Васкрасенскі, да прыкладу. Вось ён зноў і пайшоў на журфак вучыцца. Ён хоча быць зоркай з другога боку. Але не думаю, што ў яго штосьці атрымаецца, бо да яго ўсё роўна ёсць недавер. Хутчэй за ўсё будуць выкарыстоўваць для нейкіх канкрэтных мэтаў і спецаперацый».

«Белсат» звязаўся таксама з Янам Рудзікам і Сцяпанам Пуцілам, каб спытаць іх меркавання наконт адпачынку Пратасевіча ў Эміратах. Але яны далі зразумець, што каментаваць гэтую гісторыю і асобу самога Рамана ім нецікава.

Справа «Ryanair»

Нагадаем, Раман Пратасевіч быў арыштаваны ў траўні 2021 года. Каб гэта зрабіць, у Беларусі незаконна пасадзілі самалёт авіякампаніі «Ryanair». Пасля гэтага Украіна і Еўразвяз увялі санкцыі супраць Беларусі – над краінай не лятаюць заходнія авіякампаніі, для беларускіх самалётаў паветраная прастора краінаў Захаду таксама апынулася закрытая.

Раман Пратасевіч выступае падчас прэс-канферэнцыі ў Менску, Беларусь. 14 чэрвеня 2021 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency / Abaca Press / East News
Раман Пратасевіч выступае падчас прэс-канферэнцыі ў Менску, Беларусь. 14 чэрвеня 2021 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency / Abaca Press / East News

Пуцілу, Рудзіка і Пратасевіча абвінавацілі у здзяйсненні не менш за 1 586 злачынстваў. Сярод іх: распальванне сацыяльнай варожасці, арганізацыя масавых беспарадкаў, публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, тэрарыстычныя акты, стварэнне экстрэмісцкай супольнасці і кіраўніцтва ім, паклёп і публічная абраза прэзідэнта.

Таксама Пуціла, Рудзік і Пратасевіч абвінавачваліся ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Сцяпану Пуцілу было выстаўленае абвінавачванне ў арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.

Пратасевіча пакаралі 8 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Для Рудзіка і Пуцілы завочна была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Такія завочные прысуды ў Беларусі сталі магчымымі ад ліпеня 2022 года, пасля таго, як Лукашэнка падпісаў закон аб унясенні змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў за мяжой, якія пакінулі краіну, баючыся катаванняў і крымінальнага пераследу па палітычных матывах.

Раман Пратасевіч настолькі актыўна супрацоўнічаў са следствам, што пасля прысуду застаўся пад хатнім арыштам. У пачатку 2022 года Пратасевіч нават паведаміў, што пачынае працаваць з цэнтрам «Сістэмная праваабарона», які з'явіўся на фоне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Польшчы.

22 траўня 2023 году стала вядома, што яго памілаваў Лукашэнка. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выключыла Пратасевіча са спісу грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Камітэт дзяржбяспекі выключыў яго са спісу асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10