навіны

MAYDAY.TEAM: Улады рыхтуюць калектывы школ да правядзення выбараў у лютым

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: радыё Свабода
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: радыё Свабода
podpis źródła zdjęcia

Улады рыхтуюцца да правядзення «выбараў Лукашэнкі» ў лютым 2025 года. Чарговае пацвярджэнне гэтаму – у разнарадцы, якую Мінадукацыі рассылае па школах.

Так, у інструктыўна-метадычным лісце «Асаблівасці арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2024/2025 годзе», падпісаным міністрам адукацыі Андрэем Іванцом, прыводзіцца цыклаграма з запланаванымі ідэалагічнымі мерапрыемствамі, піша тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў «MAYDAY.TEAM».

У цыклаграме на люты прапісаны тэматычныя сустрэчы кіраўніцтва ўстановаў з працаўнікамі калектываў на тэму «Час выбраў нас! па падрыхтоўцы выбарчай кампаніі» (арфаграфія захаваная). 

Дакумент, які рассылаецца ў школы. Крыніца: MAYDAY.TEAM / Telegram
Дакумент, які рассылаецца ў школы. Крыніца: MAYDAY.TEAM / Telegram
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка і Аляксандр Лукашэнка. Фота: soyuz.by
Старшыня ЦВК Беларусі: ёсць чатыры магчымыя даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў навіны

Гэта, на думку аўтараў тэлеграм-канала, пацвярджае тое, што выбары, верагодней за ўсё, прызначаныя менавіта на люты 2025 года, нягледзячы на тое, што афіцыйна дата яшчэ не зацверджана. 

Акрамя таго, на снежань 2024-га ў графіку пазначаны Адзіны дзень інфармавання на тэму «Выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь». У студзені 2025 года запланаваныя тэматычныя сустрэчы кіраўніцтва з калектывам супрацоўнікаў пад назвай «Новы год – Новыя задачы». Аднак ужо пасля лютага графік працы настаўнікаў ужо не ўтрымлівае выбарчай тэматыкі, адзначаюць аўтары матэрыяла.

Дакумент таксама патрабуе працягваць ідэалагічную працу з дзецьмі па мінулагодняй схеме з некаторымі зменамі. Асаблівая ўвага будзе надавацца групам, якія будуць удзельнічаць у цырымоніях з дзяржаўным сцягам – іх склад будуць падбіраць вельмі ўважліва, а куратарам прызначаць настаўнікаў. Цырымоніі з унясеннем сцяга пройдуць у памяшканнях з высокімі столямі, а ўдзельнікаў забяспечаць параднай вайсковай формай.

Акрамя гэтага, школы і навучальныя ўстановы павінны ўзмацніць працу па прадухіленні ўдзелу вучняў у забароненых арганізацыях, актыўна супрацоўнічаючы з органамі, якія змагаюцца з «экстрэмізмам». У рамках гэтай працы вучням старэйшых класаў зноў пакажуць фільм АНТ «Убойная посылка», пасля чаго настаўнікі арганізуюць яго абмеркаванне.

Дакумент, які рассылаецца ў школы. Крыніца: MAYDAY.TEAM / Telegram
Дакумент, які рассылаецца ў школы. Крыніца: MAYDAY.TEAM / Telegram

Ідэалагічнай апрацоўкай у школах будуць займацца і з бацькамі вучняў. Так, новаўвядзеннем з'яўляецца правядзенне агульнашкольных бацькоўскіх сходаў чатыры разы на год з удзелам кіраўнікоў БРСМ (Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі) і БРПА (Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя). Абавязковай стане таксама праграма «Бацькоўскі ўніверсітэт», якая прадугледжвае ідэалагічнае выхаванне разам з бацькамі ў працоўныя дні вечарам або ў шосты школьны дзень.

Нагадаем, што 10 верасня ўлады адрэагавалі на звесткі пра дату правядзення выбараў, якая апошнім часам абмяркоўваецца ў СМІ. Сітуацыю пракаментавалі і сам Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што скрайні тэрмін правядзення выбараў – 20 ліпеня, а разважанні наконт іх магчымай даты назваў «інсінуацыямі». Пасля яго старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка адзначыў, што разглядаюцца чатыры магчымыя даты правядзення выбараў, але, маўляў, фінальна іх мусіць зацвердзіць беларускі парламент. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10