навіны

Хунта М’янмы працягвае бамбіць паўстанцаў, пакуль краіна – у руінах ад землятрусу

Наступствы землятрусу ў сталіцы М'янмы Нэп’ідо. Фота: myanmar-now.org
Наступствы землятрусу ў сталіцы М'янмы Нэп’ідо. Фота: myanmar-now.org
podpis źródła zdjęcia

Магутны землятрус магнітудаю 7,7 ў М'янме нанёс маштабную шкоду важнай інфраструктуры, у тым ліку энергасістэмы, дарогі і масты. Падземныя штуршкі парушылі электра- і водазабеспячэнне, сувязь у пацярпелых раёнах, уключаючы сталіцу Нэпʼідо. Аднак удараў вайсковай хунты па паўстанцах гэта не спыніла.

«Myanmar Now» адзначае, што на дзень 31 сакавіка колькасць ахвяраў землятрусу ў краіне дасягнула 2056 асобаў. 3900 пацярпелі, а 300 мяркуюцца зніклымі.

Са спасылкаю на дзяржаўныя медыі выданне піша, што землятрус нанёс сурʼёзную шкоду будынкам і інфраструктуры. Найбольшую колькасць ахвяраў зафіксавалі ў паселішчах Мандалай, Сагайна і сталіцы Нэп’ідо. У апошняй землятрус пашкодзіў міністэрскія будынкі (у тым ліку міністэрствы замежных і ўнутраных справаў, працы, транспарту і камунікацыяў і чыгункі), жылыя комплексы для чыноўнікаў, дарогі, масты, электралініі, падстанцыі, трансфарматары ды іншую важную інфраструктуру.

,,

«Працаўнікі грамадзянскай службы вымушаныя спаць на вуліцы. Яны не наважваюцца вяртацца ў свае дамы. Некаторыя дзяржаўныя службоўцы загінулі. Абрынуліся платы і сцены некаторых шасціпавярховых жылых комплексаў. Аднак у памяшканнях для вайсковага персаналу амаль не было ахвяраў», – сказаў «Myanmar Now» былы вайсковец, які пажадаў застацца неназваным.


Міністр інфармацыі Маун Маун наведаў разбураныя жылыя памяшканні для чыноўнікаў 30 сакавіка, назваўшы землятрус самым магутным за больш як стагоддзе. Вайскоўцы цяпер жывуць у часовых намётах.

Паведамляюць пра значныя пашкоджанні хуткаснай аўтамагістралі Янгон – Мандалай працягласцю 366 міляў, а таксама старых міжгародніх дарог, якія дэфармаваліся і патрэскаліся, а таксама пра разбураныя і пашкоджаныя масты.

Хунта заявіла 31 сакавіка, што зробленыя захады для водазабеспячэння, запэўнівання часовых прыбіральняў і станцыяў ладавання тэлефонаў. Усю адміністрацыю вайсковага рэжыму ў Нэпʼідо прыпынілі, яна функцыянуе толькі ў паселішчах, якія не моцна пацярпелі ад землятрусу, піша «Myanmar Now».

Мʼянма і да землятрусу жыла паводле пазменнай падачы электрычнасці, але абрыў ЛЭП падчас землятрусу пагоршыў сітуацыю, у выніку чаго Нэпʼідо, Мандалай і Сагайн засталіся без электрычнасці. У Янгоне, які менш пацярпеў ад землятрусу, электрычнасць цяпер падаецца толькі каля дзвюх гадзінаў на дзень. Хунта працуе над аднаўленнем пашкоджанай электрасеткі, але тэрміны аднаўлення могуць скласці ад 10 дзён да некалькіх месяцаў, у залежнасці ад наяўнасці запасных частак, кажуць крыніцы выдання.

Крэмацыя ахвяраў землятрусу ў М'янме. Фота: Kan Kaung / Myanmar Now
Крэмацыя ахвяраў землятрусу ў М'янме. Фота: Kan Kaung / Myanmar Now

Жанчына з Мандалаю апавяла «Myanmar Now», што шмат хто цяпер спіць надварэ і ў палях каля рову, баючыся, што могуць абрынуцца і іншыя будынкі. Праз апоўзні, выкліканыя землятрусам, і абрывы ЛЭП жыхары маюць праблемы з гатаваннем ежы і доступам да чыстай пітной вады.

Пры гэтым выданне «Karenni Peopleʼs Voice» адзначае: не зважаючы на наступствы землятрусу, улады М’янмы ўсцяж бамбяць паўстанцаў. Гэтак, 30 сакавіка а 16:00 хунта нанесла авіяўдары па мястэчку Хпруса штату Карэні, выкарыстоўваючы 500-фунтовыя і 300-фунтовыя бомбы. Таксама авіяўдары былі нанесеныя і па іншых раёнах, піша «Myanmar Now».

Нагадаем, што ў Паўднёва-Усходняй Азіі 28 сакавіка адбыўся землятрус магнітудаю 7,7. Эпіцэнтр быў у М’янме, але штуршкі адчуваліся ў Тайландзе і Кітаі. Пра пацярпелых беларусаў не паведамлялі, а ў М’янме тады была з візітам дэлегацыя Міністэрства абароны Беларусі на чале з міністрам Віктарам Хрэніным.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10