Надзвычайная сітуацыя дзяржаўнага ўзроўню праз вясновыя замаразкі! Але не ў Беларусі, а ў суседняй Літве.

У некаторых мясцінах Літвы ўраджай ягадаў і ранняй гародніны знішчаны амаль цалкам, паведамляе выданне «Delfi». «Сёлета ў нас быў вельмі цёплы пачатак красавіка – і вегетацыя раслінаў актывізавалася, у тым ліку збожжавых, гародніны і ягадаў. Вегетацыя азначае ранейшае квітненне, а затым здарыліся замаразкі ў красавіку і траўні», – кажа намеснік міністра сельскай гаспадаркі Літвы Андрус Палёніс.
У Беларусі красавік і травень таксама выдаліся надзвычай халодныя. Як вынік – у асобных мясцінах давялося перасаджваць збожжавыя культуры. На дадатак паўстала праблема з яблыкамі. «Мы бачым страты ў межах 30 %. Леташні ўраджай, які мы вырасцілі ў Берасцейскай вобласці, гэта 120 тысяч тон яблыкаў. Страцілі 30, але 70 застанецца», – разважае Пётр Пархомчык, кіраўнік Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэту.
Ці могуць земляробы неяк засцерагчыся ад непрыемных наступстваў халоднага надворʼя? На думку былога агранома Змітра Лупача, могуць, але ёсць нюансы.
,,«Супрацьстаяць замаразкам лягчэй там, дзе прыватная гаспадарка... Бо кожны гаспадар будзе ўлічваць рызыкі, на яго зверху ніхто не націскае. Таму там рызыка можа быць меншая», – кажа Зміцер Лупач.
Проста цяпер у Беларусі – сезон збору трускалак. На менскім Камароўскім рынку прадаўцы хвалююцца, што можа быць дэфіцыт гэтых ягадаў. Маўляў, цяпер прадаюць трускалкі з цяпліцаў, а вось частка грунтовых памерзла. Паводле фермераў, страты могуць скласці да 50 % у параўнанні з леташнім ураджаем.
Ян Федаровіч, «Белсат»