навіны

«Хочам аднавіць дыялог». У Беларусь вяртаецца амбасадар Славаччыны

Ёзэф Мігаш, Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджвае Ёзэфа Мігаша ордэнам Францыска Скарыны. Ліпень 2020 года. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Славаччына адпраўляе ў Беларусь свайго амбасадара – ім стане Ёзэф Мігаш, які ўжо займаў гэты пост з 2016 да 2020 года, паведамляе славацкае агенцтва TASR са спасылкаю на Міністэрства замежных справаў.

Міністр замежных справаў Славаччыны Юрай Бланар заявіў, што дзяржава зацікаўленая ў прагматычнай супрацы з кожнаю краінаю свету.

,,

«Таму мы хочам аднавіць канструктыўны дыялог з беларусамі як на двухбаковым, так і на шматбаковым узроўні, бо сёння неабходна даць прастору дыпламатыі, дыялогу і перамовам, каб дасягнуць вынікаў у, напрыклад, надзвычай важных мірных перамовах аб як мага хутчэйшым заканчэнні вайны ва Украіне», – сказаў кіраўнік дыпламатычнага ведамства.


Чытайце таксама:
Пратэсты ў Славаччыне супраць палітыкі прэм'ер-міністра краіны Роберта Фіца. 23 студзеня 2025 года. Фота: aktuality.sk

У Славаччыне прайшлі шматтысячныя мітынгі супраць палітыкі Фіца

Паводле МЗС Славаччыны, Беларусь – эканамічны і палітычны партнёр Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, таму паступова Славаччына можа развіваць супрацу з нашаю краінай у гандлі, сельскай гаспадарцы, культуры і адукацыі.


Амбасада Славаччыны працягне працу ў Беларусі і будзе надаваць якасныя консульскія паслугі славацкім грамадзянам, заявіў Ёзэф Мігаш.


«Сёння мы бачым рост цікаўнасці грамадзянаў Беларусі да навучання ў славацкіх універсітэтах. У Славаччыне жывуць каля 10 тысяч беларусаў, і яны ёсць мастом паразумення паміж нашымі двума народамі», – зазначыў Мігаш.


У сваёй дыпламатычнай кар’еры Мігаш спецыялізаваўся на краінах Усходняй Еўропы, быў амбасадарам не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне і Расеі.


У 2020 годзе Мігаш падаў у адстаўку з пасады амбасадара ў Беларусі, пасля таго як славацкі МЗС раскрытыкаваў яго за ўдзел у святкаванні 9 траўня ў Менску ў тым жа годзе. Аляксандр Лукашэнка тады ўзнагародзіў Мігаша ордэнам Францыска Скарыны падчас развітальнай сустрэчы 6 ліпеня 2020 года.


Апошні амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня падаў у адстаўку ў жніўні 2020 года, падтрымаўшы беларусаў, якія выйшлі на пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Амбасада Беларусі ў Браціславе была зачыненая ўвосень 2023-га.


Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала Славаччыну і сустракалася з прэзідэнтка Зузанаю Чапутаваю.


Увосень 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славаччыне перамагла партыя «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя», якую ўзначальвае Робэрт Фіца, вядомы сваёй прарасейскай пазіцыяй. Фіца заняў пасаду прэм’ер-міністра Славаччыны. Сёлета ён браў удзел у парадзе 9 траўня ў Маскве, там жа сустрэўся і меў кароткую размову з Лукашэнкам.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10