Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі размясціў на сваёй старонцы ў Х допіс, прысвечаны палітзняволенаму Сяргею Ціханоўскаму – мужу абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай.
Допіс быў зроблены 29 траўня – у 5-ую гадавіну затрымання Ціханоўскага.
,,«Роўна пяць гадоў таму рэжым Лукашэнкі арыштаваў Сяргей Ціханоўскага, актывіста дэмакратычнай апазіцыі. Ён застаецца ў турме да сёння – ягоны лёс за кратамі невядомы ўжо больш за два гады. Мы згадваем яго штодня, падтрымліваючы барацьбу за вольную, дэмакратычную Беларусь», – напісаў міністр.
Радослаў Сікорскі – сімвалічны хросны Ціханоўскага.
Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты на прэзідэнцтва. Затрыманню папярэднічала правакацыя.
Ціханоўскі быў блогерам і лідарам руху «Краіна для жыцця». Яго засудзілі да 19,5 года пазбаўлення волі, абвінаваціўшы паводле 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ:
• ч. 1 арт. 293 – «Арганізацыя масавых закалотаў»;
• арт. 342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»;
• арт. 191 – «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў»;
• арт. 130 – «Распальванне варожасці ці варажнечы»;
• арт. 411 – «Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
28 чэрвеня 2022 года КДБ залучыў Ціханоўскага ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
З 9 сакавіка 2023 года палітзняволенага актывіста ўтрымліваюць у поўнай ізаляцыі ад свету ў рэжыме інкамунікада.
Марыя Міхалевіч belsat.eu