У Паўднёва-Усходняй Азіі 28 сакавіка адбыўся землятрус магнітудаю 7,7. Эпіцэнтр быў у М’янме, але штуршкі адчуваліся ў Тайландзе і Кітаі. Пра пацярпелых беларусаў не паведамлялі, а ў М’янме цяпер з візітам дэлегацыя Міністэрства абароны Беларусі на чале з міністрам Хрэніным.
Раніцай 28 сакавіка ў М’янме адбыўся магутны землятрус магнітудаю 7,7 з эпіцэнтрам у паўночным рэгіёне, піша «Reuters». Вайсковая хунта, якая кіруе значнаю часткаю краіны, абвясціла надзвычайнае становішча.

Паводле «Myanmar Now», ад землятрусу пацярпеў гістарычны палац у каралеўскай сталіцы Мандалай, абрынуўся буйны мост, пачаліся пажары. Штуршкі адчуваліся ў суседніх Тайландзе і Кітаі. Колькасць пацярпелых невядомая, але мясцовыя жыхары паведамляюць пра загінулых, дзясяткі параненых і дзясяткі асобаў пад заваламі.
Землятрус пашкодзіў ці разбурыў шэраг будынкаў. У сталіцы Тайланду абваліўся недабудаваны хмарачос. У горадзе абвясцілі надзвычайнае становішча.
Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў мае мабілізаваць сілы для дапамогі пацярпелым, дапамагчы таксама паабяцала Індыя.
Міністэрства замежных справаў Беларусі расказала, што яшчэ не атрымлівала звестак пра пацярпелых суайчыннікаў, але дыпламаты цяпер у сталым кантакце з кампетэнтнымі органамі.
,,Для экстранай сувязі МЗС Беларусі прапануе нумар + 84 93 646 44 32.
У час землятрусу ў М’янме была дэлегацыя Міністэрства абароны Беларусі на чале з міністрам Віктарам Хрэніным. Афіцыйны Менск адкрыта супрацоўнічае з вайсковаю хунтаю М’янмы, у тым ліку вядзе супрацу ў вайсковай сферы. Прадстаўніца Мінабароны Беларусі паведаміла расейскім медыям, што з беларускаю дэлегацыяй у М’янме «ўсё ў парадку».
Наступствы землятрусу для М’янмы могуць быць асабліва цяжкія: у краіне трывае грамадзянская вайна, узброеныя сутыкненні адбываюцца па ўсёй краіне, паўтара дзясятка фракцыяў кантралююць розныя часткі М’янмы, прычым у ваколіцы эпіцэнтру землятрусу трываюць баі між сіламі хунты і Народнымі сіламі абароны.
Алесь Наваборскі belsat.eu