навіны

Беларусы параўналі кошык прадуктаў у Польшчы і Беларусі: дзе танней?

Крама сеткі Lidl у Польшчы. Фота мае ілюстрацыйны характар. Фота: shoppingpl.com
Крама сеткі Lidl у Польшчы. Фота мае ілюстрацыйны характар. Фота: shoppingpl.com
podpis źródła zdjęcia

Беларусы параўналі цэны ў польскай і беларускай крамах на адны і тыя ж прадукты. Вынікі аказаліся нечаканымі.

Беларусы аднаго з паблікаў у TikTok вырашылі параўнаць цэны на кошык з аднолькавымі таварамі, купленымі ў крамах дзвюх папулярных сетак – у Польшчы і ў Беларусі.

У Польшчы была абраная крама вядомай сеткі «Lidl», у Беларусі – крама сеткі «Санта».

У прадуктовы кошык уваходзілі наступныя харчы: макарона, смятана, сыр, курынае філе, малако, масла, тварог, бананы, упакоўка гарбаты.

У выніку такі кошык з прадуктамі ў Польшчы каштаваў 68,61 злотых (або 53,68 беларускіх рублёў). У Беларусі такі ж самы абышоўся 46,61 рубля (59,57 злотых).


То бок, як вынікае з самога відэа, у Беларусі гэтыя прадукты каштуюць менш. Але не ўсё так проста.

Самі эксперыментатары ў відэа ўдакладнілі, што сыр, масла, тварог маюць меншую масу ва ўпакоўцы (што, відавочна, уплывала і на іхную цану).

Як слушна заўважылі ў каментарах, эксперымент усё ж не быў праведзены без агрэхаў, бо нават курынае філе важыла ў беларускім кошыку на 100 грамаў меней (г.зн. каштавала б больш).

«Калі ўсё з той жа вагой узяць, то ў Беларусі дакладна не танней будзе», – адзначыў адзін з карыстальнікаў.

Яшчэ ў адным каментары заўважылі, што «калі ўсё тое ж купляць у «Бедронцы» [яшчэ адна папулярная сетка ў Польшчы, якая пастаянна спаборнічае з сеткай «Lidl» за званне крамы з найніжэйшымі цэнамі. – Заўв. «Белсату»] на акцыях, то атрымаецца нашмат танней».

,,

«А калі ўлічваць, што ў Польшчы заробак у 3–4 разы большы, чым у РБ, то атрымліваецца, што цэны ў РБ проста касмічныя», – заўважыў карыстальнік.


Нагадаем, што ў красавіку ўрад Беларусі падпісаў шостую рэдакцыю пастановы № 713, якая прадугледжвае карэктаванне сістэмы рэгулявання цэнаў. Згодна з ёй пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай, істотна скарацілі – з 331 да 211 пазіцыяў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10