Старшыня рады дырэктараў «Еўрагандлю» і брат саўладальніка кампаніі Аляксандр Літвін выйшаў на волю пасля затрымання і рэйду сілавікоў на фірму 15 траўня. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцу, блізкую да аднаго з працаўнікоў цэнтральнага офісу «Еўрагандлю».
Крыніца паведаміла, што частка затрыманых топ-менеджараў кампаніі вярнулася на працу, але называецца толькі адно імя – Аляксандра Літвіна, брата аднаго з бенефіцыяраў кампаніі Сяргея Літвіна.
Верагодна, Аляксандр Літвін быў затрыманы на 72 гадзіны.
Сяргей Літвін і яшчэ адзін з асноўных бенефіцыяраў «Еўрагандлю» Уладзімір Васілько больш за дваццаць гадоў жывуць за мяжою.
Прычына налёту сілавікоў на кампанію і яе кіраўніцтва не вядомая. 15 траўня яны прыйшлі ў цэнтральны офіс кампаніі «Еўрагандаль», што валодае сеткай «Еўраопт», а 16-га – і ў офіс «Дабраному». «Еўраопт» і «Дабраном» – дзве самыя буйныя гандлёвыя сеткі ў Беларусі.
Акрамя гэтых выпадкаў, у апошнія дні былі і іншыя напады на буйны бізнес у Беларусі. Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці паведаміў, што затрымаў 11 менеджараў буйной сеткі гандлю ўжываным адзеннем. Таксама прайшлі ператрусы і ў агенцтвах нерухомасці.
Арсен Рудэнка belsat.eu