У траўні беларусы заўважылі знікненне бюста Тадэвуша Касцюшкі, які стаяў перад этнаграфічным музеем у Малых Сяхновічах, што ў Жабінкаўскім раёне. «Белсат» спытаў у прадстаўніцы сельсавету, а таксама ў гісторыка і былога чыноўніка, чаму так адбылося.
Музей зачысцілі ад Касцюшкі
У Сцяпанаўскім сельсавеце, куды журналістка «Белсату» патэлефанавала пад выглядам мясцовай жыхаркі, пра бюст Тадэвуша Касцюшкі сказалі: сапраўды прыбралі, гэта зрабілі на даручэнне райвыканкаму. Як гэта аформілі юрыдычна, работніца сельсавету не памятае: выказвае здагадку, што магла быць пастанова райвыканкаму, потым даручэнне.
,,«Ён стаіць тут, у сельсавеце пакуль, – адказалі «Белсату» пра бюст Касцюшкі. – А там не ведаю, пакуль ніякіх указанняў не было».
Чаму прыбралі бюст Касцюшкі, у сельсавеце не могуць патлумачыць дакладна: імаверна, прычына ў тым, што ў будынку абнавілі экспазіцыю і прысвяцілі музей Другой сусветнай вайне:
«Прыбралі, бо там адкрылі цяпер музей, па-мойму, пра Вялікую Айчынную вайну дадалі, было і ў газеце напісана, можна нават падняць з апошніх газетаў раённых, там распісана пра музей, што там менавіта дадалі, можаце пачытаць. Проста яны там унеслі змены ў музеі».
Публікацыя апісвае абнаўленне экспазіцыі ў краязнаўчым музеі. З публікацыі зразумела, што ў музеі ёсць зала Вялікай Айчыннай вайны, але лёс іншых залаў музею, як і лёс бюста, не апісаны.
Музей у Малых Сяхновічах быў створаны перадусім для ўшанавання Тадэвуша Касцюшкі – славутага жыхара гэтай вёскі. Канстанцін Касцюшка – пачынальнік роду – атрымаў маёнтак у Сяхновічах ад князя Жыгімонта Старога паўтысячы гадоў таму. Гэты маёнтак лічыцца радавым гняздом Касцюшкаў або Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. У Сяхновічах Тадэвуш Касцюшка жыў пяць гадоў па вяртанні з Амерыкі. Не выключана нават, што ён нарадзіўся ў Сяхновічах, а не ў Мерачоўшчыне. Ад маёнтку сёння нічога не засталося – хіба фрагменты парку і дрэвы-аднагодкі Тадэвуша Касцюшкі.
Раней на сайце ўстановы пра гэта расказвалі (архіўная копія): гісторыя музею пачалася з прысвечанага Касцюшку мемарыяльнага пакою ў Сянховіцкай школе, у 2011 годзе мемарыяльны пакой вырас у музей. На сайце гаварылася, што музей мае чатыры залы, адна з якіх цалкам прысвечаная Тадэвушу Касцюшку. Мяркуючы з новага пераліку залаў, тая, што была пра Касцюшку, цяпер стала залаю пра злачынствы нацыстаў і «генацыд беларускага народу». Са згадак пра Касцюшку на сайце музею застаўся хіба адрас: вул. Тадэвуша Касцюшкі 21. А чаму вуліца так завецца, з сайту – а магчыма, і з музею – не дазнацца.
Як расказвала «Наша ніва», бюст ужо прыбіралі ў сталінскі час. Яго стварыла ў 1932-м знакамітая мясцовая скульптарка Бальбіна Відацкая-Свіціч. Каля 90 гадоў таму, калі Сяхновічы былі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, бюст Касцюшкі паставілі на пастамент расейскага помніку вайне 1812 года замест імперскага арла. У 1939-м СССР па змове з нацыстамі падзяліў Польшчу, забраў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У 1951 годзе савецкія ўлады вырашылі аднавіць імперскі помнік. Бюст Касцюшкі спачатку трапіў у падсобку кобрынскага музею імя Суворава, а затым – у Берасцейскі абласны краязнаўчы музей, дзе заставаўся да 1988-га. Намаганнямі мясцовых краязнаўцаў бюст паставілі перад будынкам Сяхновіцкай васьмігадовай школы, будынак якой і зрабіўся музеем.
Калі сам фальсіфікуеш гісторыю, гэта не фальсіфікацыя
Аляксандр Лукашэнка часта кажа пра «падмену» і «фальсіфікацыю» гісторыі: маўляў, не дазволім. Але ж вось дазваляюць! Гісторык і сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч разважае ў каментары «Белсату»: гэта звычайная рыторыка як Лукашэнкі, так і Уладзіміра Пуціна, але гэта крывадушныя заявы.
,,«Вось ёсць пэўная нашая гісторыя, ёсць другая гісторыя, і мы не дазволім у нашую гісторыю штосьці там уплятаць, – апісвае Пашкевіч логіку Пуціна і Лукашэнкі. – А замяніць нешта, што самім не падабаецца, на ўласнае бачанне, то гэта якраз нармальна і цудоўна».
Што да Малых Сяхновічаў, гэта адлюстроўвае тэндэнцыі дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі, тлумачыць Пашкевіч. Адна тэндэнцыя – прасоўванне наратыву Вялікай Айчыннай вайны, «дзе можна і няможна». Другая тэндэнцыя – змаганне з «польскаю спадчынай» і старонкамі гісторыі, на якіх Беларусь і да яе Вялікае Княства Літоўскае звязаныя з Польшчаю. Замена Касцюшкі на «генацыд беларускага народу» – перасячэнне гэтых тэндэнцыяў «у чыстым выглядзе».
Касцюшка – кіраўнік антырасейскага паўстання 1794 года, якое найчасцей называюць паўстаннем Касцюшкі, адзначае Пашкевіч. Паўстанне пачалося, калі дзялілі Рэч Паспалітую і ліквідоўвалі яе. І тое паўстанне – неад’емная частка гісторыі Беларусі, Рэч Паспалітая – тая дзяржава, у якой жылі продкі сучасных беларусаў, а гісторыя Рэчы Паспалітай добра інтэграваная ў гісторыю беларускага народу. Дзеячы Рэчы Паспалітай з земляў сучаснай Беларусі – безумоўна нашыя для беларусаў, Касцюшка – бясспрэчна зямляк для беларусаў, беларускі складнік ягонага радаводу вельмі істотны. Ува ўсім свеце такія гераічныя фігуры шанаваныя ў месцах іхнага паходжання. Для Беларусі, рэзюмуе гісторык, адмаўляцца ад героя Беларусі, Польшчы, Францыі і ЗША – нонсэнс.
Яшчэ нядаўна чыноўнікі дапамагалі ставіць помнік Касцюшку
Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан кажа «Белсату», што ў час, калі ён працаваў у Берасцейскім аблвыканкаме, Касцюшку якраз ставілі помнік у Косаве, і ён да гэтага «прыклаў руку». Усталяванне помніку тады ініцыявалі беларусы, але дзяржаўны апарат далучыўся і падтрымаў гэты працэс.
На думку Брухана, прыбранне бюста і залы Касцюшкі з музею – не ініцыятыва «на месцы», а выкананне дырэктывы, якую прынялі на найвышэйшым узроўні. Лукашэнка наўрад ці падпісваў нешта асабіста, але рашэнне магло паходзіць з ягонай адміністрацыі.
«Можна было па-рознаму ставіцца да той сістэмы, але так ці інакш у той час, калі я працаваў [у аблвыканкаме], помнікі Касцюшку ставілі, – кажа Пашкевіч. – Цяпер іх зносяць. І гэта сведчыць пра поўную змену палітычнага, ідэалагічнага, замежнапалітычнага вектараў; сістэмы і рэжыму».
,,«На жаль, гэта цалкам прарасейскі вектар. На жаль, гэта антыеўрапейскі вектар. І, на жаль, гэта вектар, які фактычна робіць падмурак, каб беларуская ідэнтычнасць і падстава для незалежнасці знішчалася».
«І, на жаль, гэта дзяржаўны апарат, палітычная пастанова згодна з той ідэалогіяй, якую яны прынялі, яны выкрэсліваюць нацыянальных герояў, якія ім не падабаюцца, з гісторыі».
Помнік у Косаве, пра які кажа Брухан, паставілі пасля працяглай грамадскай кампаніі на сродкі, сабраныя звычайнымі беларусамі праз краўдфандынг. Кампанія, якая прывяла да ўсталявання помніку, пачалася пасля таго, як помнік Касцюшку паставілі беларусы ў Швейцарыі, дзе Касцюшка дажываў свае гады.
Аляксандр Яшчанка, Марыя Бабовіч, Алесь Наваборскі belsat.eu