навіны

«Не думаю, што па іх чарга стаіць». Дэпутаты зладзілі маніторынг нікому не патрэбных тавараў

img
Дэпутацкі маніторынг тавараў з дзяржаўнай сімволікаю. 15 траўня 2025 года. Фота: housegovby / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У Палаце прадстаўнікоў адсправаздачыліся, што дэпутаты правялі «маніторынг тавараў з дзяржаўнай сімволікаю». Рэвізію зладзілі ў 30 крамах, там спраўдзілі асартымент і паглядзелі, ці паводле ўсіх правілаў прадаюць чырвона-зялёныя сцяжкі. У сакратарыяце парламенту назвалі гэта звычайнай справаю, а ў адной краме, куды датэлефанаваўся «Белсат», прызналіся, што чэргаў па «патрыятычныя» тавары няма.

Паводле паведамлення ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, дэпутаты мелі запэўніцца, што тавары з чырвона-зялёнай сімволікаю прэзентаваныя ў шырокім асартыменце і што выконваюцца патрабаванні выкладання гэтых тавараў. Яны мусяць візуальна вылучацца на фоне іншых тавараў і «суправаджацца інфармацыйным надпісам „Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь“».

Чытайце таксама:
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, чалец Савету Рэспублікі Сяргей Хаменка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк на Мамаевым кургане. Валгаград, Расея. 28 красавіка 2025 года. Фота: housegovby / Telegram

«Беларусам – не насіць». Ідэолагі расказалі, ці забароненая ў Беларусі георгіеўская стужка

У некаторых крамах пільныя дэпутаты заўважылі, што «патрыятызм» прадаецца не так, як мае быць, і на гэта «была акцэнтаваная ўвага кіраўнікоў гандлёвых аб'ектаў».


Збольшага рэвізораў задаволіў «досыць шырокі выбар тавараў гэтай катэгорыі».


Адзначаецца, што кошты на прадукцыю з дзяржаўнай сімволікаю розныя. За папяровы сцяжок на палачцы бяруць ад 75 капеек да 2 рублёў, за сцяжок з тканіны – ад 7 да 9 рублёў. На падстаўцы яны даражэйшыя: папяровыя – 2,4 рубля, з тканіны – 7,38–9,72 рубля.


Супадзенне ці не, аднак дэпутаты зладзілі такое інспектаванне пасля абурэння беларуса ў сацсетцы «Threads». Ён напісаў, што ад «нашых ідэолагаў» адчувае збянтэжанасць:


«17 рублёў за папяровы сцяжок на пластыкавай палачцы???? Алё, вы там зусім ку-ку? Мне хацелася б даведацца фірму-вытворцу, што зарабляе адсоткаў 800 на такіх таварах. У іншых краінах гэта прынята бясплатна раздаваць».


«Яны гэта стала робяць»


У Палаце прадстаўнікоў не адразу далі рады з тлумачэннямі наконт гэтага маніторынгу. Адзін работнік аддзелу ў справе зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў нават не ведаў, што інфармацыю пра гэта апублікавалі ў Telegram-канале палаты.


«Пэўна, для нечага гэта патрэбна было», – сказаў работнік пра дэпутацкую рэвізію і запытаў: «А дзе вы такую інфармацыю знайшлі?»


Ягоная каляжанка з таго ж аддзелу, з якой карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў як прыватная асоба, аказалася больш дасведчаная:


«Дэпутаты ходзяць у свой працоўны час, ім за гэта не даплачваюць. Разам з гэтым яны праводзяць маніторынг цэнаў на садавіну і гародніну, на хлеб, агулам на наяўнасць тавараў у гандлёвых сетках. Яны стала гэта робяць. Гэтым разам была дзяржаўная сімволіка».

Дэпутацкі маніторынг тавараў з дзяржаўнай сімволікаю. 15 траўня 2025 года. Фота: housegovby / Telegram
Дэпутацкі маніторынг тавараў з дзяржаўнай сімволікаю. 15 траўня 2025 года. Фота: housegovby / Telegram

Нашая суразмоўніца ўпэўненая, што парламентарыі робяць добрую справу:


«Яны глядзяць і ўзровень цэнаў, і выкананне парадку выкладання гэтых тавараў, у тым ліку ў прыкасавых зонах. Сцяжок можа каштаваць рэальна 2 рублі, а на прыкасавай тэрыторыі стаіць за 15 рублёў – такое ж можа быць?»


Калі рэвізоры знаходзяць нейкае парушэнне, пра гэта інфармуюць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, падкрэсліла чыноўніца.


«Гэта для мітынгу і дэманстрацыі»


«Патрыятычны» маніторынг дэпутаты зладзілі ў 30 крамах у Менску, Гомлі, Светлагорску, Століне і Ваўкавыску.

Чытайце таксама:
Кніга «Наш прэзідэнт». Менск, Беларусь. 28 студзеня 2025 года. Фота: minsknews.by

«Прадпрыемствы тэлефануюць бясконца». Ці сапраўды па кнігу пра Лукашэнку стаяць чэргі?

Карэспандэнт «Белсату», назваўшыся мясцовым жыхаром, патэлефанаваў у некалькі светлагорскіх крамаў.


«Ёсць сцяжкі, два віды або тры нават, кубак, ручнік, нешта такое ёсць. Насупраць касаў усё стаіць», – сказалі ў адным гастраноме.


У другой краме запрашалі на месцы вывучыць асартымент і прызналіся, што ў якасці падарункаў дзяржаўныя сцяжкі не бяруць:


«Ёсць сцяжкі на падстаўцы, ёсць ручнічкі з сімволікаю штучныя, ёсць у наборах. Маем магніты недарагія, бірулькі. Сцяжкі збольшага ідуць для мітынгу, дэманстрацыі. Сцяжкі ў падарунак дакладна не купляюць».


А ў трэцяй краме канстатавалі, што чэргі па «патрыятычныя» тавары не стаяць:


«Сцяжкі мы маем у продажы, недарагія звычайныя сцяжкі. Стаяць на касе. Не думаю, што там ажно чарга па іх стаіць».


Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10