Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падчас тэлефоннай размовы 19 траўня папрасіў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна падрыхтаваць «мемарандум міру», які «людзі змогуць прыняць», а не такі, што адразу будзе адхілены. Пры гэтым еўрапейскія лідары здзіўленыя, што Трамп задаволены вынікам, хоць Пуцін не прапанаваў нічога новага ў размове. Пра гэта паведамляе выданне «Axios» са спасылкай на крыніцы.
Выданне аднавіла падзеі ў дзень размовы Доналда Трампа з Уладзімірам Пуціным на аснове апавяданняў крыніцаў, якія ведалі змест размовы Трампа і Пуціна.
Перад тэлефоннай размовай з Пуціным Трамп стэлефаноўваўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, каб пракансультавацца. Зяленскі папрасіў не рабіць саступак без узгаднення з Украінай, патрабаваць спынення агню і пагражаць санкцыямі.
Яшчэ адзін званок Трампа Зяленскаму адбыўся пасля размовы з Пуціным. Да яго таксама далучыліся лідары Нямеччыны, Францыі, Італіі, Фінляндыі і Еўрапейскай камісіі.
Трамп паведаміў, што Пуцін пагадзіўся пачаць прамыя перамовы аб спыненні агню неадкладна. Адна з крыніцаў адзначыла, што пасля гэтых словаў было некалькі секундаў няёмкай цішыні. Зяленскі нагадаў, што Пуцін ужо раней згаджаўся на перамовы, і першы раўнд перамоваў аб спыненні агню прайшоў у пятніцу ў Стамбуле. Трамп наўпрост не адказаў на гэта, сцвярджаюць крыніцы.
Крыніцы таксама паведамілі, што Зяленскі і іншыя лідары нагадалі Трампу, што ідэя аб мірных перамовах з неадкладным 30-дзённым спыненнем агню зыходзіла ад яго самога. Са словаў афіцыйнага прадстаўніка Белага дому, Трамп «ніколі не згаджаўся», што спыненне агню павінна быць папярэдняй умовай перамоваў, і ніколі не казаў, што Зяленскі можа вызначаць парадак гэтых перамоваў.
Іншыя еўрапейскія лідары спыталі аб магчымасці ўвядзення санкцыяў ЗША супраць Расеі, але Трамп адказаў, што не ўважае гэта за добрую ідэю і падкрэсліў, што, на ягоную думку, Пуцін хоча скласці ўгоду.
Прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мэлёні спытала, чаму нельга хоць бы на два тыдні ўсталяваць перамірʼе перад пачаткам перамоваў, а канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц пацікавіўся, на якія саступкі гатовая пайсці Расея, сцвярджаюць крыніцы.

Трамп заявіў, што Пуцін прадставіць «мемарандум міру» з умовамі спынення агню і завяршэння вайны. Адзін з удзельнікаў размовы адзначыў, што Трамп папрасіў Пуціна падрыхтаваць такі дакумент, які «людзі змогуць прыняць», а не такі, які адразу будзе адкінуты.
Зяленскі, са словаў крыніцаў, заявіў, што папярэднія раўнды перамоваў з Пуціным, уключаючы мінулы тыдзень, не далі ніякіх вынікаў, і падкрэсліў: калі Трамп не будзе ціснуць, Пуцін нічога не распачне. Прадстаўнік Белага дому адзначыў, што на працягу некалькіх месяцаў Расея адмаўлялася падаць дакумент са сваім бачаннем завяршэння вайны, і сам факт таго, што Пуцін пагадзіўся гэта зрабіць, – значны крок наперад.
Крыніцы адзначаюць, што еўрапейскія лідары падчас званка выглядалі здзіўленымі, бо Трамп, відавочна, быў задаволены тым, што пачуў ад Пуціна, і падаваў гэта як нешта новае, хоць пазіцыя Пуціна фактычна не змянілася.
Трамп заявіў, што Расея і Украіна павінны правесці наўпроставыя двухбаковыя перамовы без удзелу пасярэднікаў, бо толькі яны «па-сапраўднаму разумеюць дэталі канфлікту». Мэлёні і Мэрц запярэчылі, што ЗША і Еўропа павінны ўдзельнічаць у перамовах. Пазней Трамп прапанаваў Ватыкан як магчымае месца для перамоваў.
Прэзідэнт Фінляндыі Александэр Стуб спытаў Трампа, якія наступныя крокі.
«Я не ведаю. Хтосьці павінен выступіць і сказаць, ідуць перамовы добра ці дрэнна, і тады мы вырашым, што рабіць далей», – адказаў Трамп.
Арсен Рудэнка belsat.eu