Аналітыка

Пратэст без лідараў. Што страцілі беларусы праз затрыманне Ціханоўскага, Статкевіча і Севярынца?

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская трымае тэчку з фотаздымкам мужа Сяргея Ціханоўскага, які застаецца ў турме з траўня 2020 года. 9 студзеня 2025 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская трымае тэчку з фотаздымкам мужа Сяргея Ціханоўскага, які застаецца ў турме з траўня 2020 года. 9 студзеня 2025 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Пяць гадоў таму ўлады Беларусі пачалі сячы галовы беларускай апазіцыі – затрымалі Сяргея Ціханоўскага. За ім прыйшла чарга да Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца ды іншых. І хоць збіць хвалю беларускага пратэсту не ўдалося, без лідараў ён так і не здолеў канвертаваць масавы выхад людзей на вуліцу ў палітычныя дасягненні.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Мікола Камінскі / Белсат
Два дні, што змянілі Беларусь. Пяць гадоў вылучэнню Ціханоўскага і першым пратэстам 2020-га навіны

29 траўня ў Горадні ў выніку правакацыі ўладаў затрымалі блогера і лідара руху «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага. Адбылося гэта падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдаткаю на прэзідэнцтва ягонай жонкі Святланы. Яна мусіла падаць заяву ў ЦВК замест яго пасля прэвентыўнага затрымання блогера 6 траўня ў Магілёве.

Праз два дні, 31 траўня, на шляху да пікету Святланы Ціханоўскай у Менску затрымалі экс-кандыдата на прэзідэнта, аднаго з лідараў сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча. А 7 чэрвеня па вяртанні дадому затрымалі Паўла Севярынца, аднаго з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. На волю нікога з іх дасюль не адпусцілі.

Праз гэта беларускі пратэст 2020 года застаўся без найбольш знаных вулічных лідараў. Мікола Статкевіч і Павел Севярынец арганізоўвалі вулічныя пратэсты яшчэ з 1990-х, былі неаднаразова за гэта асуджаныя, у тым ліку за Плошчу 2010 года, але не спынялі сваёй пратэставай актыўнасці і пасля. У 2017-м Мікола Статкевіч стаўся ідэйным лідарам і адным з арганізатараў антыдармаедскіх пратэстаў, што пракаціліся па ўсёй Беларусі. А Павел Севярынец у 2019-м павёў за сабою тых, хто выступаў супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй. Затрыманне ж Сяргея Ціханоўскага ў пачатку траўня 2020-га спрычынілася да першых пратэстаў тагачаснай выбарчай кампаніі.

,,

«Калі Статкевіч і Севярынец ужо былі фігурамі беларускай апазіцыйнай палітыкі ў вузкіх колах і да 2020 года, то Ціханоўскі стаўся новым феноменам для беларускай апазіцыйнай сцэны. Раней не заўважны ў дзеяннях інстытуцыянальнай апазіцыі, набліжаны да народу, шчыры, крытычны, папулярны ў сацсетках», – кажа пра яго «Белсату» Леся Руднік, паліталагіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэй.


Іншай думкі прытрымліваецца выканаўчы дырэктар IDSMBEE Зміцер Кухлей. Прызнаючы, што Мікола Статкевіч і Павел Севярынец мелі шматгадовы досвед каардынацыі вулічнай актыўнасці, а Сяргей Ціханоўскі толькі «паказаў імклівае і яркае з’яўленне ў палітычнай прасторы Беларусі», ён адзначае:

«Ціханоўскі актыўна заявіў пра сябе падчас парламенцкіх выбараў 2019-га, але свой YouTube-канал пачаў развіваць яшчэ ў пачатку таго ж года. Праз інтэрв’ю з кандыдатамі на дэпутата яму ўдалося прыцягнуць увагу шырокага апазіцыйнага электарату да праекту «Краіна для жыцця». Канал хутка стаўся папулярнаю платформаю для прасоўвання ідэяў незалежнасці, асабліва падчас снежаньскіх акцыяў 2019 года супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Каардынацыя з Паўлам Севярынцам дадала праекту палітычнай вагі і пашырыла яго прывабнасць для пратэставай аўдыторыі. Палітычны патэнцыял праекту заставаўся недаацэненым як з боку ўладаў, так і з боку часткі апазіцыі да прэзідэнцкай кампаніі 2020-га».

Адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец пасля года ў СІЗА ў Магілёўскім абласным судзе. Магілёў, Беларусь. Травень 2021 года. Фота: радыё «Свабода»
Адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец пасля года ў СІЗА ў Магілёўскім абласным судзе. Магілёў, Беларусь. Травень 2021 года. Фота: радыё «Свабода»

Плюсы і мінусы пратэсту без лідараў

Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік радыё «Свабода», адзначае: улада ў Беларусі заўсёды затрымлівала напярэдадні масавых акцыяў апазіцыі лідараў, калі бачыла, што гэтыя акцыі пагражаюць ёй, «нейтралізоўвала найперш лідараў».

Ён нагадвае, што пасля, 18 чэрвеня, затрымалі прэтэндэнта на кандыдацтва Віктара Бабарыку і значную частку ягонай каманды. Быў выціснуты за мяжу яшчэ адзін прэтэндэнт, Валер Цапкала, а потым, ужо па выбарах, і адзіная апазіцыйная кандыдатка Святлана Ціханоўская. Неўзабаве чарга дайшла і да лідаркі каманды Бабарыкі Марыі Калеснікавай – «фактычна ўсе знакавыя фігуры беларускага пратэсту былі нейтралізаваныя». Паводле Карбалевіча, гэта была свядомая палітыка ўладаў, «і ў прынцыпе яна дасягнула сваёй мэты» – пратэст быў задушаны.

,,

«Асаблівасць беларускага пратэсту 2020 года была ў тым, што ён быў фактычна пратэстам без лідараў, без кіраўніцтва. Гэта мела як свае плюсы, так і свае мінусы. Мінусаў значна больш», – падкрэслівае Валер Карбалевіч.


Сярод плюсаў ён называе працу механізму самаарганізацыі, «больш-менш паспяхова» пратэст спрабавалі арганізаваць тэлеграм-каналы.

«Дзень затрымання Ціханоўскага стаўся крышталізацыяй новага пакалення супраціву, якое гатовае на рашучыя крокі (як вядомая ўсім на той момант як ягоная жонка Святлана), на падтрыманне жанчыны ў якасці кандыдаткі, на мабілізацыю за справядлівыя выбары і супраць гвалту. Сяргей Ціханоўскі, які і шмат іншых «новых» палітыкаў, у 2020 годзе не паспеў стацца палітычным лідарам. Але ягоная заява пра далучэнне да прэзідэнцкай кампаніі стварыла акно магчымасцяў Святлане Ціханоўскай і камандзе палітыкаў вакол яе, у тым ліку жаночае трыа, для шмат каго з беларусаў, уключаючы тых, хто далучаўся да пратэстаў у малых мястэчках», – адзначае Леся Руднік.

Тым не менш, заяўляе Валер Карбалевіч, вельмі адчуваўся брак лідараў тады, калі патрабавалася іхная кіраўнічая роля. На ягоную думку, калі б палітычныя лідары былі на волі, пратэсты маглі б развівацца паводле іншага сцэнара, больш паспяховага для іх удзельнікаў.

,,

«Бо менавіта ў самыя крытычныя моманты не аказалася людзей, не аказалася лідараў, якія павялі б за сабою пратэстоўцаў, якія маглі б неяк пераламаць сітуацыю на сваю карысць», – кажа ён.


Валер Карбалевіч падкрэслівае, што пратэстоўцам варта было не разыходзіцца па дамах: «пратэст, які ладзіцца толькі раз на тыдзень, у нядзелю, паводле вызначэння не можа быць паспяховым».

«Пратэст мусіў быць неперапынным. Людзі мусілі заставацца на вуліцах і ўдзень, і ўначы. І першы-другі тыдзень, калі ўлады былі вымушаныя фактычна прыбраць сілавікоў з вуліцаў, – гэта быў вялікі шанц, які даваў пратэстоўцам магчымасць пераламаць сітуацыю. Але не было каму заклікаць людзей, не было каму зарганізаваць працэс жыццядзейнасці пратэстоўцаў на вуліцах», – адзначае ён.

Экс-кандыдат на прэзідэнта 2010 года Мікола Статкевіч сустракаецца з людзьмі ў цэнтры Менску, Беларусь. 10 верасня 2015 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
Экс-кандыдат на прэзідэнта 2010 года Мікола Статкевіч сустракаецца з людзьмі ў цэнтры Менску, Беларусь. 10 верасня 2015 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Таксама, паводле аналітыка, лідары маглі б паказаць натоўпу, куды ісці: «вялікі натоўп людзей быў на вуліцы, а што з гэтым натоўпам рабіць, куды ісці, як перамагаць уладу, не вельмі добра разумелі людзі».

«Магчыма, калі б людзі ішлі, напрыклад, на Акрэсціна і запатрабавалі вызваліць палітзняволеных, калі б гэтыя палітзняволеныя пад ціскам былі вызваленыя, – гэта была б першая вялізная перамога, якая б моцна натхніла пратэстоўцаў і, наадварот, дэмаралізавала б улады. Але зноў жа, не было каму так стратэгічна ацаніць сітуацыю і рабіць тыя дзеянні, якія маглі б весці да перамогі», – кажа Валер Карбалевіч.

Падобнай думкі прытрымліваецца і Зміцер Кухлей. Такія постаці, як Павел Севярынец, Мікола Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі, валодалі патэнцыялам узначаліць пратэставы рух і праз вулічны ціск паўплываць на раскол у кіраўнічым класе, у тым ліку сярод сілавікоў.

,,

«Нагадаю, што ў 2004 годзе падчас пратэстаў супраць рэферэндуму Севярынец правёў перамовы з старшынём КДБ таго часу – Леанідам Ерыным. А калона дэманстрантаў у 2004-м была істотна меншая – у дзясяткі ці сотні разоў меншая за пратэсты 2020 года. Тады, пасля гэтай размовы з Севярынцам, у хуткім часе Ерын згубіў сваю пасаду. У 2020-м пасаду мог згубіць сам дыктатар, калі б лідарам пратэсту ўдалося дамовіцца з высокімі чыноўнікамі ці сілавікамі з апораю на сотні тысяч дэманстрантаў на вуліцах беларускіх гарадоў», – мяркуе ён.


Святлана Ціханоўская з партрэтам мужа Сяргея на сустрэчы з беларускаю дыяспарай у Кракаве, Польшча. 2 кастрычніка 2022 года. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images
«Нават адзін дзень без вестак – нагода для трывогі»: Ціханоўская пра 700 дзён без сувязі з мужам навіны

Іншыя ж лідары пратэстаў 2020 года, напрыклад, Сяргей Дылеўскі, Максім Знак, Вольга Кавалькова і Марыя Калеснікава, «не здолелі канвертаваць энергіі масавага пратэсту ў палітычныя вынікі», дадае Зміцер Кухлей, і «ўжо ў хуткім часе сілавікі кінулі каго ў турму, а каго выштурхнулі з краіны».

Прагноз негатыўны

25 траўня 2021-га закрыты суд у Магілёве прысудзіў Паўлу Севярынцу 7 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых закалотаў. 14 снежня таго ж года Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні ў следчым ізалятары асудзіў Сяргея Ціханоўскага на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалая Статкевіча – на 14 гадоў асаблівага рэжыму. Усе яны былі асуджаныя за арганізацыю масавых закалотаў, то бок паслявыбарчых пратэстаў, хоць былі затрыманыя яшчэ за два месяцы да іх. 27 лютага 2023 года Сяргею Ціханоўскаму прызначылі яшчэ паўтара года зняволення за нібыта зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

Злева направа: Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч у клетцы абвінавачаных падчас абвяшчэння выраку ў судзе ў Гомлі, Беларусь. 14 снежня 2021 года. Фота: Sergei Kholodilin / BELTA / AFP / East News
Злева направа: Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч у клетцы абвінавачаных падчас абвяшчэння выраку ў судзе ў Гомлі, Беларусь. 14 снежня 2021 года. Фота: Sergei Kholodilin / BELTA / AFP / East News

З лютага 2023-га Міколу Статкевіча ўтрымліваюць у поўнай ізаляцыі ад свету. Сяргей Ціханоўскі застаецца ў рэжыме інкамунікада з 9 сакавіка таго ж года.

,,

«Як Ціханоўскі, так і Статкевіч з Севярынцам застаюцца на гэты момант закладнікамі рэпрэсіўнай сістэмы, дзе альтэрнатыўнае меркаванне можа каштаваць жыцця, але адначасова яны застаюцца і сімваламі пратэстаў 2020 года. Гісторыя іншых краінаў паказвае, што такія фігуры могуць стаць важнымі і для будучыні краіны. Аднак тут я асцярожна казала б пра магчымасці мабілізаваць беларусаў у краіне, якія жывуць ужо зусім іншае жыццё», – кажа Леся Руднік.


У сваю чаргу Валер Карбалевіч адзначае: пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што ўлады гатовыя вызваліць ключавых фігураў беларускага пратэсту. Таму, дадае ён, адносна іхнага вызвалення «прагноз негатыўны».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10