У Менску 28 траўня на тэрыторыі БНТУ міліцыя ўчыніла пагоню за мужчынам – як пазней высветлілася, былым выкладчыкам універсітэту. Відэа пераследу публікавалася ў розных сацыяльных сетках. Спрабуючы ўцячы, у нейкі момант мужчына ўпаў. Медыкі канстатавалі ягоную смерць ад інфаркту.
Імя памерлага выкладчыка – Міхаіл Шчукін, яму было 47 гадоў. Нядаўна ён быў звольнены ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракту, паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Таксама зазначаецца, што мужчына апошнім часам «паводзіўся неадэкватна ў дачыненні студэнтаў і працаўнікоў, чапляўся да студэнтак, заніжаў адзнакі, скандаліў, без прычыны не дапускаў да экзаменаў».
Са звальненнем выкладчык не пагадзіўся і цягам тыдня ці двух нібыта спрабаваў прайсці ва ўніверсітэт і патрабаваў даць яму магчымасць весці заняткі. Падчас аднаго з такіх візітаў паміж Шчукіным і адной са студэнтак адбыўся канфлікт, працаўнікі выклікалі службу бяспекі.
У іншых тэлеграм-каналах пісалі, што калі 28 траўня былы выкладчык паспрабаваў трапіць ва ўніверсітэт, там яго чакала міліцыя – як мінімум трое ўзброеных сілавікоў.
Паводле непацверджанай інфармацыі, падчас пагоні міліцыянты ўдарылі мужчыну дубінкай па галаве. Афіцыйная версія смерці – інфаркт, што пацвердзілі на факультэце інфармацыйных тэхналогіяў і робататэхнікі БНТУ «Нашай Ніве».
«Нікога не забілі. Ён памёр ад сардэчнага прыступу. Дзяцей гэта не датычыць, не перажывайце», – сказалі ва ўніверсітэце.
У рэктараце «Белсату» сказалі, што ўсё бяспечна і універсітэт працуе ў штатным рэжыме. Больш падрабязнасцяў агучваць адмовіліся, спасылаючыся на тое, што рэктарат не валодае інфармацыяй.
Паводле ГУУС Менгарвыканкаму, інцыдэнт адбыўся праз тое, што «былы працаўнік ВНУ паспрабаваў прайсці ў навучальную ўстанову і аказаў супраціў працаўнікам міліцыі».
«Учора ўдзень у міліцыю паступіў званок з установы адукацыі аб аказанні дапамогі. Са словаў заяўніка, былы выкладчык учыніў канфлікт з адміністрацыяй і спрабуе незаконна прайсці на тэрыторыю. Працаўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, прапанавалі 47-гадоваму мужчыне прайсці ў раённае ўпраўленне для разбору, аднак той аказаў супраціў і паспрабаваў уцячы. Пры затрыманні мянчук нанёс некалькі ўдараў працаўніку міліцыі. На падставе гэтага факту праводзіцца правяранне», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ГУУС.
Марыя Міхалевіч belsat.eu