У М'янме ў выніку магутнага землятрусу загінулі дзясяткі асобаў, на вялікай тэрыторыі былі разбураныя будынкі і была пашкоджаная інфраструктура. Ёсць загінулыя і ў суседнім Тайландзе. Агулам лік смяротных ахвяраў можа ісці на тысячы.
Большая частка разбурэнняў адбылася ў Мандалаі, другім паводле велічыні горадзе Мʼянмы, які месціцца ўсяго за 17 км ад эпіцэнтру землятрусу. Дзяржаўнае тэлебачанне MRTV паведаміла, што ў Мʼянме загінулі не менш як 144 асобы, а 732 асобы атрымалі раненні, адзначае «Reuters».
Выданне адзначае, што ратавальную аперацыю можа ўскладніць спроба вайсковай хунты М’янмы задушыць паўстанне. Лідар хунты генерал Мін Аўн Ляйн заявіў, што будзе больш смерцяў і ахвяраў, і запрасіў «любую краіну» даць дапамогу і ахвяраванні.
Зін Мар Аўн, дыпламатычная прадстаўніца апазіцыйнага ўраду нацыянальнай еднасці М'янмы, сказала, што народныя сілы абароны забяспечаць гуманітарную дапамогу.
Аналіз ураду ЗША, заснаваны на сіле і глыбіні землятрусу ў Мʼянме, падлічыў, што катастрофа магла прывесці да гібелі тысячаў людзей і сур'ёзных эканамічных стратаў, прычым больш за ўсё пацярпелі рэгіёны Сагайн і Мэйтхіля.
З пацверджаных ахвяраў у сталіцы Тайланду восем асобаў загінулі ў выніку абвальвання будынку, а дзявяты чалавек загінуў у іншым месцы, паведаміла намесніца губернатара Бангкоку Тавіда Камальвэч. Выратавальная аперацыя на будаўнічай пляцоўцы паказала, што больш як 100 чалавек зніклі без вестак.

Спачуванні Ціханоўскай і Лукашэнкі
Дэмакратычныя лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская выказала спачуванне ў X «усім, каго гэта закранула: ахвярам, іхным сем'ям і адважным супрацоўнікам службаў экстраннага рэагавання, якія рызыкуюць сваім жыццём, каб дапамагчы іншым».
У сваю чаргу кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка спачувае кіраўніку м'янмаўскай хунты, а таксама «сем'ям загінулых і пацярпелым у выніку стыхійнага бедства».
Нагадаем, што ў Паўднёва-Усходняй Азіі 28 сакавіка адбыўся землятрус магнітудаю 7,7. Эпіцэнтр быў у М’янме, але штуршкі адчуваліся ў Тайландзе і Кітаі. Пра пацярпелых беларусаў не паведамлялі, а ў М’янме цяпер з візітам дэлегацыя Міністэрства абароны Беларусі на чале з міністрам Віктарам Хрэніным.
Якуб Хруст belsat.eu