навіны

Польшча і Францыя папярэджваюць сваіх грамадзянаў, што іх могуць не ўпусціць у Грузію

Грузінская мяжа
Грузінская мяжа. Крыніца: zerkalo.az
podpis źródła zdjęcia

Амбасады Польшчы і Францыі апублікавалі рэкамендацыі для сваіх грамадзянаў, якія плануюць паездкі ў Грузію, і параілі ацаніць, ці ўдзельнічалі яны ў пратэстах і што пісалі ў сацсетках, бо праз гэта грузінскія памежнікі могуць не ўпусціць у краіну.

Польская амбасада ў Тбілісі звяртае ўвагу, што апошнім часам усё часцей у Грузію не ўпускаюць у тым ліку грамадзянаў краінаў Еўразвязу, датычна якіх ёсць падазрэнні ўдзелу ў акцыях пратэсту. Акрамя адмовы ва ўездзе, такога чалавека могуць яшчэ і аштрафаваць, папярэджвае дыпламатычная ўстанова.

,,

«У сувязі са шматлікімі выпадкамі адмоваў ва ўездзе замежнікам на тэрыторыю Грузіі, у тым ліку грамадзянам ЕЗ, перад падарожжам у гэтую краіну просім старанна ацаніць, ці ёсць у вашым выпадку фактары рызыкі, такія як удзел у дэманстрацыях, перабыванне побач з імі ці актыўнасць у сацыяльных сетках. Адмовіць ва ўездзе могуць і ўладальнікам грузінскага дазволу на жыхарства», – гаворыцца ў паведамленні амбасады Польшчы.


Турысты назіраюць за ўзлётам самалёта на пляцоўцы для спотынгу каля аэрапорту ў Батумі, Грузія. 27 траўня 2024 года. Фота: Белсат
Застацца нельга выязджаць: што рабіць беларусам у Грузіі? Парады адваката Гісторыі

Французскі бок кажа, што ва ўездзе на тэрыторыю Грузіі могуць адмовіць нават пры наяўнасці дзейнага дазволу на жыхарства.


«У асобных выпадках паўторны ўезд можа быць дазволены толькі пасля неадкладнай аплаты штрафаў за ўдзел у дэманстрацыях», – зазначаецца ў паведамленні французскай амбасады.


І Польшча, і Францыя падкрэсліваюць, што грузінская ўлады маюць суверэннае права прымаць пастановы наконт допуску замежных грамадзянаў на тэрыторыю краіны.


Цягам апошняга года ў Грузію ўсё часцей не ўпускаюць замежных журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў. Сярод іх не раз былі і беларусы.


Толькі сёлета стала вядома пра два выпадкі адмоваў ва ўездзе. Апошні здарыўся 8 траўня, калі Грузія не ўпусціла назад актывіста Змітра Грынкевіча пасля візарану ў Арменію. Зміцер жыў у Батумі цягам двух гадоў, займаўся гандлем кніг і тавараў з беларускай і ўкраінскай сімволікай, вёў YouTube-блог, а таксама арганізоўваў беларускія акцыі.


У верасні 2024 года ў Грузію не ўпусцілі беларускага журналіста Андрэя Мялешку пасля вяртання з Польшчы.


Акрамя таго, Грузія за апошнія 6 гадоў не дала міжнароднай абароны ніводнаму беларусу – цяпер у судзе разглядаецца больш за 30 справаў аб абскарджанні адмоваў у прытулку.


Марыя Міхалевіч belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10