Аляксандр Лукашэнка памілаваў яшчэ 37 чалавек. Адпаведны ўказ ён падпісаў напярэдадні Дня народнага адзінства, які адзначаецца ў Беларусі 17 верасня.
Паводле інфармацыі, апублікаванай прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі, усе памілаваныя былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
Сярод памілаваных – шэсць жанчын, «шэраг памілаваных мае хранічныя хваробы, інваліднасць, ёсць пенсіянерамі», гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, адзначаецца, што хадайніцтвы асуджаных дадаткова вывучаліся камісіяй на чале з генпракурорам Андрэем Шведам.
Прозвішчы памілаваных пакуль невядомыя.
Нагадаем, што раней Аляксандр Лукашэнка памілаваў ужо 78 чалавек, асуджаных «за палітыку»: 3 ліпеня – 14 мужчынаў і чатыры жанчыны, 20 жніўня – 16 мужчынаў і 14 жанчын, 4 верасня – 23 мужчынаў і сем жанчын.
Раман Шавель belsat.eu