Былы рэдактар тэлеграм-каналу «Nexta» Раман Пратасевіч апублікаваў яшчэ дзесяць імёнаў палітвязняў, якія выйшлі на волю па памілаванні да 17 верасня. Сярод іх ёсць пенсіянерка.
Вызваленыя палітвязні:
Аляксандр Емяльянаў, Аляксандр Пасцерняк, Уладзіслаў Папоў, Аляксандр Жандараў, Сяргей Мацюхевіч, Яўген Нарэйка, Андрэй Астрацоў, Віталь Чарнавусаў, Зоя Баранава.
«Усе яны ўжо ўдома побач з блізкімі і роднымі», – піша Раман Пратасевіч і абяцае апублікаваць імёны астатніх.
У спісах рэпрэсаваных, што вядуць праваабаронцы «Вясны», ёсць два Аляксандры Емяльянавы. Адзін з іх 1963 года нараджэння, асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразу суддзі (арт. 391 КК) на 3 гады «хатняй хіміі».
Другі мужчына 1988 года нараджэння. Быў затрыманы ў кастрычніку 2022-га і асуджаны на 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму нібыта за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368 КК) і распальванне варожасці або рознасці (арт. 130 КК).
Аляксандр Пасцерняк 1998 года нараджэння быў затрыманы ў траўні 2023-га. Яго пакаралі калоніяй ва ўмовах агульнага рэжыму за арганізацыю масавых закалотаў (ч. 1 арт. 293 КК) і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК). Тэрмін пакарання невядомы.
,,«Яго абвінавацілі ў тым, што ў першыя дні вайны ён напісаў паведамленне ў чат-бот "Nexta", што беларускія войскі скіроўваюцца ва Украіну», – піша «Вясна».
Уладзіслаў Папоў 2002 года нараджэння быў затрыманы ў студзені 2023-га. Яго засудзілі за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК) на 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Абвінавацілі ў тым, што з 24 да 25 лютага 2022 года рабіў фота і відэа вайсковай тэхнікі, вайскоўцаў, а таксама вайсковага аэрадрому ў Бабруйску.
Аляксандра Жандарава 1990 года нараджэння затрымалі ў траўні 2023-га і судзілі за распальванне варожасці або рознасці (арт. 130 КК) у каментарах. Яму прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дакладная пастанова суда невядомая, аднак Аляксандр павінен быў выйсці на волю ў снежні 2024-га, адзначаюць праваабаронцы.
Сяргей Мацюхевіч 1990 года нараджэння – прадпрымальнік. Яго затрымалі ў жніўні 2022-га нібыта за распальванне варожасці або рознасці (арт. 130 КК). Суд пакараў яго 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму.
«Мацюхевіча абвінавачвалі ў тым, што 15 ліпеня 2020 года пры дапамозе тэлефона ды інтэрнэту падахвочваў грамадзянаў да ўжывання гвалту ў дачыненні сілавікоў», – піша «Вясна».
Яўген Нарэйка 1983 года нараджэння быў затрыманы ў студзені 2022-га. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК), гвалце альбо пагрозе ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (арт. 366 КК) і ў распальванні варожасці або рознасці (арт. 130 КК). Яўгена пакаралі 4 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.
28 чэрвеня 2022 года КДБ залучыў палітвязня ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Андрэй Астрацоў 1976 года нараджэння затрыманы ў верасні 2021-га. Мужчыну абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364);
- «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369);
- «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 368);
- «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак» (арт. 366).
Мужчыну пакаралі 5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Віталь Чарнавусаў 1990 года нараджэння быў затрыманы ў ліпені 2022-га. Яго засудзілі за фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 КК) на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама пакаралі штрафам 16 тысячаў рублёў.
Зоя Баранава 1958 года нараджэння была засуджаная ў жніўні 2023-га нібыта за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369) і абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368). Рашэнне суда невядомае.
1 снежня 2023 года была ўнесеная ў пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
16 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 37 чалавек, засуджаных за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці. Раней Пратасевіч назваў пяцёх чалавек з гэтага спісу: Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун, Кацярына Джыга.
Арсен Рудэнка belsat.eu