У Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах 27 траўня распачаліся вайсковыя зборы сілаў тэрытарыяльнай абароны. 200 мужчынаў былі выкліканыя для праходжання вайсковай падрыхтоўкі, у тым ліку тыя, якія ніколі не служылі ў арміі: на зборах яны складуць воінскую прысягу, піша мясцовы інфармацыйны партал.
Тэрміновы пункт прыёму асабовага складу зарганізавалі ў дзіцячым цэнтры творчасці ў Чэрыкаве, адкуль мужчынаў адвезлі ў Лабанаўку, дзе і месціцца вайсковы лагер, у якім яны правядуць наступны месяц. Таксама там ім выдадуць вайсковую ўніформу.
Падчас збораў асноўная ўвага будзе нададзеная супольнай працы сілаў тэрытарыяльнай абароны і міліцыі пад камандаваннем службовых асобаў раёну.
Паводле вайсковага камісару Чэрыкаўскага і Краснапольскага раёнаў Дзмітрыя Барсукова, збор – навучальны і праходзіць паводле плану.
,,«Гэта важны этап у падтрыманні баявой гатовасці і ўмацаванні абароназдольнасці рэгіёну. Будзе адпрацаваны комплекс захадаў, скіраваны на падвышэнне навыкаў службовых асобаў выканкамаў у пытаннях фармавання і падрыхтоўкі тэрытарыяльных войскаў да выканання пастаўленых задачаў», – патлумачыў вайсковы камісар.
Тыя, хто раней не служыў у арміі, складуць падчас збораў воінскую прысягу. За ўсімі прызванымі абяцаюць захаваць працоўнае месца і выплаціць сярэдні заробак. За час збораў мужчыны атрымаюць вайскова-ўліковую спецыяльнасць.
У сярэдзіне траўня навучальныя зборы з «вайсковаабавязанымі, прызначанымі для камплектавання тэрытарыяльных войскаў» прайшлі ў Берасці.
Асноўная ўвага падчас іх была засяроджаная на адпрацоўванні заданняў тэрытарыяльнай абароны ўзмоцненымі падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў супольна з воінскімі часткамі Узброеных сілаў, у тым ліку з ужываннем сродкаў актыўнага і пасіўнага супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам.
З 25 сакавіка да 18 красавіка вайсковыя зборы ладзіліся каля Горадні.
Пра досвед вайсковых збораў яшчэ ў лютым нам апавядаў беларус Сяргей (імя змененая з меркаванняў бяспекі):
«Шмат хто плюецца, гледзячы на гэта ўсё, але адкрыта не скардзяцца – баяцца. Палітыку не абмяркоўваюць. Некалькі дзён асабліва не чапалі, далі адаптавацца, а потым пачалося – спалі некалькі гадзінаў. Шмат якія амаль адразу захварэлі. Потым пачалі прамываць мазгі: «Нас хочуць захапіць, але мы не здамося, мы тут, каб ім усім паказаць». У асноўным мужыкі проста сядзяць і моўчкі слухаюць ідэолага. Хоць усе разумеюць: гэтыя зборы – праз вайну ва Украіне. Але ёсць пара-тройка ярых лукашыстаў. Яны разам з расейцамі гатовыя нас ад украінцаў абараняць. Пачынаеш задаваць пытанні кшталту «яны ж на нас не нападалі», а там проста каша ў галаве. Лепей не чапаць, бо пасля збораў хачу дадому, а не за краты «праз палітыку».
Вельмі сумная была сітуацыя з тэхнікаю, казаў мужчына. У асноўным – усё вельмі старое і сапсаванае. Бальшыня глухне ўжо праз 5–10 км. З браняванай тэхнікі, паводле адчуванняў, у нармальным працоўным стане – 10–15 %.
Агулам, павелічэнне колькасці вайсковых збораў у Беларусі назіраецца апошнія 3 гады. У 2023-м прадстаўнік Генеральнага штабу заяўляў, што колькасць «запаснікоў», якія прызываюцца на вайсковыя зборы, заставалася нязменнай апошнія гады і складала ў сярэднім 9000 чалавек. У канцы ж мінулага года начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштабу Аляксандр Шальпук заявіў, што ў 2024 годзе на зборы былі прызваныя каля 15 тысячаў чалавек.
Марыя Міхалевіч belsat.eu