У Беларусі ліквідуецца Беларускае аб’яднанне выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры


7 чэрвеня Менскі гарадскі суд збіраецца разгледзець справу аб ліквідацыі Беларускага грамадскага аб’яднання выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры. Гэта вынікае з раскладу судоў на партале судавядзення, заўважыў «Позірк».

Будынак філалагічнага факультэту БДУ, у якім зарэгістраванае аб’яднанне.
Фота: earchives.bsu.by

Ініцыявала позву Міністэрства юстыцыі. Працэс будзе весці Вольга Антончанка.

Беларускае грамадскае аб’яднанне выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры існуе ўжо больш за 15 гадоў. Яго зарэгістравалі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў 27 кастрычніка 2008 года.

Месцам рэгістрацыі пазначаны філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, што на вуліцы Карла Маркса 31. Кіруе аб’яднаннем загадчык кафедры расейскай мовы філалагічнага факультэту БДУ (з 2022 да 2021 года дэкан факультэту) Іван Роўда.

Як адзначае «Позірк», аб’яднанне ёсць і сябрам Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры ды актыўна супрацоўнічае з падобнымі замежнымі арганізацыямі дзеля правядзення кангрэсаў русістаў, конкурсаў па расейскай мове ды іншых захадаў.

Нагадаем, што з 2020 года (на красавік 2024-га) улады прымусова зліквідавалі 1003 некамерцыйныя арганізацыі, яшчэ 619 прынялі самастойнае рашэнне пра ліквідацыю. Усяго страты ў грамадскім сектары з пачатку рэпрэсіяў у 2020 годзе складаюць не меней за 1633 некамерцыйныя арганізацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў