Каманда Паўла Латушкі атрымала кантроль над Дзяржаўным каталогам Музейнага фонду Беларусі


Намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка абвесціў, што Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перайшоў у распараджэнне НАУ і Музею вольнай Беларусі.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка падкрэсліў, што кантроль над Дзяржаўным каталогам быў атрыманы без дапамогі асобаў унутры Беларусі. Таму, тлумачыць ён, гэта не стварае ніякай рызыкі ніводнаму працаўніку беларускіх музеяў.

«Мы кажам, што міністр культуры Анатоль Маркевіч не кантралюе сферы культуры Беларусі. У нашым распараджэнні знаходзіцца каталог, які ўтрымлівае амаль 165 000 музейных прадметаў, якія з’яўляюцца нацыянальнай спадчынай беларускага народу, а не рэжыму Лукашэнкі», – падкрэсліў ён.

Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перададзены на захаванне Музею вольнай Беларусі. Усе беларусы змогуць атрымаць доступ да звестак аб музейных прадметах, якія захоўваюцца ў музеях і калекцыях краіны.

«Ад сённяшняга дня, калі хтосьці вырашыць знішчыць музейныя прадметы або нанесці ім шкоду, прадаць, перадаць трэцім асобам і краінам, то ён павінен разумець, што мы дакладна ведаем стан музейных прадметаў, месца іх захоўвання і адказных за гэта асобаў», – папярэдзіў Латушка.

Акрамя таго, на прапанову каманды Латушкі і працаўнікоў Музею вольнай Беларусі ў Дзяржаўны каталог 26 траўня 2024 года ўносяцца наступныя прадметы:

  • бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітзняволеных беларусаў. Аўтарка – Марыя Грыц;
  • сукенка «БЧБ-нявесты». Аўтарка – Іна Зайцава;
  • адзенне беларускага героя і добраахвотніка палка Каліноўскага Васіля (Атама) Грудавіка, які загінуў у 2022 годзе ў барацьбе за вызваленне Украіны і за незалежную Беларусь;
  • адзенне беларускай палітзняволенай Юліі Марчанкі (Юніцкай);
  • пратакол аб выніках галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выбарчай камісіі № 35 (г. Ліда), у якім зафіксаваная абсалютная перамога Святланы Ціханоўскай на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе;
  • табліца «Skwer Wolnej Białorusi» («Сквер Вольнай Беларусі») – дакладная копія вулічнай табліцы ў Беластоку.

«Прадметы, якія мы ўнеслі сёння ў Музейны фонд Беларусі, з’яўляюцца гістарычнай праўдай і нашай нацыянальнай спадчынай, на якой мы будзем будаваць будучыню краіны», – заявіў Латушка.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў