«Зрабіць лагер – і калючы дрот па перыметры». «ByPol» апублікаваў запіс голасу, падобнага да Карпянкова

У запісе апавядаецца пра нараду, дзе міліцыі даводзілі, што рабіць з мірнымі пратэстамі і пратэстоўцамі.

Ініцыятыва «ByPol» апублікавала аўдыязапіс, дзе чалавек з голасам, падобным да голасу экс-кіраўніка ГУБАЗіКу, а сёння намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова. У запісе гавораць пра нараду з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, дзе кіраўнікам беларускай міліцыі даводзілі, што рабіць з мірнымі пратэстамі і пратэстоўцамі.

Мяркуючы з таго, што кажа чалавек на запісе, ён зроблены ў канцы кастрычніка, бо там гучыць выраз «міністрам прызначаны Кубракоў Іван Уладзіміравіч, генерал-маёр, сёння яму ўручылі пагоны генерал-лейтэнанта» (гэта адбылося ў Палацы незалежнасці на ўрачыстай цырымоніі 30 кастрычніка), піша Tut.by.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

У пачатку запісу гавораць пра расейскі пісталет Ярыгіна, які беларускія сілавікі нібыта атрымалі на ўзбраенне. Мяркуючы з гукаў у запісе, пісталет чалавек трымае ў руцэ і дэманструе, як ён працуе. Акрамя таго, той жа чалавек згадвае Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня.

– Атрымалі мы, я скажу, вельмі магутную зброю на ўзбраенне. Атрымліваецца, расейскі пісталет Ярыгіна ў іх ёсць, за аснову яны яго ўзялі. Яны, натуральна, расяяне, хацелі скапіяваць швейцарскі «SIG Sauer» і зрабілі пісталет Ярыгіна. Вось у такім вось становішчы, здаецца, што на засцерагальніку, але для таго, каб было на засцерагальніку, гэта проста [далей неразборліва], усім прыйдзецца рана ці позна. Гібрыдная вайна не канчаецца, карыстацца давядзецца ўсім, трэба зрабіць маленькі перадузвод, ставім на перадузвод, і вось, атрымліваецца, і ён сам ставіцца на засцерагальнік.

І нават калі, атрымліваецца, узяць зараджаным… Не трэба, не страляе, то ён на засцерагальніку стаіць. А калі, атрымліваецца, разрадзіць адпаведна… Было адчуванне, што можа быць наагул гэта траўматычная зброя.

Мы, атрымліваецца, узялі ўчора скрынку кардонную. У чатыры шэрагі яе склалі, паставілі на крэсла, [кажа нешта неразборліва] атрымліваецца, узялі і выпрабавалі. Атрымліваецца, кардонная скрынка наскрозь і крэсла наскрозь, атрымліваецца, і зразумела, чаго памёр гэты п’яніца і дэбіл, як яго?

[У гэты момант на запісе чутныя іншыя галасы: «Тарайкоўскі».]

– Так, Тарайкоўскі, так, пʼяніца і дэбіл. Ён памёр, вядома, ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі. Ён стаяў там у майцы, і, я думаю, што з адваротнага боку майкі яна не захрасне.

Развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім, загінулым падчас пратэстаў у Менску, Беларусь. 15 жніўня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Прыйшоў час, калі, атрымліваецца, ніводны працаўнік праваахоўных органаў, нават, атрымліваецца, амапавец не павінен выходзіць на масавыя закалоты, не маючы з сабой агнявой зброі. Таму прыйшоў іншы час. Час, атрымліваецца, жорсткіх дзеянняў з аглядкаю на, скажам так, палітычныя моманты, бо мы, атрымліваецца, – краіна, інтэграваная ў сусветную супольнасць і абавязаная выконваць шэраг пэўных дзеянняў, каб мы не выглядалі як ізгоі. Вось гэты час скончыцца. Настаў іншы час, і гэта час, атрымліваецца, патрабуе больш маладых, больш рашучых людзей, якія пераступілі праз сябе.

Ствараецца база звестак і лагер для адсялення

«Прэзідэнт сказаў яшчэ, што да снежня з усімі гэтымі момантамі, якія на вуліцы ёсць, трэба разабрацца і разабрацца жорстка. Усім усё патлумачылі, прапанаваная Канстытуцыя. Ён таксама сказаў, што ён на наступны тэрмін не будзе абірацца. Па-простаму, па-чалавечы, па-мужчынску казаў. [Прэзідэнт казаў.] Я ведаю, што калі я цяпер, атрымліваецца, паддамся на гэтыя ўгаворы і пайду, ім усім канец, іх проста знішчаць, знішчаць і многіх тут прысутных у зале. Будуць рабіць люстрацыі, будуць рабіць здзекі. Усё, што напісана: што прыйдзем, усё паломім – гэта ўсё ажыццявіцца. Што ГУБАЗ расфармуюць, унутраныя войскі расфармуюць, АМАП паставяць на калені, зняважыць і гэтак далей, і многіх іншых, каго толькі яны палічаць. Таму сказана навесці парадак, і парадак будзе наведзены. Вось устаноўкі кіраўніка дзяржавы. Каб было, атрымліваецца, камандзіры давялі і паставілі задачу – вось яно: нам далі зброю ў рукі, яна ў нас ёсць.

Пратэсты ў Беларусі. Жнівень–верасень 2020 года. Фота: Леся Пчолка

Ствараецца база звестак. У гэтай базе, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных, такі для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Два памяшканні зрабіць: топка – паверх, кармілі – паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца.

Кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане ўжывання зброі. Па-варʼяцку, кажа, адразу, вядома, са зброі лупіць не трэба. Трэба, кажа, даць чалавеку шанец у гэтай сітуацыі, каб ён усвядоміў. Але, а калі няма, тады, атрымліваецца, ужо секануць, так секануць! Бо час такі, не каляровая рэвалюцыя – гібрыдная вайна», – кажа голас на запісы.

«Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні». Што трэба ведаць пра суды ў крымінальных палітычных справах

ІК, belsat.eu

Hавiны