Лукашэнка рыхтуецца да наступу Украіны? Што значаць «зубы цмока» і перадыслакацыя самалётаў


Расейскія самалёты адляцелі з Баранавічаў у Мачулішчы, а на Гомельшчыне з’явіліся «зубы цмока». Што гэта значыць, «Белсат» у «Студыі» абмеркаваў з украінскім вайсковым экспертам, былым спікерам Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны Уладзіславам Селязнёвым.

У Беларусі ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне рэгулярна бачныя трывожныя сігналы: можа здацца, што Беларусь ці то рыхтуецца напоўніцу ўступіць у вайну, ці то рыхтуецца да ўкраінскага наступу на сваю тэрыторыю. Гэтак, на Гомельшчыне за 20 кіламетраў ад мяжы з Украінаю нядаўна з’явілася лінія супрацьтанкавых умацаванняў – «зубоў цмока».

«Мне часам здаецца, што беларускі дыктатар баіцца ўжо ўласнага ценю, – каментуе гэта Уладзіслаў Селязнёў. – Тыя захады, якія ў цяперашні час ён прымае, – яны абсалютна бессэнсоўныя з ваеннага гледзішча».

«Відавочна, што «зубы цмока» наўрад ці спыняць сучасныя артылерыйскія высокадакладныя боепрыпасы ці высокадакладныя далёкабойныя ракеты, – працягвае ён. – Тым не менш рэсурсы з беларускага бюджэту трацяцца і на такія зусім не рацыянальныя з ваеннага гледзішча, але даволі дарагія захады. Ну, капае ён акопы ці стварае нейкія засечныя рысы або ўсталёўвае гэтыя бетонныя загароды – хай займаецца гэтым.

Магчыма, такім чынам ён спрабуе кансалідаваць беларускае грамадства – маўляў, будзьце гатовыя, мае суграмадзяне, да таго, што Беларусь у небяспецы, аднекуль можа вораг напасці. Хоць цалкам відавочна, што ўкраінская армія занятая цяпер зусім іншымі пытаннямі і рэалізуе іншыя задачы. Нам важна аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласць у межах 1991 года, адваяваць усе нашыя тэрыторыі і вызваліць іх ад пуцінскіх акупантаў».

Аналітыка
«Прэлюдыя да контрнаступлення». Што цяпер адбываецца пад Бахмутам
2023.05.17 14:06

Аляксандра Лукашэнкі не было відаць амаль тыдзень пасля 9 траўня, і не паспеў ён ачуняць, як пачаў паўтараць антыўкраінскую рыторыку Крамля. На думку Селязнёва, Лукашэнка спрабуе змяніць парадак дня: усе абмяркоўваюць ягонае здароўе, а ён робіць спрэчныя заявы, каб абмяркоўвалі іх, а не здароўе. Эксперт перакананы, што перлы Лукашэнкі характарызуюць яго як чалавека, якому «не даюць спакою лаўры нябожчыка Жырыноўскага».

Telegram-канал «Беларускі Гаюн» заўважаў таксама перамяшчэнне з Баранавічаў у Мачулішчы 10 расейскіх самалётаў-знішчальнікаў. Селязнёў мяркуе: генералы беларускага войска разумеюць, што Украіна нядаўна атрымала далёкабойныя ракеты. Каб захаваць тую авіяцыю, якая цяпер у «пагрозлівай блізкасці», знішчальнікі адсунулі на поўнач – для баявых задачаў такім самалётам розніца на пару дзясяткаў ці сотняў кіламетраў непрынцыповая, а для захавання бяспекі самалётаў на зямлі розніца можа быць значнай.

Селязнёў таксама падкрэслівае, што Украіна не выношвае агрэсіўных планаў адносна Беларусі: для Украіны важна прыкрыць дзяржаўную мяжу з Беларуссю і не дапусціць паўтарэння сцэнара лютага 2022 года, калі з тэрыторыі Беларусі атакавалі расейскія войскі, нягледзячы на ўсе абяцанні Лукашэнкі.

Акрамя таго, Лукашэнка казаў, што паведамленні пра контрнаступ Украіны – гэта дэзынфармацыя, бо «ваяваць адзін да пяці па тэхніцы і жывой сіле – гэта вар’яцтва». Селязнёў усміхаецца: гэта фантазіі Лукашэнкі, бо камплект сілаў і сродкаў украінскага войска – дзяржаўная таямніца, дый арыентавацца выключна на колькасць не варта, а варта глядзець на ўзровень тэхнічнага забеспячэння зброяй і снарадамі.

Суразмоўца таксама звяртае ўвагу на малавядомы факт: тры месяцы таму ў Нямеччыне на адной з вайсковых базаў праходзілі працяглыя камандна-штабныя вучэнні і камп’ютарнае мадэляванне ўкраінскага наступу: адпрацоўвалі ўсе дэталі таго, як задзейнічаць сілы і сродкі, каб наступ Украіны быў максімальна эфектыўным і прывёў да дэакупацыі ўсёй тэрыторыі. І ўкраінскія публічныя асобы, і заходнія эксперты кажуць, што Украіне гэта пад сілу.

Аналітыка
«Patriot» супраць «Кінжалаў». Хто перамагае ў ракетнай вайне ва Украіне?
2023.05.18 20:10

belsat.eu

Стужка навінаў