Лукашэнка назваў украінскі контрнаступ дэзынфармацыяй


За мінулыя содні расейскія войскі абстралялі 15 вобласцяў Украіны. Сітуацыйны цэнтр Мінабароны Украіны паведамляе, што расейцы выкарыстоўвалі розныя віды ўзбраення: аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы, беспілотнікі, тактычную і стратэгічную авіяцыю, а таксама караблі Чарнаморскага флоту. Ёсць забітыя.

Асабліва гучна гэтай ноччу было ў Кіеве. Абломкі ад крылатых ракетаў прывялі да пажараў на ўсходзе ўкраінскай сталіцы. І ўсё ж большасць выпушчаных крылатых ракетаў удалося збіць – 29 з 30.

«Усе ракеты знішчаны, якія ішлі на Кіеў. Таму ўжо практычна стопрацэнтны КПД сістэм, якія затуляюць сталіцу. Будзем яго распаўсюджваць на ўсю краіну. Але для гэтага патрэбна вялікая колькасць зенітна-ракетных комплексаў», – кажа палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

«Калібрамі» і «Іскандэрамі» расейскія войскі атакавалі Адэсу. Украінская сістэма супрацьпаветранай абароны здолела знішчыць восем ракетаў. Аднак абломкі дзвюх з іх упалі проста ў горадзе. Не абышлося без ахвяраў.

«Падчас паветранага бою дзве з ракетаў, якія былі збітыя над прамысловаю зонаю, сваймі абломкамі пашкодзілі прамысловыя аб‘екты. У прыватнасці, складскія памяшканні некаторых прадпрыемстваў, дзе ў выніку разбурэнняў пацярпелі людзі. Адзін чалавек загінуў. Двое атрымалі раненні», – заявіла прадстаўніца паўднёвага ваеннага камандавання Украіны Наталля Гумянюк.

Ёсць ахвяры і ў Херсонскай вобласці. Паводле мясцовых уладаў у выніку абстрэлаў загінулі трое мірных жыхароў і яшчэ восем – атрымалі раненні. На думку палкоўніка запасу Збройных сілаў Украіны Рамана Світана, актыўныя абстрэлы за апошнія некалькі содняў – гэта спроба схіліць Украіну да перамоваў паводле мірнага плану Кітаю.

Самыя жорсткія баі працягваюцца ў Бахмуце. Нямецкае выданне Bild паведаміла, што горад на 99 адсоткаў захоплены байцамі ПВК Вагнэра. Але, як сцвярджае прадстаўнік усходняй групоўкі ЗСУ Сяргей Чэрэваты, украінскія вайскоўцы паступова прасоўваюцца на гэтым кірунку. За содні яны здолелі адваяваць 1700 метраў.

«Цяпер вагнэраўцы, застаючыся ў горадзе, і спрабуючы ўтрымаць свае пазіцыі, аказваюцца фактычна, ну могуць апынуцца ў бліжэйшы час, у поўным акружэнні. Чаму істэрыка ў Прыгожына? Калі ён сыдзе з гораду, тады яго абвінавацяць у тым, што ён не выканаў сваю задачу. А ён яе выканаць не можа проста фізічна», – сцвярджае генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.

Паралельна з актыўнымі баямі на фронце, на часова акупаваных тэрыторыях Украіны адбываюцца дыверсіі. Гэтак, сёння недалёка ад Бахчысараю ў Сімферопальскім раёне на чыгунцы адбыўся выбух. З каляінаў сышло некалькі вагонаў цягніка са збожжам.

«Акупанту будзе горача на нашай зямлі. Крым – гэта Украіна!», – заявіў вайсковы эксперт, кіраўнік праграм бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук.

Пакуль жа не дае веры ў магчымы контрнаступ галоўны хаўруснік Пуціна ў вайне – Лукашэнка: «Павінен сказаць, самая вялікая дэзынфармацыя гэта гэтае контрнаступленне. Ніякага контрнаступу, з майго пункта гледжання, няма і быць не можа. Гэта проста вар‘яцтва! Вар’яцтва!»

Але пры гэтым назіраецца ратацыя вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», з Баранавічаў на аэрадром у Мачулішчы перакінулі 10 знішчальнікаў паветрана-касмічных сілаў Расеі. А на Гомельшчыне за 20 кіламетраў ад мяжы з Украінаю з’явілася лінія супрацьтанкавых умацаванняў – «зубы дракона».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»