Генерал ЗСУ Наеў: Расея перакінула ў Беларусь толькі носьбіты ядравай зброі


Расея перакінула ў Беларусь пакуль толькі носьбіты ядравай зброі, самой ядравай зброі яшчэ няма і невядома, ці будзе яна ўвогуле перададзеная. Пра гэта агенцтву «Укрінформ» паведаміў камандуючы абʼяднанымі сіламі ЗСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

Сяргей Наеў.
Фота: «Укрінформ» / ukrinform.ua

6 чэрвеня камандуючы абʼяднанымі сіламі ЗСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў пракаментаваў у інтэрвʼю агенцтву «Укрінформ» расейскія планы перакінуць у Беларусь ядравую зброю і правесці ратацыю расейскіх войскаў, раней дыслакаваных у Беларусі.

Украінскі генерал падкрэсліў, што ЗСУ адзначаюць пэўныя дзеянні Расеі, звязаныя з магчымым размяшчэннем ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым украінскія вайскоўцы «поўнасцю валодаюць абстаноўкай і прымаюць адпаведныя адэкватныя захады для зніжэння рызыкаў».

«Было ажыццёўленае перакідванне носьбітаў такіх сродкаў, а што тычыцца непасрэдна ядравай зброі, яны заяўлялі, што такое будзе адбывацца. Станам на цяперашні момант гэта не адзначана, але гэта не значыць, што гэта не можа адбыцца ў найбліжэйшай перспектыве», – сказаў Сяргей Наеў.

Датычна дыслакацыі расейскіх войскаў у Беларусі ўкраінскі камандуючы расказаў, што цяпер на беларускай тэрыторыі засталося каля 500 расейскіх вайскоўцаў, астатніх накіравалі ваяваць на ўсход Украіны. Адбываецца ратацыя, чакаецца прыезд новай партыі мабілізаваных расейцаў.

«На тэрыторыі Беларусі размяшчаецца расейская групоўка войскаў, якая перамяшчаецца з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Станам на цяперашні момант іх каля паўтысячы чалавек, і мы чакаем прыбыцця іншых падраздзяленняў, якія будуць рэфармаваныя ў новыя вайсковыя часці. Вораг губляе жывую сілу, яму неабходна аднаўляць свой баявы склад, і таму ён перамяшчае асабовы склад, асобныя ўзоры тэхнікі і рыхтуе на беларускіх палігонах будучыя вайсковыя часці УС РФ», – адзначыў Наеў.

Украінскі генерал тлумачыць перамяшчэнне вайсковага кантынгенту з Беларусі на ўсход Украіны тым, што там расейскім войскам бракуе сілаў. Праціўнік «праводзіць мерапрыемствы для ўвядзення новых мабілізаваных вайскоўцаў і пасля будзе ажыццяўляць іх падрыхтоўку». Пры гэтым у памежнай паласе Беларусі «колькасць сілаў і сродкаў не змянілася, застаецца пастаяннай».

Паводле ўкраінскіх крыніцаў, на 28 траўня колькасць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі зменшылася з прыблізна 11 тысячаў чалавек «да некалькіх тысячаў».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў