Берасцейскія дэсантнікі, якія былі на мяжы з Украінай, вяртаюцца на месца дыслакацыі


38-я Берасцейская дэсантна-штурмавая брыгада, якую ў межах раптоўнага правярання баявой гатовасці перакідвалі ў раён, памежны з Украінай, вяртаецца на месца дыслакацыі. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» са спасылкай на Міністэрства абароны.

«Беларускі Гаюн» адзначае, што раптоўнае правяранне баявой гатовасці Узброеных сілаў Беларусі працягваецца. Падраздзяленні 7-га танкавага батальёну 11-й механізаванай брыгады 14 снежня фарсіравалі Нёман і, хутчэй за ўсё, «сваім ходам» ужо дабраліся на палігон Гожскі ў Гарадзенскім раёне, дзе распачалі выкананне вучэбна-баявых задачаў.

Увечары 14 снежня ў Барысаўскім раёне заўважылі калону БМП-2 (19-я асобная механізаваная брыгада), якая накіроўвалася да агульнавайсковага палігону Барысаўскі.

Між тым 38-я Берасцейская дэсантна-штурмавая брыгада вяртаецца з усходняй мяжы на месца пастаяннай дыслакацыі. Фотаздымкі калоны вайсковай тэхнікі былі апублікаваныя Міністэрствам абароны РБ.

Раптоўнае правяранне баявой гатовасці было абвешчанае на даручэнне Лукашэнкі 13 снежня. Вучэнні носяць комплексны характар. Вайсковыя падраздзяленні аператыўна перасоўваюцца ў вызначаныя раёны, наладжваюць іх ахову і абарону, наводзяць пераправы праз Нёман і Бярэзіну.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў