Падчас стральбы па аўтобусе ля Сцяны плачу ў Іерусаліме параненыя восем асобаў


У ноч на 14 жніўня ўзброены чалавек распачаў стральбу па аўтобусе каля Сцяны плачу ў Іерусаліме. Раненні атрымалі прынамсі восем асобаў, паведамляе ВВС са спасылкай на ўлады Ізраілю.

У ноч на 14 жніўня невядомы распачаў стральбу па рэйсавым аўтобусе ў Іерусаліме.
Фота: Ammar Awad/Reuters

Напад на аўтобус адбыўся а 01:24 мясцовага часу, калі вернікі вярталіся з малітвы каля Сцяны плачу.

«Мы спусцілі пандус для чалавека на інвалідным вазку, а потым пачалася стральба. Усе пачалі крычаць і ўпалі на падлогу. Я паспрабаваў з’ехаць, але аўтобус не можа рухацца з адкрытым пандусам», – распавёў журналістам кіроўца аўтобуса Дэніэл Канеўскі.

Падазраваны ў нападзе 27-гадовы палестынец з Усходняга Іерусаліму спачатку ўцёк, але пазней сам здаўся ўладам, паведамляюць мясцовыя СМІ. Ізраільская паліцыя пакуль не пацвердзіла, што менавіта гэты чалавек страляў.

Hавiны
Выбуховы сектар Газа. У чым карані рэгулярных абвастрэнняў?
2022.08.08 16:49

Праваахоўныя органы Ізраілю кваліфікуюць напад як тэракт. Прэм’ер-міністр Ізраілю Яір Ляпід падкрэсліў у каментары ВВС, што датычныя да нападу «заплацяць за шкоду, нанесеную мірным жыхарам».

Двое параненых застаюцца ў крытычным стане, у тым ліку – цяжарная жанчына. Ёй тэрмінова зрабілі кесарава сячэнне, дзіця выжыла, яно ў цяжкім, але стабільным стане.

Інцыдэнт адбыўся праз тыдзень пасля ўзброенай аперацыі Ізраілю ў сектары Газа, у выніку якой там былі забітыя 47 асобаў.

Hавiны
Ізраіль і «Ісламскі джыхад» абвясцілі перамір’е
2022.08.08 09:59

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў